Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы прызналі палітвязьнямі музыкаў гурту Nizkiz


Затрыманыя музыкі гурту Nizkiz Дзьмітры Халяўкін, Сяргей Кульша, Аляксандар Ільін, каляж
Затрыманыя музыкі гурту Nizkiz Дзьмітры Халяўкін, Сяргей Кульша, Аляксандар Ільін, каляж

У Беларусі яшчэ шэсьць чалавек прызнаныя палітычнымі зьняволенымі, іх агульная колькасьць склала 1423, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

Статус палітвязьняў атрымалі музыкі гурту Nizkiz Аляксандар Ільін, Сярэй Кульша, Зьміцер Халяўкін, а таксама Ўльяна Яковіч, Аксана Ючковіч і Арцём Закржэўскі.

Усе шасьцёра перасьледуюцца па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх).

Праваабаронцы патрабуюць ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць усіх палітвязьняў, а таксама грамадзян, «затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарчы пэрыяд», і спыніць палітычныя рэпрэсіі.

Адпаведную заяву, акрамя «Вясны», падпісалі Беларускі Хэльсынскі камітэт, Беларускі ПЭН, Офіс па правах людзей з інваліднасьцю, Беларуская асацыяцыя журналістаў, Прававая ініцыятыва, Lawtrend, Human Constanta.

Музыкаў Nizkiz затрымалі 5 студзеня 2024 году. У судзе Ленінскага раёну Магілёва 8 студзеня над імі адбыўся суд па арт. 19.11 КаАП (распаўсюджваньне, выраб, захоўваньне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая зьмяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці або якая прапагандуе такую дзейнасьць). Справу разглядала судзьдзя Вікторыя Палякова. Рашэньне невядомае.

10 студзеня другі раз па гэтым жа артыкуле асудзілі саліста групы Ільіна. Прысуд таксама невядомы.

Пазьней паведамлялася пра перавод музыкаў у менскае СІЗА на вуліцы Валадарскага ў межах крымінальнай справы.

У сюжэце, які выйшаў на Беларускім тэлебачаньні пасьля затрыманьня ўдзельнікаў Nizkiz, сьцьвярджалася, што «музыкі пасьля падзеяў 2020 году пакінулі Беларусь і вырашылі вярнуцца» (паводле інфармацыі праваабаронцаў, яны жылі ў краіне, пэрыядычна выяжджаючы на гастролі). Пры гэтым што канкрэтна ставіцца ў віну затрыманым, не ўдакладнялася.

Прадэманстраваны ў этэры відэазапіс сьведчыць, што музыкаў затрымалі ў іхных дамах узброеныя сілавікі.

Чацьвёрты ўдзельнік групы гітарыст Леанід Несьцярук — на волі. Ён жыве ў Варшаве.

Індзі-рок-гурт Nizkiz заснаваны ў 2008 годзе ў Магілёве. Да гэтага часу выпусьціў пяць студыйных альбомаў. Уладальнік шэрагу музычных узнагарод, сярод іншага адзначаны прэміяй «Радыё АНТ» за 2012 год у намінацыі «Дэбют году».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG