Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заяц у воўчай шкуры. Ці нясуць Літве пагрозу беларусы, якія ўцяклі ад Лукашэнкі


Беларусы на ўшанаваньне памяці паўстанцаў 1863-га. У цэнтры Сьвятлана Ціханоўская. Вільня, 21 студзеня 2024
Беларусы на ўшанаваньне памяці паўстанцаў 1863-га. У цэнтры Сьвятлана Ціханоўская. Вільня, 21 студзеня 2024

Стварэньне нэгатыўнага вобразу беларусаў, якія былі вымушаныя пераехаць у Літву, — гэта падступная апэрацыя Крамля і ягонага менскага сатэліта з адной мэтай: зрабіць зь беларусаў у вачах літоўцаў «страшылку» і тым самым адцягнуць увагу ад сапраўдных пагроз.

Пазытыўны вэктар разьвіцьця

Адзінае глябальнае суцяшэньне пасярод сёньняшняй вайны і тыраніі я знаходзіў для сябе ў тым, што Беларусь ніколі ў гісторыі не была так блізка аточаная дэмакратыямі. Чатыры нашы краіны-суседкі (зь пяці) — яшчэ ўчора такія самыя савецкія ці сацыялістычныя рэспублікі (калі ўлічыць, што і Ўкраіна бароніць сваю дэмакратыю) — быццам дарожны знак, які паказвае, куды рухаецца сьвет у гэтым рэгіёне плянэты, такі сабе пазытыўны вэктар разьвіцьця. Беларусь цяпер захопленая чужымі інтарэсамі, але калі яна верне сваю ўласную беларускую суб’ектнасьць, вось куды і яна таксама непазьбежна рушыць.

Сёньня гэтае суцяшэньне выглядае не такім пераканаўчым, як у 2020 годзе, калі бомбы яшчэ не паляцелі на Кіеў. Галоўнае — ці ня рынецца Пуцін на нашых дэмакратычных суседак, як рынуўся на Ўкраіну? А яшчэ ці не паддадуцца дэмакратыі ў такой сытуацыі на лукашэнкаўска-пуцінскую гульню бяз правілаў — на заніжэньне стандартаў, пераход «чырвоных лініяў», на «иногда не до законов». Ці не пяройме цывілізаваны сьвет паводзіны барбараў, калі зьнікаюць межы прыватнасьці і правы чалавека, калі дзеля якіх заўгодна прычын дапускаюцца таталітарныя практыкі?

На вайне як на вайне, вядома. І, натуральна, ты мусіш адэкватна адказваць на агрэсію. Але ўсё страчвае сэнс, калі ты адказваеш тым, што ператвараесься ў агрэсара сам.

Палітычная нацыя

У літоўскім мэдыя мне сустрэлася гратэскавая характарыстыка беларусаў, якія апынуліся ў Літве: маўляў, беларусы не палітычная нацыя, мэнтальна тыя ж расейцы і ўвогуле — суцэльны «русский мир». А яшчэ яны пятая калёна і найбольшая пагроза бясьпецы Літвы. Яны могуць у выпадку расейскага ўварваньня павярнуць зброю супраць літоўцаў.

Аўтар — вядомы сатырык і выступае на высокай эмацыйнай ноце, але тут яўна заходзіць не на сваю тэрыторыю. Наўрад ці ён ведае, што «пятая калёна» — улюбёны выраз Лукашэнкі ў адрас беларускіх («сьвядомых», як ён любіць зьдзекліва казаць) беларусаў. Тых самых, хто сёньня ў турмах, у падпольлі і ў Літве таксама. Мэтафара тут такая: у будынку КДБ у Менску, сымбалі дэспатызму, — чатыры калёны, пятай няма і ня можа быць. Гэтак міжволі дэмакратычны сатырык і таталітарны правіцель называюць небясьпекай для сябе адных і тых людзей. На пытаньне, супраць каго гэтыя людзі могуць «павярнуць зброю», на справе адказваюць сотні байцоў палка Каліноўскага, якія ваююць і аддаюць жыцьці за Ўкраіну, за дэмакратыю. Між іншым, літоўская дэмакратыя ім ніяк ня менш дарагая, бо дэмакратыя адна.

Ці ёсьць беларуская палітычная нацыя? Мне даводзілася здымаць тэксты з вулічных стрымаў 2020 году, сотні людзкіх галасоў. На мільённых бел-чырвона-белых маршах таго году найчасьцей я чуў ад удзельнікаў: «Мы нацыя!» Для многіх гэта было адкрыцьцё і сьцьверджаньне. Многія зь іх цяпер ці ў турме, ці ў падпольлі, ці ў эміграцыі па ўсім сьвеце.

Сам сабе думаю: калі мы не палітычная нацыя, дык ад чыйго імя выступае перад сусьветнымі лідэрамі, у ПАРЭ і ААН Сьвятлана Ціханоўская? І ад чыйго імя яе слухаюць?

Наконт таго, што мы тыя самыя «русские», толькі назваліся беларусамі... Думаю пра гэта ўсё жыцьцё, і кожнага разу не сыходзіцца, надта шмат аргумэнтаў супраць: і лёс гістарычны, бадай што «адваротны», і мова іншая, і мэнтальнасьць... Нават карова ў нас па-іншаму рыкае, чым у Расеі, таполя ня так шуміць на ветры. Але каб не нагрувашчваць аргумэнты, згадаю зусім нядаўняе інтэрвію слыннага польскага кінарэжысэра Кшыштафа Занусі:

«Я чакаў, што Беларусь блізкая па духу з Расеяй. Здавалася: людзі гавораць на расейскай мове, маюць звычаі, лад грамадзтва, падобны на расейскі, савецкі... Але потым я пачаў заўважаць дэталі і зразумеў, што памыляўся. Мне здаецца, што ў беларускім грамадзтве людзі больш незалежныя, чым у расейскім. Я адчуваю, што тут кожны чалавек мае сваю ўласную прастору. Так, беларусы адчуваюць сябе часткай вялікай супольнасьці, але пры гэтым у іх ёсьць больш індывідуальнай свабоды і самастойнасьці. Гэты ўзровень індывідуалізму, які мне блізкі, у Беларусі вышэйшы, чым у Расеі, на мой погляд».

Гэта, вядома ж, вельмі карэктнае выказваньне.

Справа Маціевіча

На жаль, мы ўсе — і беларусы, і літоўцы — замала гаворым адны з аднымі пра базавыя рэчы, якія нас аб’ядноўваюць. Напрыклад, пра тое, што беларусы, якія прыехалі ў Літву, зусім ня менш за літоўцаў нясуць асабістую адказнасьць за бясьпеку гэтай краіны. А як інакш? Мур на тваёй радзіме яшчэ не абваліўся, а тут ты прыехаў, а табе: «Хочаш свабоды, то бяры».

Месяц таму літоўскія і беларускія мэдыя абляцела гісторыя маёра міліцыі зь Ліды Аляксандра Маціевіча, які ў 2020-м удзельнічаў у рэпрэсіях рэжыму, а вось ужо больш за год жыве сабе ў Літве, займаецца ўстаноўкай вокнаў. Урэшце даведваемся, што Маціевіча пазбавілі дазволу на жыхарства і ён разам з жонкай хуценька вярнуўся ў Беларусь. Уласьніка кампаніі, дзе працаваў, былы міліцыянт пераконваў, што ў рэпрэсіях ня ўдзельнічаў.

З гэтага прыкладу робіцца выснова: калі такіх людзей будуць сотні і тысячы, то мы ў Літве сутыкнёмся з сур’ёзнай пагрозай нацыянальнай бясьпецы.

Эмацыйна з гэтым нельга не пагадзіцца, калі ўявіць сабе ня сотні і тысячы, а хоць бы двух такіх Маціевічаў, якія паводле азначэньня нясуць пагрозу як шрубкі рэпрэсіўнай машыны Лукашэнкі. Як той казаў, хто сам сябе сьцеражэ, таго й Бог беражэ. Але ні пра сотні, ні пра двух не чуваць. І сам гэты Маціевіч — з таго, што мы пра яго ведаем — выглядае як марсіянін, а ягоная гісторыя як памылка, бо пакідае зашмат пытаньняў.

Зь якога перапуду лукашэнкаўскі «красавец» едзе ў варожую для яго краіну ставіць вокны? Чаму ён ня ставіць іх на радзіме? І ці шмат, з улікам пераезду, ён выйграў у фінансах? Які наагул матыў ім кіруе? І чаму ягоны «ўдзел у задушэньні пратэстаў» нічым і нікім не пацьвярджаецца? Пры тым, што факты такога кшталту мы актыўна зьбіраем і публікуем. Апытваюцца сотні сьведак, у тым ліку зь Ліды. Можа быць, ёсьць доказы ягонай шпіёнскай дзейнасьці? Тады чаму ён спакойна паехаў у Беларусь, а не пайшоў пад суд? І як, цікава, яго сустрэлі ў Беларусі былыя сябры-таварышы? І куды ён урэшце падзеўся? Калі зусім без эмоцыяў, дык выглядае, што і сапраўды марсіянін.

Па сутнасьці, мы ведаем пра Маціевіча роўна столькі, каб зрабіць зь яго жупел, «страшылку», ня больш. І для мяне загадка, чаму гэтая рэальна важная і павучальная тэма зусім ніяк не была разьвітая — для таго, каб грамадзтва бачыла матывы і спосабы пранікненьня ў краіну непажаданых элемэнтаў і магло запабегчы памнажэньня такіх гісторыяў на сто і тысячу. У выніку застаўся страх, а ён ірацыянальны і не апісвае рэальных пагрозаў, не спрыяе бясьпецы краіны.

Зрэшты, Літва атрымала інфармацыю ў тым выглядзе, у якім атрымала, і адрэагавала так, як лічыла патрэбным і мусіла адрэагаваць. Першакрыніцай інфармацыі паўсюль называецца арганізацыя былых калег Маціевіча BelPol.

Словам, тэму хуценька згарнулі, беспрэцэдэнтны выпадак застаўся жупелам, а рэальныя пагрозы нацбясьпекі пайшлі на «абагульненьне».

Гэта яшчэ адзін прыём, які калісьці называлі «аглабельным», калі ацэнка асобаў рабілася ня з мэтай высьветліць іх рэальную пагрозу бясьпецы, а з мэтай пакараць паводле пэўнай групавой прыкметы. Пры гэтым сапраўдная бясьпека адыходзіла на задні плян. Напрыклад, каго зь беларусаў у Літве называць магчымай пагрозай бясьпецы краіны? 60% зь іх працавалі ў сыстэме ўнутраных спраў або ў дзяржаўных установах, каля 30% служылі ва ўзброеных сілах, да 10% працавалі ў вайсковай прамысловасьці або на іншых стратэгічных аб’ектах.

Тут важны момант, які трэба ўлічваць, — час. Да 2020 году ўсе названыя месцы працы ці службы былі досыць «вэгетарыянскім» варыянтам занятасьці. Пасьля 2020-га вялікая колькасьць такіх людзей звольнілася на знак пратэсту супраць фальсыфікацыі выбараў і масавага тэрору. Міліцыянты, вайскоўцы, судзьдзі, пракуроры, сьледчыя... Канкрэтныя гісторыі гэтых людзей, што апынуліся з правільнага боку барыкад, публікуе сайт праваабарончага цэнтру «Вясна». Хто зь іх не апынуўся ў турме, мусілі ўцякаць за мяжу, а цяпер могуць бумэрангам атрымаць за сваю колішнюю службу або працу. Ведаю прыклад, калі чалавеку адмовілі ў візе на той падставе, што нясе пагрозу нацыянальнай бясьпецы Літвы, бо калісьці працаваў у Інстытуце мовазнаўства Акадэміі навук Беларусі — у дзяржаўнай, як ні круці, установе!

Шматзначная статыстыка

Самы пашыраны жупел — гэта лічбы. У Літву прыехалі 60 тысяч беларусаў. І ўжо гэта нібыта павінна насьцярожваць. Бо сапраўды вялікая маса народу. Але прыгадваю, што 30 гадоў таму беларусаў у Літве было столькі ж, нават крыху болей. Памятаю, тады беларуская супольнасьць зь белай зайздрасьцю пазірала на Латвію, дзе беларусаў было больш за 200 тысяч.

Сёньня сытуацыя іншая. Калі даўнейшыя беларусы былі інтэграваныя і ўладкаваныя ў Літве і адзінае, да чаго імкнуліся, — захаваць сваю нацыянальную тоеснасьць, сёньняшнія збольшага толькі абжываюцца і ў Літве, і ў сваёй нацыянальнай тоеснасьці і глядзяць на літоўцаў як на прыклад у гэтай справе. У эўрапейскай і дэмакратычнай Літве яны ратуюцца ад лукашэнкаўскіх турмаў і зь вялікай удзячнасьцю ставяцца да літоўцаў, якія адказваюць ім чалавечным стаўленьнем. Прызнаюся, што за ўвесь мой немалы досьвед дачыненьняў беларусаў і літоўцаў іншых адносінаў я ня ведаў і не дапускаў, што яны могуць быць іншымі.

Ці вось яшчэ лічба. За мінулы год 684 тысячы грамадзян Літвы наведалі Беларусь. Ці ёсьць у гэтым небясьпека? Вядома, ёсьць, бо гаворка пра мяжу зь недружалюбным рэжымам, які ад самага пачатку ўчыняе Літве ўсякія паскудзтвы. Памятаю, яшчэ ў 1990-х Лукашэнка пагражаў спусьціць празь Нёман у Літву гной са сваіх кароўнікаў. Такі сабе сусед. Але што да лічбаў, дык асабіста я праз гэтую мяжу сваім ходам ежджу (езьдзіў) сорак гадоў. І ніколі ня бачыў чэргаў зь дзясяткаў і соцень этнічных літоўцаў, якія б масава ехалі ў Беларусь.

Трэба папросту ведаць, што ў 1980-я, 70-я, 60-я і далей углыб часоў моладзь з гістарычнай Віленшчыны ехала на працу і вучобу ня ў Менск, а ў Вільню. Тут яны абжываліся, сталі ў 1990-я грамадзянамі Літвы, але не забывалі ні дома роднага, ні пачастункаў з бацькоўскіх градаў. То бок, колькі памятаю гэтую мяжу, большасьць літоўцаў на ёй заўсёды складалі тыя выхадцы з памежных беларускіх раёнаў. Гэта яны штотыдзень ці часьцей наведваюцца туды-сюды ў свае беларускія фазэнды. Адсюль і такая лічба. Нічога новага ні колькасна, ні якасна.

Мова вайны

Літоўцы ня больш і ня менш канфліктныя за беларусаў. У цэлым увогуле не канфліктныя. Няма роду без выроду, вядома, але дзяржава, відавочна, спраўляецца з такім «выродам». Ёсьць яшчэ публічныя асобы, якія могуць падхопліваць хэйт з мэтай уласнай раскруткі, як тое адбылося зь «літвінізмам» і «літвіністамі», што напалохала як некаторых літоўцаў, так і беларусаў, якія ў большасьці сваёй адчулі ва ўсім гэтым шкодную правакацыю.

Трэба адрозьніваць старадаўнія словы «літвіны» і «літвінства» як палітонімы жыхароў Вялікага Княства Літоўскага ад сёньняшніх «літвіністаў» і «літвінізму» — яшчэ аднаго жупела прапаганды, які мае чыста расейскае паходжаньне, бо і запушчаны быў расейскімі прапагандыстамі ў кантэксьце даўно засвоенай імі мовы вайны. Тут якраз стаяла акрэсьленая задача — стварыць беларусам у Літве нэгатыўны вобраз, каб, па-першае, адпомсьціць тым праціўнікам «русского мира», да якіх не пасьпелі дацягнуцца рукі на радзіме. Каб самі літоўцы далі ім там дыхты, стварылі невыносныя ўмовы жыцьця. Па-другое, каб адцягнуць увагу літоўцаў ад рэальных пагрозаў, маецца на ўвазе патэнцыйнае расейскае ўварваньне. Толькі і выключна з гэтай мэтай быў прыдуманы «літвінізм», нібыта прэтэнзіі беларусаў на літоўскую гісторыю, тэрыторыю і ўсё, чым вызначаюцца самастойныя дзяржава і нацыя.

Часткова гэта спрацавала. Нэгатыўны вобраз беларусаў у Літве створаны, пра што сьведчаць апытаньні грамадзкай думкі. Далей з тых ці іншых прычын «эстафэтную палачку» расейскай прапаганды падхапілі некаторыя ўжо літоўскія публічныя асобы, журналісты, палітыкі. Але пасыл ад пачатку быў настолькі штучны і плоскі, што, зрабіўшы сваю справу, вычарпаў сябе цалкам. Хоць ад пачатку было зразумела, што гэта не «гістарычная палеміка», а голы прапагандысцкі жупел, у аснове якога ляжыць адна мэта — канфрантацыя, у якой супрацьстаяць не літоўцы і беларусы, а дэмакратыя і тыранія. Літоўцы, якія трыццаць гадоў жывуць без сур’ёзнай канфрантацыі, працівяцца ўсялякім праявам канфрантацыі, пазьбягаюць іх. І ў гэтым сэнсе нічым не адрозьніваюцца ад беларусаў, якія знайшлі ў Літве прытулак ад той самай тыраніі, што разгарнулася ў Беларусі.

Важна ўлічваць, што тыранія ў Беларусі — гэта неад’емная частка вайны Расеі супраць Украіны, зачыстка беларускай тэрыторыі ад грамадзянскай супольнасьці, ад палітычнай нацыі. Гэта таксама і вялікае выпрабаваньне для дэмакратыяў вакол Беларусі. І яно першае такое ў гісторыі нашага рэгіёну, калі дэмакратыя ня проста жаданьне нармальна жыць, але ўменьне пераадольваць мову вайны, пужалы расейскай прапаганды, уменьне бараніць цывілізацыю ад барбарства. Спадзеў на гэта — галоўнае, што маюць беларусы, зьняволеныя ў турмах, затоеныя ў Беларусі ў падпольлі і тыя, хто знайшлі паратунак за мяжой. У гэтай справе памкненьні нармальнага беларуса і нармальнага літоўца супадаюць цалкам.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG