Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне паведамілі аб заканчэньні абмежаваньняў на пастаўкі беларускай прадукцыі з сталі, але гандаль спынены


Вытворчасьць Беларускага мэталюргічнага заводу. Ілюстрацыйнае фота
Вытворчасьць Беларускага мэталюргічнага заводу. Ілюстрацыйнае фота

У той жа час гэтае рашэньне не азначае аднаўленьня гандлю зь Беларусьсю.

Міжведамасная камісія Ўкраіны ў пытаньнях міжнароднага гандлю паведаміла аб заканчэньні тэрміну прымяненьня антыдэмпінгавых абмежаваньняў на пастаўкі прутоў з вугляродзістай і легіраванай сталі беларускай і малдоўскай вытворчасьці.

У той жа час гэтае рашэньне не азначае аднаўленьня гандлю зь Беларусьсю.

У сьнежні 2019 году па выніках антыдэмпінгавага расьсьледаваньня ў сувязі зь «нядобрасумленнымі» пастаўкамі зь Беларусі і Малдовы Ўкраіна ўвяла дадатковыя мыты ў памеры 13,8% на прадукцыю са сталі для Малдаўскага мэталюргічнага заводу і 35,37% — для іншых экспартэраў з Малдовы. Стаўку мыта на прадукцыю Беларускага мэталюргічнага заводу вызначылі на ўзроўні 0%.

Расьсьледаваньне ў 2018 годзе ініцыявала ўкраінскае прадпрыемства «ArcelorMittal Кривий Ріг». Кампанія цягам 2020 году спрабавала абскардзіць у судзе «нулявыя» стаўкі антыдэмпінгавага мыта на беларускую прадукцыю, але суд так і не перагледзеў рашэньня Міжведамаснай камісіі Ўкраіны ў пытаньнях міжнароднага гандлю.

Летась Міжведамасная камісія Ўкраіны ў пытаньнях міжнароднага гандлю паведаміла, што ня будзе працягваць тэрмін дзеяньня абмежавальных захадаў на пастаўкі беларускага цэмэнту на ўкраінскі рынак. Яны спыняць сваё дзеяньне сёлета 27 чэрвеня.

Трэцяга сакавіка 2024 году заканчваецца тэрмін дзеяньня антыдэмпінгавых захадаў датычна харчовай солі вытворчасьці «Мазырсоль» і электралямпачак Берасьцейскага электралямпавага заводу.

Якая прадукцыя ўсё яшчэ знаходзіцца пад абмежаваньнямі ва Ўкраіне

З 23 студзеня 2022 году Міжведамасная камісія Ўкраіны ў пытаньнях міжнароднага гандлю ўвяла на пяць гадоў мыта памерам 45,14% на пастаўкі ва Ўкраіну драўнянастружкавых плітаў зь Беларусі, а крухмал з бульбы — у памеры 23,8% ад мытнай вартасьці пастаўкі.

У сьнежні 2021-га Ўкраіна на 5 гадоў увяла антыдэмпінгавае мыта на імпарт цеплаізаляцыйных матэрыялаў зь Беларусі. У прыватнасьці, для вытворчага акцыянэрнага таварыства «Гомельбудматэрыялы» і іншых беларускіх вытворцаў і пастаўшчыкоў будзе дзейнічаць мыта ў памеры 35,41%.

У 2021 годзе на тры гады падоўжылі абмежаваньні на пастаўкі сернай кіслаты і олеўму, якія традыцыйна набываліся на трох найбуйнейшых хімічных прадпрыемствах Беларусі — Гомельскім хімічным заводзе, наваполацкім «Нафтане» і «Гродна Азоце». Адпаведныя абмежаваньні былі ўведзеныя з 1 верасьня 2018 году.

З 26 сакавіка 2020 году набыло моц рашэньне Ўкраіны аб увядзеньні антыдэмпінгавага мыта на пастаўкі зь Беларусі будаўнічых блёкаў зь цеплаізаляцыйнага бэтону ў памеры 34,19% ад мытнага кошту прадукцыі. У траўні 2020 году Ўкраіна абклала пастаўкі беларускіх запалак на ўкраінскі рынак антыдэмпінгавым мытам у памеры 21,32%.

У траўні 2020-га Міжведамасная камісія Ўкраіны ў пытаньнях міжнароднага гандлю абмежавала пастаўкі беларускіх запалак на ўкраінскі рынак антыдэмпінгавым мытам у памеры 21,32%.

У лістападзе 2020 году Ўкраіна ў адказ на «дыскрымінацыйныя дзеяньні Беларусі» (увядзеньне забароны і абмежаваньня паставак ва Ўкраіну адходаў чорных мэталяў) абмежавала мытам у памеры 16,08% ад мытнай вартасьці пастаўкі сталёвых прутоў зь Беларусі. Гэтыя абмежаваньні Ўкраіна абяцае зьняць толькі пасьля скасаваньня адпаведных забаронаў на пастаўку лому чорных мэталяў ва Ўкраіну.

Афіцыйнага гандлю няма, хоць ён і магчымы

Украіна спыніла гандаль зь Беларусьсю пасьля таго, як Аляксандар Лукашэнка падтрымаў расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну і дазволіў з 24 лютага 2022 году скарыстаць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч мірных украінцаў.

У першыя дні поўнамаштабнай вайны ўрад Украіны пастанавіў закрыць усе памежныя пункты зь Беларусьсю. Пасьля адыходу расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай абласьцей між краінамі працуе толькі адзін пункт пропуску — у Валынскай вобласьці. Празь яго ва Ўкраіну вяртаюцца ўкраінцы, якіх незаконна вывезьлі ў Расею.

У той жа час урад Украіны не забараняў гандалю зь Беларусьсю, як гэта было зроблена ў дачыненьні да Расеі. Юрысты, якія знаюцца на міжнародным гандлі, таксама зьвяртаюць увагу на тое, што паміж Беларусьсю і Ўкраінай дагэтуль дзейнічае пагадненьне аб свабодным гандлі, згодна зь якім беларуская прадукцыя пастаўлялася ва Ўкраіну бяз мыта. І гэтая норма будзе дзейнічаць у выпадку паставак беларускай прадукцыі праз трэція краіны, з выняткам прадукцыі, супраць якой уведзена антыдэмпінгавае мыта.

«Беларускую прадукцыю можна завозіць праз трэція краіны, хоць лягістыка больш складаная. Ёсьць хутчэй этычныя моманты, таму шмат украінскіх кампаніяў адмовіліся ад беларускіх тавараў. Але юрыдычнай забароны няма», — казала Свабодзе адвакат юрыдычнай кампаніі «Ілляшев та Партнери» Алена Амельчанка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG