Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэр рок-гурту ДДТ Юры Шаўчук прысьвяціў песьню «Свабода» Навальнаму


Юры Шаўчук на сцэне.
Юры Шаўчук на сцэне.

Лідэр рок-гурту ДДТ Юры Шаўчук на канцэрце ў сталіцы Казахстана Астане прысьвяціў адну з самых вядомых сваіх песень, «Свабода», памяці Аляксея Навальнага.

Перад выкананьнем песьні Шаўчук зьвярнуўся да залі з наступнымі словамі:

«Узыдзе сонца. Пазаўчора загінуў Аляксей Навальны. Які нам, расейцам, гаварыў аб свабодзе. І добра гаварыў пра яе. І нагадваў, што мы можам усе стаць свабоднымі ў самым лепшым сэнсе гэтага слова. Ён казаў, што вера без свабоды — гэта фанатызм. Што праца без свабоды — гэта рабства. Таннае, цяжкае рабства. Што каханьне без свабоды — гэта дэспатыя. Нішто не бывае без свабоды, усё афарбавана ў чорны колер».

Шаўчук раней неаднаразова выказваўся ў падтрымку палітвязьняў і, у прыватнасьці, Аляксея Навальнага. Музыка казаў, што хацеў бы, каб апазыцыянэр у будучыні стаў прэзыдэнтам Расеі.

З пачаткам поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва ўкраіну лідэр ДДТ таксама публічна асудзіў дзеяньні Уладзіміра Пуціна. Пасьля гэтага канцэрты гурту былі адмененыя па ўсёй Расеі, а сам Шаўчук быў асуджаны і аштрафаваны на 80 тысяч рублёў па артыкуле адміністрацыйнага кодэксу аб дыскрэдытацыі Ўзброеных сіл Расеі

Цяпер ДДТ зрэдку выступае за мяжой. Пры гэтым Юры Шаўчук застаецца ў Расеі.

16 лютага Фэдэральная служба выкананьня пакараньняў Расеі паведаміла, што апазыцыйны палітык Аляксей Навальны памёр у калёніі на Ямале. Афіцыйныя прычыны сьмерці не агучаныя. Родным Аляксея ягонае цела не выдаюць, матывуючы гэта праверкай, якую вядзе Сьледчы камітэт. Паплечнікі апазыцыянэра лічаць, што ён быў забіты.

Людміла Навальная пасьля навіны аб сьмерці сына паведаміла, што некалькі дзён таму езьдзіла да яго на спатканьне. Па словах маці, палітык адчуваў сябе добра і не скардзіўся на здароўе.

Тое, што ў Навальнага было добрае самаадчуваньне, пацьвердзілі і ва Ўладзімірскім абласным судзе, дзе 15 лютага палітык выступаў па відэасувязі.

  • У верасьні 2022 году Юры Шаўчук даслаў паштоўку палітзьняволенай журналістцы «Белсату» Кацярыне Андрэевай: «Дабра і міру Андрэевай Каці. Дарагая, мы з табой», — напісаў Шаўчук і нарысаваў свой партрэт.
  • У лістападзе 2020 году Юры Шаўчук падпісаў ліст, зь якім сьвятары і вернікі Расейскай Праваслаўнай Царквы, а таксама хрысьціяне іншых канфэсій, зьвярнуліся са словамі салідарнасьці, падтрымкі і суцяшэньня да хрысьціянаў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG