Праблемы ў тэатру пачаліся на мінулым тыдні, калі калектыў наведала начальніца ўпраўленьня культуры Менаблвыканкаму і прапанавала супрацоўнікам знайсьці «новага, больш эфэктыўнага кіраўніка», бо былая дырэктарка тэатру Тацяна Чаеўская нібыта не спраўляецца з абавязкамі і яе ўжо зьнялі з пасады, а выканаўцам яе абавязкаў прызначылі галоўнага інжынэра «Батлейкі», паведамляюць выданьні Reform.by і «Люстэрка» са спасылкай на інфармацыю ад чытачоў.
Варта адзначыць, што з сайту тэатру імя і кантакты дырэктаркі Тацяны Чаеўскай пакуль не прыбралі.
На дадзены момант у тэатры не працягнулі кантракты зь сямю супрацоўнікамі: галоўным адміністратарам, галоўным бухгальтарам, двума працаўнікамі майстэрняў, касьцюмэрам і дзьвюма прыбіральшчыцамі, паведамляюць выданьні. Артысты мяркуюць, што наступнымі ў сьпісе на «аптымізацыю» — яны, піша Reform.by.
Паводле непацьверджанай інфармацыі, ідзе гаворка аб магчымым закрыцьці тэатру або далучэньні яго да іншай установы — напрыклад, да Палаца культуры ў Маладэчне.
Разам з тым чытача «Нашай Нівы» чыноўнікі зь Менскага абласнога ўпраўленьня культуры запэўнілі, што зачыняць тэатар не зьбіраюцца, але, магчыма, ён будзе існаваць «у нейкім новым фармаце».
«„Батлейка“ застанецца адназначна, і дзіцячыя спэктаклі будуць», — сказала сталічная чыноўніца.
Паводле выданьня, у чыноўнікаў да тэатру ёсьць пытаньні наконт выкананьня пляну. «Батлейка» — адзіны ў краіне тэатар, які ня выканаў яго за студзень, і, відаць, тое ж будзе ў лютым, кажуць у абласным упраўленьні.
Тэатар «Батлейка» нібыта за нізкія паказчыкі наведвальнасьці яшчэ ў 2022 годзе, паводле Reform.by, хацелі далучыць да Менскага абласнога драматычнага тэатру ў Маладэчне, аднак зрабіць гэта не ўдалося. Сярод іншага — з прычыны юрыдычных складанасьцяў.
Тэатар лялек «Батлейка» працуе ў Маладэчне з 1990 году. Ён вядомы сваімі пастаноўкамі на аснове нацыянальнай драматургіі, «дзіцячай і дарослай, старажытнай, клясычнай і сучаснай». Тэатар неаднаразова ўзнагароджвалі дыплёмамі і прызамі на міжнародных фэстывалях тэатраў лялек Беларусі, Расеі, Малдовы, Украіны, Літвы, Нямеччыны, Італіі, Сэрбіі, Польшчы.