Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вядомага расейскага праваабаронцу Алега Арлова асудзілі на 2,5 года калёніі. Гэта найбольшы тэрмін за «дыскрэдытацыю войска»


Алег Арлоў, архіўнае фота
Алег Арлоў, архіўнае фота

Прадстаўнік «Мемориала» атрымаў прысуд у палітычна матываванай справе. Раней ён прыяжджаў у Беларусь на суд над Алесем Бяляцкім і называў рэжым Пуціна ў Расеі «фашысцкім».

Галавінскі суд Масквы ў 27 лютага прыгаварыў да 2 гадоў і 6 месяцаў калёніі агульнага рэжыму праваабаронцу, сузаснавальніка «Мемориала» 70-гадовага Алега Арлова. Яго ўзялі пад варту ў залі суду.

Арлова вінавацілі ў «дыскрэдытацыі» войска за антываенны артыкул і судзілі ўжо другі раз: першы раз суд аштрафаваў Арлова, але пракуратура аспрэчыла рашэньне і запатрабавала для праваабаронцы рэальнага пазбаўленьня волі.

Выданьне «Агентство» адзначае, што 2,5 года для Алега Арлова — самы жорсткі прысуд паводле артыкулу аб «дыскрэдытацыі» войска за час яго існаваньня зь вясны 2022 году. Да гэтага на самы вялікі тэрмін па такім жа абвінавачаньні прысудзілі Аляксея Маскалёва — яму далі 2 гады калёніі. Цяпер справа Маскалёва, якога, між іншым, затрымалі ў Беларусі, таксама знаходзіцца на пераглядзе.

У спрэчках напярэдадні пракурор патрабаваў прыгаварыць Алега Арлова да 2 гадоў і 11 месяцаў калёніі. Сам 70-гадовы праваабаронца, які гатовы да зьняволеньня і ўжо на некалькі паседжаньняў прыносіў сабраную для СІЗА сумку, у знак пратэсту супраць абсурднага абвінавачаньня і парушэньняў падчас працэсу адмовіўся выступаць у спрэчках.

Але выступіў з апошнім словам. Вось яго фрагмэнт:

«Я ня зьдзейсьніў злачынства. Мяне судзяць за газэтны артыкул, у якім я назваў палітычны рэжым, які ўсталяваўся ў Расеі, таталітарным і фашысцкім.

Артыкул быў напісаны больш за год таму. І тады некаторым маім знаёмым здавалася, што я занадта згушчаю фарбы. Але вось цяпер ужо цалкам відавочна — я ні на каліва не перабольшваў. Дзяржава ў нашай краіне кантралюе ўжо ня толькі грамадзкае, палітычнае, эканамічнае жыцьцё, але і прэтэндуе на поўны кантроль над культурай, над навуковай думкай і ўмешваецца ў прыватнае жыцьцё. Яна, дзяржава, становіцца ўсёабдымнай. І мы гэта бачым».

Далей Арлоў пералічыў прыкметы, паводле якіх лічыць рэжым Уладзіміра Пуціна фашысцкім. Гэта і забарона кніг, і рэпрэсіі супраць ЛГБТ, і забарона цытаваньня ва ўнівэрсытэтах так званых «замежных агентаў», і рэпрэсіі за адрозную ад афіцыйнай пазыцыю наконт вайны супраць Украіны, і ўхваленьне Пуціным нямецкага лідэра сярэдзіны ХХ ст. Адольфа Гітлера, кіраваньне якога прывяло да мільёнаў трупаў па ўсёй Эўропе.

Пад канец свайго апошняга слова Арлоў задаў рытарычнае пытаньне:

«Вось як трэба называць палітычны лад, пры якім адбываецца ўсё, што я зараз пералічыў? Па-мойму, адказ не выклікае сумневаў. На жаль, у сваім артыкуле я меў рацыю».

Алег Арлоў — адзін з заснавальнікаў расейскай праваабарончай арганізацыі «Мемориал», якая зазнае моцныя рэпрэсіі апошнім часам. Арлоў падтрымліваў і беларускіх палітвязьняў. У прыватнасьці, улады Беларусі не пусьцілі яго ў Менск на суд над ягоным беларускім калегам, нобэлеўскім ляўрэатам Алесем Бяляцкім, якога таксама судзілі з палітычных матываў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG