Пра гэта піша «Позірк».
«Паводле апошняй інфармацыі, у камэры [ён] адзін, — напісаў сваяк палітвязьня на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку“. — Скардзіцца на здароўе. Кажа, што апошнія два месяцы ў „Ваўчыных норах“ (калёнія № 22 у Івацэвіцкім раёне Брэсцкай вобласьці. — „Позірк“.) былі вельмі цяжкія. Доўгі этап у Горадню таксама падкасіў здароўе».
15 студзеня суд Івацэвіцкага раёна пастанавіў замяніць Кастусёву рэжым утрыманьня на турэмны. Летась у лістападзе Антончык паведамляў, што мужчына знаходзіцца ў памяшканьні камэрнага тыпу, у чэрвені і ліпені палітыка сама меней чатыры разы адпраўлялі ў штрафны ізалятар на 10 сутак. Яго пазбавілі спатканьняў са сваякамі, у яго адабралі асабістыя запісы і кантакты для перапіскі.
66-гадовы Кастусёў, які пакутуе на анкалягічнае захворваньне, знаходзіцца ў няволі з 12 красавіка 2021 года. Яму прысудзілі 10 гадоў пазбаўленьня волі паводле ч. 1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам) у рамках палітычна матываванай «справы змоўшчыкаў». Кастусёў віну не прызнаў.
14 жніўня 2023 года Вярхоўны суд ліквідаваў Партыю БНФ. Палітычная структура, пазбаўленая рэгістрацыі ў Беларусі, працягвае існаваць, яе суб’ектнасьць прызнаецца на міжнародным узроўні.