Рамана Галузу абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве). Падрабязнасьці справы невядомыя. Справу будзе разглядаць Алена Шылько, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».
Вядома, што 19 ліпеня 2022 году Раман прыехаў у Беларусь і зьнік: пра ягонае месцазнаходжаньне нічога не было вядома, а пошукава-выратавальны атрад «Паўднёвы Захад» абвясьціў яго пошукі. Пазьней стала вядома, што Галуза жывы і яго месцазнаходжаньне ўстанавілі. Знаёмы Рамана ў сацсетках напісаў, што той у СІЗА КДБ.
У Польшчы Галуза скончыў унівэрсытэт, атрымаў грамадзянства, займаўся валянтэрствам — у тым ліку дапамагаў беларускім уцекачам. Паводле яго знаёмага, затрыманьне Рамана магло быць загадзя сплянаванае беларускімі сілавікамі.
Цяпер яму пагражае да 15 гадоў калёніі.
Каго і як у Беларусі перасьледуюць за «здраду дзяржаве»
У Беларусі паводле артыкулу 356 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве) пад перасьледам па палітычных матывах знаходзяцца сама меней 55 чалавек (паводле зьвестак праваабаронцаў на 8 лютага 2024 году).
Паводле праваабаронцаў, улады актыўна выкарыстоўваюць гэты артыкул у барацьбе з тымі, хто выступае супраць палітыкі Лукашэнкі. За апошнія 2 гады адбылося значнае пашырэньне артыкула і яго прымяненьне. Па «здрадніцкім» артыкуле пад перасьлед трапілі незалежныя журналісты, фігуранты справы «Рабочага руху», былыя сілавікі і вайскоўцы, сьвятар, музыка, бізнэсоўца, айцішнік, культурніцкі мэнэджар і інш. Сярод іх:
- капітан Генштабу Ўзброеных сіл Дзяніс Урад (18 гадоў калёніі);
- былы падпалкоўнік КДБ Аляксей Храловіч (10 гадоў калёніі);
- мэдыямэнэджар Андрэй Аляксандраў і ягоная жонка Ірына Злобіна (14 і 9 гадоў калёніі адпаведна);
- незалежныя журналісты Кацярына Бахвалава (Андрэева) (8 гадоў калёніі) і Дзяніс Івашын (13 гадоў і 1 месяц калёніі);
- апазыцыянэр Мікалай Аўтуховіч (25 гадоў калёніі);
- 10 фігурантаў «справы Рабочага руху» (ад 11 да 15 гадоў калёніі);
- культурніцкі мэнэджар Павал Белавус (13 гадоў калёніі);
- «рэйкавыя партызаны» Дзьмітры Равіч, Дзяніс Дзікун, Алег Малчанаў, Дзьмітры Клімаў, Уладзімер Аўрамцаў (ад 21 да 23 гадоў калёніі);
- айцішнік Дзьмітры Маставы (10 гадоў калёніі);
- музыка-бубнач Яўген Глушкоў (9 гадоў калёніі);
- былы вайсковец Павал Кучынскі (19 гадоў калёніі);
- бізнэсоўца і заснавальнік візавага цэнтру Гішпаніі ў Менску Руслан Лабанок (11 гадоў калёніі);
- начальнік цэху «Гомсельмаш» Уладзіслаў Пудзяк (прысуд невядомы);
- былы супрацоўнік МЗС Аляксандар Сакалоўскі (10 гадоў калёніі);
- дальнабойнік і былы супрацоўнік лідзкай аховы Валер Троцкі (12 гадоў калёніі);
- былы начальнік службы паветранай выведкі Валер Раманоўскі (прысуд невядомы);
- былы галоўны лекар санаторыя «Беларусь» у Літве Андрэй Кобель (прысуд невядомы).
Завочна ў парадку спэцыяльнага вядзеньня ў Беларусі за «здраду дзяржаве» асудзілі лідарку беларускіх дэмакратычных сілаў Сьвятлану Ціханоўскую (на 15 гадоў зьняволеньня) і былога афіцэра ГУБАЗіКа Станіслава Лупаносава — да 18 гадоў. Цяпер па «справе BYPOL» судзяць, у тым ліку за «здраду дзяржаве» Аляксандра Азарава.
Яшчэ сама меней дзясятак чалавек пакуль знаходзяцца пад вартай у чаканьні прысуду. Сярод іх — палітоляг і аналітык Андрэй Паротнікаў і ксёндз з Валожына Генрых Акалатовіч.