У сваім артыкуле, які выйшаў у аўтарытэтнай польскай газэце Rzeczpospolita, Ірэна Лясота адзначае, што сьмерць Аляксея Навальнага выклікала какафонію камэнтароў і водгукаў па ўсім сьвеце. Адны падкрэсьлівалі мужнасьць Навальнага, іншыя — нацыяналізм і яго пуцінскае бачаньне Расеі і, мякка кажучы, нежаданьне незалежнай Украіны. Усе сышліся як мінімум у адным: што Пуцін — забойца.
«Наступнай ахвярай Пуціна прагназуюць 42-гадовага Ўладзіміра Кара-Мурзу, асуджанага ў Расеі на 25 гадоў. Дваццаць пяць гадоў чаго? Папраўчай калёніі? Гэтаю фразу, якая выкарыстоўваецца ў Расеі і Беларусі, таксама прынялі нашы краіны, а гэта шкодзіць закатаваным і забітым там людзям. Па-польску „калёніяй“ называецца збор дзяцей да 12 гадоў з мэтай баўленьня вольнага час, асабліва ўлетку. Тыя, што для дзяцей старэйшага ўзросту, называюцца лягерамі. Я сама езьдзіла ў летнікі і скаўцкія лягеры. Асацыяцыі з калёніямі i лягерамі ў нашай мове звычайна станоўчыя. Сонца, возера, весялосьць. Пасьля ў ангельскай мове яны асацыююцца альбо з брытанскім каляніялізмам, альбо з кэмпінгам. Таксама нядрэнна», — адзначае аўтарка артыкулу.
Далей яна піша, што «крыху мадэрнізаванай формай» зьяўляюцца папраўчыя калёніі ў Расеі і Беларусі ГУЛАГ, або савецкі варыянт нямецкіх канцлягераў.
«Вы маглі б іх проста называць НэаГУЛАГ. Навальны зрабіў апошні ўздых не ў калёніі, а ў ГУЛАГу за Палярным кругам. Кара-Мурза, які таксама, як і Навальны добраахвотна вярнуўся ў Расею, знаходзіцца ў НэаГУЛАГу. Здаецца, ён той, хто верыць у тое, што здаецца мне і многім іншым абсурдным: у мары расейцаў пра свабоду і дэмакратыю, якія пакуль сьпяць. Ён быў бліжэй да Нямцова, чым Навальны і быў у эмігранцкай арганізацыі, заснаванай былым алігархам і вязьнем НэаГУЛАГу Хадаркоўскім».
Аўтарка працягвае:
Цікава, што думае бедны Кара-Мурза ў ізалятары пра строгі рэжым у НэаГУЛАГу ў Сыбіры. Службы КДБ і ГРУ, здаецца, у найлепшай форме пасьля сьмерці Сталіна ў 1953 годзе. За некалькі дзён да Навальнага ў Гішпаніі спэцназ забіў расейца Максіма Кузьмінава, пілёта верталёта Мі-8, які летась наўмысна здаўся ўладам Украіны. Ён атрымаў узнагароды, украінскае грамадзянства і гарантыі бясьпекі.
Аднак артыкулам, прысьвечаным Расеі і яе забойчым дзеяньням, не хапала хаця бы адно слова пра тое, што адбываецца ў адзінай сапраўднай расейскай калёніі (у сэнсе брытанскага каляніялізму) — у Беларусі.
Афіцыйна ў Расеі менш за 800 палітвязьняў, неафіцыйна, напэўна, у 3-4 разы больш. Палітвязьняў у Беларусі каля 1600, а неафіцыйна ў 3-4 разы больш. Насельніцтва Расеі складае каля 145 мільёнаў чалавек. Беларусь — менш за 10 мільёнаў. Гэта азначае, што нават зыходзячы з афіцыйных дадзеных, у Беларусі непрапарцыйна вялікая колькасьць палітычных зьняволеных у параўнаньні з Расеяй. Гэта як бы ў Расеі іх было 23 тысячы афіцыйна і неафіцыйна каля 100 тысяч! Толькі б сьвет крычаў і патрабаваў яшчэ больш шырокіх санкцый і… ў дадатак да прытрымліваньня іх.
Ірэна Лясота зьвяртае ўвагу на невядомасьць, у якой апынуўся Алесь Бяляцкі.
«Між тым, мы даведваемся ўжо пра пятае за апошні час забойства палітвязьня ў Беларусі. Гэта 63-гадовы Ігар Леднік. Імя яго нельга ўбачыць нават на дзясятых старонках газэт. Палітычных амбіцый у яго не было, ён быў звычайным журналістам і праваабаронцам. Тое ж самае, як і іншыя вязьні Лукашэнкі: людзі, якія мірна выйшлі на вуліцы, пратэстуючы супраць фальсыфікацыі выбараў, у абарону правоў чалавека. Самая вядомая арганізацыя, бо самая эфэктыўная — праваабарончы цэнтар „Вясна“. Яе заснавальнік Алесь Бяляцкі.
Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру амаль тры гады знаходзіцца ў адзіночнай камэры ў беларускім НэаГУЛАГу, без магчымасьці кантактаў зь сям’ёй, адвакатамі ці нават сьвятаром. Мы чуем усё больш і больш трывожных вестак пра яго здароўе. Калі Пуцін і Лукашэнка захочуць нанесьці моцны ўдар па спадзяваньнях беларусаў на любую, нават абмежаваную, дэмакратызацыю — заб’юць Алеся. І такім чынам яны пакажуць Захаду, у тым ліку Польшчы, што яны могуць рабіць усё што заўгодна, бо санкцыі яшчэ занадта слабыя, каб прымусіць іх да чаго-небудзь. Давайце ратаваць Алеся, пакуль гэта яшчэ ня позна!», — адзначыла публіцыстка ў сваім артыкуле.
Хто такі Алесь Бяляцкі
Беларускі праваабаронца, грамадзкі дзеяч, літаратуразнаўца. Заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна», палітычны зьняволены.
- Нарадзіўся 25 верасьня 1962 году ў гарадзкім пасёлку Вя́ртсіля ў Карэльскай АССР, дзе ў той час працавалі ягоныя бацькі-беларусы. У 1965 годзе сям’я вярнулася ў Беларусь, у Сьветлагорск.
- У 1984 годзе Алесь скончыў гісторыка-філялягічны факультэт Гомельскага ўнівэрсытэту, працаваў настаўнікам у Лельчыцкім раёне.
- Служыў у савецкім войску ў Сьвярдлоўскай вобласьці РФ мэханікам-кіроўцам браняванага цягача.
- У 1986–1989 гадах быў заснавальнікам Аб’яднаньня маладых літаратараў «Тутэйшыя».
- У 1989 годзе скончыў асьпірантуру Інстытуту літаратуры Акадэміі навук Беларусі.
- З 1989 да 1998 году працаваў дырэктарам Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча.
- У 1991–1996 гадах быў дэпутатам Менскага гарадзкога савету дэпутатаў.
- У 1996 годзе заснаваў праваабарончую арганізацыю «Вясна»
- 4 жніўня 2011 году быў затрыманы — яго абвінавацілі «ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў». 23 лістапада асуджаны на 4,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.
- У 2012 годзе ў Бібліятэцы Радыё Свабода выйшла кніга Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».
- 21 чэрвеня 2014 году быў датэрмінова вызвалены з Бабруйскай калёніі.
- За 25 гадоў сваёй дзейнасьці быў адзначаны шматлікімі прэміямі і ўзнагародамі: швэдзкай прэміяй імя Пэра Ангера, прэміяй Свабоды імя Андрэя Сахарава, прэміяй Homo Homіnі, якую ўручаў Вацлаў Гавэл, прэміяй Нарвэскага зьвязу пісьменьнікаў «За свабоду слова», прэміяй Дзярждэпартамэнту ЗША, прэміяй Леха Валэнсы, прэміяй імя Пэтры Кэлі, прэміяй Вацлава Гавэла ад ПАРЭ, прэміяй «За правы чалавека і вяршэнства закону» ды іншымі.
- Пяць разоў вылучаўся на Нобэлеўскую прэмію міру.
- Алесь — аўтар кніг «Прабежкі па беразе Жэнэўскага возера», «Асьвечаныя Беларушчынай», «Халоднае крыло радзімы», «Іртутнае срэбра жыцьця», «Бой з сабой», «Турэмныя сшыткі» (Менск, 2018, «Вясна»).
- 14 ліпеня 2021 году быў затрыманы паводле крымінальнага абвінавачаньня, у яго дома і ў офісе «Вясны» адбыліся ператрусы.
- Усяго за актыўную грамадзкую і праваабарончую дзейнасьць прыцягваўся да судовай адказнасьці больш за 20 разоў. Прызнаны палітычным зьняволеным.
- 7 кастрычініка 2022 году Алесю Бяляцкаму прысудзілі Нобэлеўскую прэмію міру.
- 3 сакавіка 2023 году Бяляцкага пакаралі 10 гадамі пазбаўленьня волі. Яго асудзілі разам з калегамі: праваабаронцамі Валянцінам Стэфановічам і Ўладзімерам Лабковічам.
- З моманту арышту ў ліпені 2021 году Бяляцкі мае вельмі абмежаваныя зносіны з сваёй сямʼёй, адвакатам і навакольным сьветам.
- Адбывае пакараньне ў папраўчай калёніі нумар 9 у Горках.