Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Праект»: Пуцін за апошнія 6 гадоў рэпрэсаваў больш людзей, чым Брэжнеў


Колькасьць людзей, асуджаных у Расеі па палітычных артыкулах, толькі ў апошні прэзыдэнцкі тэрмін Уладзіміра Пуціна перавысіла паказчыкі СССР часоў Мікіты Хрушчова і Леаніда Брэжнева, піша выданьне «Праект».

Выданьне сьцьвярджае, што прамыя рэпрэсіі ў Расеі за апошнія 6 гадоў зазналі каля 116 тысяч чалавек (без уліку артыкулаў аб супраціве супрацоўнікам паліцыі ці парушэньні абмежаваньняў, уведзеных у сувязі з COVID-19).

Гаворка ідзе пра людзей, якія трапілі пад крымінальны ці адміністрацыйны перасьлед па артыкулах, якія «Праект» характарызуе як палітычныя ці рэпрэсіўныя. Паводле крымінальных артыкулаў аб экстрэмізьме, апраўданьні тэрарызму, аб так званых «фэйках» і дыскрэдытацыі арміі перасьлед за пэрыяд з 2018 па люты 2024 года зазналі па падліках «Праекту», 5613 чалавек.

«А калі дадаць да гэтага яшчэ і тых, хто адмовіўся ваяваць ва Ўкраіне, а таксама абвінавачаных у дзяржаўнай здрадзе, шпіянажы і да т.п., дык атрымаецца лічба 11 442», — піша выданьне.

Каля 105 тысяч чалавек зазналі адміністрацыйны перасьлед, у прыватнасьці па артыкулах аб удзеле ў няўзгодненых акцыях.

Журналісты адзначылі, што ў часы Хрушчова і Брэжнева, якія кіравалі ў СССР у другой палове 1950-х — пачатку 1980-х гадоў, па артыкулах аб антысавецкай агітацыі і распаўсюджваньні «інфармацыі, якая ганьбіць савецкі лад», асудзілі менш людзей, чым за апошні шасьцігадовы тэрмін Пуціна. У выпадку з Хрушчовым журналісты выбралі шасьцігадовы пэрыяд з 1956 па 1961 год, на яго прыпала 4883 выпадкі прымяненьня рэпрэсій. У Брэжнева абралі 1968–1973 гады, «Праект» налічыў 1057 рэпрэсаваных.

У сваім дасьледаваньні «Праект» зазначае, што ў савецкія часы больш людзей ставілі на прафіляктычны ўлік, колькасьць такіх людзей супастаўная з колькасьцю аштрафаваных за ўдзел у мітынгах. «Нязгодных, як і пры СССР, адлічваюць з унівэрсытэтаў, звальняюць з працы, выціскаюць з краіны, а тых, хто не хоча зьяжджаць, — змушаюць публічна прасіць прабачэньня і клясьціся ў вернасьці ўладзе. Аднак падлічыць, колькі чалавек прайшло праз такі від рэпрэсій, на практыцы немагчыма», — адзначае «Праект».

Пры гэтым Савецкі Саюз быў дзяржавай з пануючай ідэалёгіяй, якой павінны былі падпарадкавацца ўсе сфэры жыцьця грамадзтва, а Расея паводле Канстытуцыі — «дэмакратычная прававая дзяржава, заснаваная на выкананьні правоў чалавека».

«Праект» таксама прыводзіць падрабязную статыстыку колькасьці прыцягнутых да адказнасьці па розных крымінальных і адміністрацыйных артыкулах. Па многіх зь іх рэпрэсіі ўзмацніліся пасьля расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.

У прыватнасьці, рэзка вырасла колькасьць людзей, якіх абвінавачваюць у тэрарызьме. Калі ў перадваенны 2021 год такіх спраў было 31, дык у 2023-м ужо 111, а кожны пяты абвінавачаны быў украінцам. Таксама ў разы ўзрасла колькасьць выпадкаў дэзэртырства або пакіданьня вайскоўцамі сваіх частак. Рэзка ўзрасла і колькасьць асуджаных па артыкулах аб закліках да экстрэмізму або апраўданьні тэрарызму, прычым менавіта «апраўданьне тэрарызму» застаецца, па падліках «Праекту», галоўным інструмэнтам ваеннай цэнзуры — па гэтым артыкуле праціўнікаў вайны прыцягваюць да адказнасьці часьцей, чым па артыкуле аб так званых «фэйках пра армію».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG