На Горадзеншчыне першы дзень датэрміновага галасаваньня прайшоў пад знакам небывалага адміністрацыйнага ўплыву, прычым тон задавала самае высокае кіраўніцтва вобласьці, паведамляе кампанія незалежнага назіраньня за выбарамі дэпутатаў «Праваабаронцы за свабодныя выбары».
Праваабаронцам стала вядома, што ў першы дзень галасаваньня многіх асуджаных да абмежаваньня волі ва ўстановах адкрытага тыпу Горадзенскай вобласьці арганізавана пасадзілі ў транспарт і адвезьлі галасаваць на найбліжэйшыя выбарчыя ўчасткі, хаця ўсе «хімікі» маюць працу і ім было б зручней прагаласаваць у асноўны дзень галасаваньня, які прыпадае на нядзелю.
Акрамя таго, паводле інфармацыі тэлеграм-каналу @Grodno_grab, у Слоніме на ўсіх выбарчых участках зьявіліся сьпісы зь «нядобранадзейнымі грамадзянамі». 25 лютага сябры выбарчых камісій павінны даць справаздачу аб тым, хто зь «нядобранадзейных» прыйшоў і прагаласаваў, а хто не.
Як адзначаюць праваабаронцы, у першы дзень ж датэрміновага галасаваньня на выбарчы ўчастак № 89 раніцай, у працоўны час, прыйшла галасаваць старшыня Гарадзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта, а старшыня Горадзенскага аблвыканкаму Ўладзімір Каранік сустрэўся са студэнтамі і выкладчыкамі ГрДУ імя Янкі Купалы. Галоўнай тэмай сустрэчы стала электаральная кампанія.
У Горадзенскай вобласьці стварылі 602 выбарчыя ўчасткі, 567 зь іх пачалі сваю працу ўжо 20 лютага на так званым «датэрміновым галасаваньні».
Датэрміновае галасаваньне на выбарах дэпутатаў у Беларусі пачалося 20 лютага. Участкі для галасаваньня працуюць з 12:00 да 19:00 безь перапынку на абед. Афіцыйнага пацьверджаньня прычын, чаму выбарнік ня можа прагаласаваць у асноўны дзень правядзеньня выбараў, не патрабуецца.
Увечары 20 лістапада ў ЦВК заявілі, што яўка выбарнікаў у першы дзень датэрміновага галасаваньня склала 5,94%. Паводле ЦВК, найменшая яўка — у Горадзенскай вобласьці (4,02%), найбольшая — у Магілёўскай (6,67%).
Яшчэ на стадыі падрыхтоўкі выбараў праваабарончыя арганізацыі выявілі на іх шматлікія парушэньні.
Раней улады забаранілі фота- і відэаздымку запоўненага бюлетэня для галасаваньня. Сілавікі напярэдадні правялі тактыка-спэцыяльныя заняткі, на якіх практыкаваліся затрымліваць тых, хто фатаграфуе выбарчыя бюлетэні, а таксама разганяць чэргі выбарнікаў ля выбарчых участкаў.
Што трэба ведаць пра Адзіны дзень галасаваньня – 2024
- 25 лютага 2024 году ў Беларусі праходзіць так званы Адзіны дзень галасаваньня, у рамках якога выбіраюць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня і дэпутатаў мясцовых саветаў 29-га скліканьня.
- Пратаколы з камісій павінны паступіць у ЦВК не пазьней за 29 лютага.
- Датэрміновае галасаваньне праходзіла з 20 па 24 лютага. ЦВК заявіла, што за 5 дзён датэрмінова прагаласавалі 41,71% грамадзян, якія ўключаныя ў сьпісы для галасаваньня.
- Парог яўкі на гэтых выбарах адменены — яны адбудуцца пры любой колькасьці выбарнікаў. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма, як і апазыцыйных кандыдатаў. Прозьвішчы сябраў выбарчых камісіі засакрэчаныя. На ўчастках узмацнілі ахову.
- Перадвыбарная агітацыя праходзіла з 31 студзеня па 24 лютага, рэгістрацыя кандыдатаў — з 16 студзеня да 30 студзеня.
- Прадстаўнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» падкрэсьлілі, што ў сувязі з рэпрэсіўнымі рызыкамі будзе працаваць экспэртная місія, а не «клясычнае» назіраньне, якое ажыцьцяўлялася падчас ранейшых кампаній.
- Палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч лічыць, што Лукашэнка разглядае выбары як «ваенную апэрацыю». Ён упэўнены, што абсалютная большасьць як сярод прыхільнікаў, так і сярод праціўнікаў Лукашэнкі выдатна разумее, што ў сёньняшніх умовах гэта суцэльная імітацыя.
- Улады вырашылі не запрашаць АБСЭ для назіраньня празь Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ). АБСЭ cкрытыкавала ўлады Беларусі за гэтую адмову.
- Кіраўнік штабу місіі назіральнікаў ад СНД Леанід Анфімаў заявіў, што ў Вярхоўны суд падалі 6 скаргаў аб выбарах. Назіральнікі ад СНД прапанавалі іх лічыць «неабгрунтаванымі».
- Выбары ў Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня адбудуцца 4 красавіка 2024 году. Вылучэньне кандыдатаў у члены СР мясцовымі саветамі дэпутатаў, выканаўчымі і распарадчымі органамі павінна адбыцца не пазьней за 21 сакавіка 2024-га.
- Электаральная кампанія праходзіць на фоне маштабных рэпрэсій і зачысткі палітычнага поля ад апазыцыі. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма: Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе (БДІПЧ АБСЭ) запрашэньня не атрымала.
- На гэтых выбарах няма і апазыцыйных кандыдатаў — да выбараў дапусьцілі толькі ляяльных рэжыму кандыдатаў. Паводле кіраўніка ЦВК Ігара Карпенкі, усе 12 скаргаў на адмовы ў рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты (у тым ліку 2 скаргі ў суды) адхілілі.
- Па выніках датэрміновага галасаваньня ЦВК даў справаздачу аб рэкорднай яўцы выбарнікаў — 41,71%. Незалежныя назіральнікі называюць датэрміновае галасаваньне адным з мэханізмаў масавых фальсыфікацый.
- З 1996 году незалежныя назіральнікі не прызналі ніводную выбарчую кампанію ў Беларусі транспарэнтнай і адпаведнай стандартам АБСЭ.