Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лёндан увёў санкцыі супраць кіраўніцтва калёніі, дзе памёр Навальны. Узгадваем, ці ўводзілі санкцыі супраць начальнікаў турмаў Беларусі


Вялікая Брытанія ўвяла санкцыі ў дачыненьні да кіраўніцтва калёніі, у якой памёр апазыцыйны палітык Аляксей Навальны. Паглядзелі, ці ўводзілі раней санкцыі супраць кіраўніцтва калёній і турмаў, дзе загінулі беларускія палітвязьні.

Вялікая Брытанія ўвяла санкцыі ў дачыненьні да кіраўніцтва папраўчай калёніі № 3 «Палярны воўк», у якой памёр апазыцыйны палітык Аляксей Навальны, паведамляецца на сайце брытанскага ўраду.

Начальніку калёніі Вадзіму Калініну і пяці ягоным намесьнікам забароняць уезд у Вялікую Брытанію і замарозяць іх актывы. Вялікая Брытанія стала першай краінай, якая ўвяла санкцыі ў адказ на сьмерць Навальнага.

Супраць кіраўніцтва якіх калёній Беларусі ўводзілі санкцыі

У сьнежні 2021 году ЗША ўвялі санкцыі адносна Ігара Кенюха і Яўгена Шапецькі — кіраўнікоў ізалятара часовага ўтрыманьня і цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсьціна ў Менску. Яны трапілі пад санкцыі «за датычнасьць да грубых парушэньняў правоў чалавека, а менавіта да катаваньняў і/або жорсткага, бесчалавечнага або прыніжальнага для годнасьці абыходжаньня з затрыманымі ў выніку сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 году».

У жніўні 2023 году Эўразьвяз увёў санкцыі супраць шэрагу цяперашніх і былых начальнікаў беларускіх папраўчых калёній, датычных да рэпрэсіяў супраць палітвязьняў:

  • Аляксандар Карніенка, былы начальнік папраўчай калёніі № 17 у Шклове, быў начальнікам гэтай калёніі на момант гібелі ў ёй палітвязьня Вітольда Ашурка;
  • Андрэй Пальчык, экс-начальнік папраўчай калёніі № 1 у Наваполацку;
  • Руслан Машадзіеў, начальнік папраўчай калёніі № 1 у Наваполацку;
  • Сяргей Карчэўскі, начальнік рэжымнай часткі папраўчай калёніі № 17 у Шклове, у якой памёр Вітольд Ашурак;
  • Сяргей Масьлюкоў, начальнік выхаваўчай калёніі ў Бабруйску;
  • Сьвятлана Паходава, начальніца жаночай папраўчай калёніі № 4 у Гомлі;
  • Яўген Бубіч, начальнік папраўчай калёніі № 2 у Бабруйску — пазьней, у лютым 2024 году, у гэтай калёніі памёр палітзьняволены грамадзкі актывіст і журналіст Ігар Леднік;
  • Юры Васілевіч, начальнік папраўчай калёніі № 14 у Навасадах.

Супраць кіраўніцтва калёніі № 3 «Віцьба», дзе памерлі палітвязьні Мікалай Клімовіч і Вадзім Храсько, а таксама супраць кіраўніцтва турмы № 1 у Горадні, дзе памёр палітзьняволены мастак Алесь Пушкін, санкцый пакуль ня ўводзілі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG