На выставе ў галерэі ў подпісе да карціны Суцін раней быў пазначаны проста як «расеец». Мастак нарадзіўся ў 1893 годзе ў Сьмілавічах у Беларусі, якая на той час была часткай расейскай імпэрыі. Суцін вучыўся ў Менску і Вільні, а большую частку жыцьця ён правёў у Францыі, куды перабраўся ў 1913 годзе.
Дзяніс Баранаў, беларус, які жыве ў ЗША, наведаў выставу ў лютым і зьвярнуў увагу куратараў на неадпаведны подпіс. Цяпер подпіс памянялі, пазначыўшы, што Суцін — гэта францускі мастак, які нарадзіўся ў тагачаснай «Расеі» там, дзе цяпер Беларусь.
Раней Беларуская рада культуры заклікала дасылаць прыклады некарэктных подпісаў, якімі замежныя пляцоўкі пазначаюць мастакоў, народжаных у Беларусі, каб дабівацца выпраўленьня.