Паводле зьвестак праваабарончага «ОВД-Инфо», у Расеі за два дні на акцыях памяці Аляксея Навальнага затрымалі 401 чалавека. Затрыманьні праходзілі ў 36 гарадах.
Больш за ўсё затрыманых у Санкт-Пецярбургу — больш за 200 чалавек, 38 зь іх пакінулі на ноч у аддзяленьнях паліцыі. Як піша «Медиазона» са спасылкай на прэс-службу пецярбурскіх судоў, за ўдзел у акцыях арыштавалі 42 чалавекі, ім прызначылі ад 1 да 6 дзён арышту. Яшчэ 9 чалавек аштрафавалі на сумы ад 10 да 15 тысяч рублёў за «масавае знаходжаньне ў грамадзкім месцы, якое пацягнула парушэньне парадку або санітарных нормаў і правілаў» (ч. 1 арт. 20.2.2 КаАП РФ).
У Маскве сама меней 6 чалавек атрымалі па 15 дзён арышту за «непадпарадкаваньне супрацоўнікам паліцыі», дваім прысудзілі штрафы па 20 тысяч рублёў.
Як пісалінапярэдадні выданьне «Вёрстка» і тэлеграм-канала Svodka, стыхійныя мэмарыялы ў памяць аб Навальным зьявіліся сама меней у 140 гарадах Расеі.
18 лютага жыхары расейскіх гарадоў працягваюць несьці кветкі да стыхійных мэмарыялаў. Сілавікі спрабуюць адагнаць актывістаў ад мэмарыялаў, ачэпліваюць іх, у многіх гарадах паліцыянты працягваюць перапісваць зьвесткі тых, хто прыходзіць з кветкамі. Кагосьці адвозяць у аддзелы міліцыі.
Расейскія ўлады паведамілі пра раптоўную сьмерць Навальнага ў калёніі 16 лютага. Тады ж паведамленьні пракамэнтавалі лідэры краінаў Захаду. Многія зь іх, акрамя выказваньня спачуваньняў, таксама ўсклалі адказнасьць за сьмерць апазыцыянэра на расейскія ўлады і асабіста прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна, падкрэсьліўшы, што Навальны спачатку быў атручаны, меркавана на загад расейскіх уладаў, а потым, па вяртаньні ў Расею, кінуты за краты за сваю апазыцыйную дзейнасьць. Краіны «групы сямі» заклікалі Маскву старанна расьсьледаваць і апублікаваць акалічнасьці гібелі палітыка.