Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрты ААН заклікалі ўлады Беларусі разгледзець пытаньне аб памілаваньні хворага Рыгора Кастусёва


Рыгор Кастусёў
Рыгор Кастусёў

Старшыня ліквідаванай Партыі БНФ Рыгор Кастусёў цяпер знаходзіцца ў турме № 1 у Горадні. Хворы на рак палітвязень скардзіцца на здароўе.

Экспэрты ў правах чалавека ААН заклікалі беларускія ўлады разгледзець пытаньне аб замене турэмнага зьняволеньня альтэрнатыўнай формай пазбаўленьня волі, зьмякчэньні пакараньня або памілаваньні 66-гадовага палітвязьня, старшыні дэ-юрэ зьліквідаванай Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, піша «Позірк».

У заяве экспэрты выказалі занепакоенасьць у сувязі з паведамленьнямі аб крытычным стане здароўя і жорсткім абыходжаньні ў зьняволеньні з Кастусёвым, які пакутуе ад анкалягічнага захворваньня.

«Неаказаньне адэкватнага мэдычнага лячэньня і догляду зьняволеных у крытычным стане парушае абавязаньні Беларусі ў рамках міжнароднага права ў галіне правоў чалавека, паводле якога дзяржава абавязваецца абыходзіцца з асобамі, пазбаўленымі волі, з гуманнасьцю і павагай да іх чалавечай годнасьці. Такое стаўленьне можна лічыць катаваньнем», — гаворыцца ў дакумэнце.

Нягледзячы на пагаршэньне стану здароўя, адзначана ў заяве, палітвязьня неаднаразова зьмяшчалі ў штрафны ізалятар (ШЫЗА) і памяшканьне камэрнага тыпу (ПКТ).

Кастусёў, зазначылі экспэрты, быў пазбаўлены магчымасьці абскардзіць гэтыя дзеяньні з прычыны «адсутнасьці эфэктыўных сродкаў прававой абароны».

Зяць палітвязьня Зьміцер Антончык паведаміў 17 лютага, што Кастусёў знаходзіцца ў турме № 1 у Горадні.

«Па апошняй інфармацыі, у камэры [ён] адзін, — напісаў сваяк палітыка. — Скардзіцца на здароўе. Кажа, што апошнія два месяцы ў „Ваўчыных норах“ (калёнія № 22 у Івацэвіцкім раёне Берасьцейскай вобласьці. — „Позірк“.) былі вельмі цяжкімі. Доўгі этап у Гродне таксама падкасіў здароўе».

15 студзеня суд Івацэвіцкага раёну пастанавіў замяніць Кастусёву рэжым утрыманьня на турэмны. У лістападзе мінулага года Антончык паведамляў, што мужчына знаходзіцца ў памяшканьні камэрнага тыпу, у чэрвені і ліпені палітыка сама меней чатыры разы адпраўлялі ў штрафны ізалятар на 10 дзён. Яго пазбавілі спатканьняў са сваякамі, у яго адабралі асабістыя запісы і кантакты для перапіскі.

Кастусёў знаходзіцца ў няволі з 12 красавіка 2021 году. 5 верасьня 2022-га Менскі абласны суд (судзьдзя Ўладзімер Арэшка) прысудзіў палітыку 10 гадоў пазбаўленьня волі паводле ч. 1 арт. 357 КК («Змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам») у рамках палітычна матываванай «справы змоўшчыкаў». Кастусёў віны не прызнаў.

9 сьнежня 2022 году МУС унесла палітвязьня ў пералік асоб, «датычных да экстрэмісцкай дзейнасьці».

14 жніўня 2023 году Вярхоўны суд зьліквідаваў Партыю БНФ. Палітычная структура, пазбаўленая рэгістрацыі ў Беларусі, працягвае існаваць, яе суб’ектнасьць прызнаецца на міжнародным узроўні.

66-гадовы Кастусёў, які пакутуе на анкалягічнае захворваньне, знаходзіцца ў няволі з 12 красавіка 2021 года. Яму прысудзілі 10 гадоў пазбаўленьня волі паводле ч. 1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам) у рамках палітычна матываванай «справы змоўшчыкаў». Кастусёў віну не прызнаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG