Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бэрліне назвалі пераможцаў Беларускай прэміі кінакрытыкаў «Чырвоны верас»


Беларуская прэмія кінакрытыкаў «Чырвоны верас», якая праводзіцца ўжо ў другі раз, абвясьціла сьпіс пераможцаў. Цырымонія ўзнагароджаньня прайшла 17 лютага ў Gropius Bau Сinema на Эўрапейскім кінарынку Бэрлінскага міжнароднага кінафэстывалю.

У конкурсе бралі ўдзел 70 фільмаў 2021 і 2022 гадоў — створаныя беларусамі гульнявыя, дакумэнтальныя і анімацыйныя карціны, кароткамэтражнае і поўнамэтражнае кіно. Узнагароды ўручаліся ў 13 катэгорыях.

Пераможцамі прэміі названыя:

  • «Найлепшы дакумэнтальны поўнамэтражны фільм»: «Мара» Сашы Кулак; «Сьмеласьць» Аляксея Палуяна;
  • «Найлепшы дакумэнтальны кароткамэтражны фільм»: «Маладосьць па-беларуску» Ксеніі Галубовіч; «Мэтадычка» Паўла Мажара;
  • «Найлепшы гульнявы поўнамэтражны фільм»: «Спатканьне ў Менску» Мікіты Лаўрэцкага;
  • «Найлепшы гульнявы кароткамэтражны фільм»: «Сьмецьцевая галава» Юрыя Сямашкі;
  • «Найлепшы анімацыйны фільм»: «Shirey Mara» Наты Карнеевай;
  • «Найлепшы рэжысэр(ка)»: Мікіта Лаўрэцкі за фільм «Спатканьне ў Менску»;
  • «Найлепшы актор»: Андрэй Новік за ролю ў фільме «Ператрымка»;
  • «Найлепшая акторка»: Вольга Кавалёва за ролі ў фільмах «Спатканьне ў Менску» і «A Kid’s Flick»;
  • «Найлепшая праца апэратара(кі)»: Тацяна Гаўрыльчык і Есэ Мазух за фільм «Сьмеласьць»; Юлія Шатун за фільм «Спатканьне ў Менску»;
  • «Найлепшы сцэнар»: Андрэй Кашперскі і Міхаіл Зуй за фільм «Ператрымка»; Уладзімер Казлоў за фільм «Лета 1989»;
  • «Найлепшае мастацкае рашэньне (праца мастака(чкі)-пастаноўшчыка(цы)»: Юры Сямашка за фільм «Сьмецьцевая галава»;
  • «Найлепшы саўнддызайн (праца кампазытара(кі) і/ці гукарэжысэра(кі)»: Вольга Падгайская за фільм «Галасы. Дзе мой край»;
  • «Адкрыцьцё года»: Юры Сямашка.

«Спэцыяльныя згадкі» за выключныя дасягненьні, якія робяць гісторыю беларускага кіно і пішуць летапіс гісторыі краіны, былі ўручаныя:

  • рэжысэрцы Мары Тамковіч — «За віртуознае мастацкае адлюстраваньне трагедыі цэлай краіны праз кароткі эпізод у менскай кватэры ў фільме «У жывым этэры»;
  • калектыўнаму сьведку — «За аматарскія і прафэсійныя, выпадковыя і наўмысныя, у пісьме, відэа і ў памяці — за шматлікія сьведчаньні падзеяў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі, якія складаюць летапіс краіны і становяцца часткаю нацыянальнай культуры».

Захавальніцаю «Спэцыяльнай згадкі» калектыўнаму сьведку сталася рэжысэрка Вольга Абрамчык, якая выкарыстала яго сьведчаньні для свайго фільму «Мы ня ведалі адно аднаго да гэтага лета».

У склад журы «Чырвонага верасу’24» увайшлі 16 экспэртаў і экспэртак: арганізатары Прэміі Ірэна Кацяловіч і Тарас Тарналіцкі, а таксама журналісты, кінакрытыкі, кіназнаўцы, кінаблогеры і дасьледнікі кіно Ульяна Будзік, Максім Жбанкоў, Ліна Мядзьведзева, Ігар Сукманаў, Ганна Яфрэменка, Алена Сойка, Альміра Усманава. Частка журы зь меркаваньняў бясьпекі пажадала застацца ананімнымі.

Прызы для пераможцаў стварыў мастак Аляксандар Адамаў — цэгла, зь якой прабіваецца каштоўная галінка верасу, уяўляе сабою мэтафару беларускага кіно.

Узнагароды ўручалі сябры журы, пераможцы папярэдняга «Чырвонага верасу» Ўлада Сянькова і Максім Швед, дырэктар Эўрапейскага кінарынку Дэніс Ру, генэральны сакратар FIPRESCI Кляўс Эдэр, прадстаўнікі партнэраў прэміі Марк-Андрэ Шмахтэль ад Інстытуту Гётэ ў эміграцыі і Аляўціна Сьнігір ад Германскага фонду Маршала ЗША. Фонду для дэмакратыі ў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG