Ва Ўкраіне не змаглі сабраць неабходную колькасьць подпісаў пад пэтыцыяй за прысваеньне званьня Героя Ўкраіны беларусу Эдуарду Лобаву, які загінуў ва Ўкраіне ў студзені 2023 году, абараняючы Вуглядар на Данбасе.
Пад пэтыцыяй, якую стварыў кіраўнік дабрачыннага фонду «Вольная Беларусь» Аляксей Францкевіч, свае подпісы паставілі 12 542 пры неабходных 25 000.
Гэта другая спроба сабраць подпісы за прысваеньне Эдуарду Лобаву званьня Героя Ўкраіны. Першая, створаная ў 2023 годзе, таксама не сабрала неабходную колькасьць подпісаў.
У студзені пад аналягічным зваротам датэрмінова сабралі неабходную колькасьць подпісаў за ўганараваньне званьнем Героя Ўкраіны і ордэнам «Залатая Зорка» беларуса Зьмітра Рубашэўскага, які загінуў 12 красавіка 2022 году падчас баёў у Луганскай вобласьці.
Згодна з заканадаўствам, цяпер пэтыцыю за прысваеньне званьня Героя Ўкраіны Зьмітру Рубашэўскаму разглядае экспэртная група, створаная пры Камісіі дзяржаўных узнагарод і геральдыкі пры прэзыдэнце Ўкраіны. Толькі ў выпадку пазытыўнай высновы экспэртаў пэтыцыю накіруюць на разгляд прэзыдэнту Ўладзіміру Зяленскаму. Адказу на гэты зварот пакуль яшчэ няма.
Колькі ініцыятыў аб узнагароджаньні ўжо разгледзеў Зяленскі
Паводле праекту «Життя» ўкраінскага выданьня «Українська правда», на сайце прэзыдэнта Ўкраіны зарэгістравана больш за 500 пэтыцый за прысваеньне званьня Героя Ўкраіны. Зь іх толькі крыху больш за 200 сабралі неабходную колькасьць подпісаў, а на разгляд Уладзіміру Зяленскаму трапілі толькі 70.
У матэрыяле таксама прыводзяцца прыклады, калі ініцыятары пэтыцый атрымлівалі адказ аб адмове ўганараваць званьнем Героя — у выпадках, калі прэтэндэнты ўжо ўзнагароджваліся за баявыя подзьвігі іншымі дзяржаўнымі ўзнагародамі.
Раней прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ўзнагародзіў ордэнам «За мужнасьць» трэцяй ступені Зьмітра Рубашэўскага і Эдуарда Лобава.
Хто такі Эдуард Лобаў
Эдуард служыў у 72-й асобнай мэханізаванай брыгадзе. Удзельнічаў у вызваленьні Кіеўскай вобласьці і Чарнобыля ад расейскіх акупантаў. Апошнія некалькі месяцаў быў пад Вуглядарам.
Эдуард Лобаў нарадзіўся ў 1988 годзе. Да дзейнасьці «Маладога Фронту» далучыўся пасьля вяртаньня з войска. Службу праходзіў у 103-й асобнай гвардзейскай мабільнай брыгадзе ў Віцебску.
У 2011 годзе Эдуард Лобаў быў асуджаны на 4 гады пазбаўленьня волі паводле артыкула «Хуліганства» разам зь лідэрам «Маладога Фронту» Зьмітром Дашкевічам. Выйшаў на волю 18 сьнежня 2014 году.
У 2015 годзе Лобаў тайна пераехаў ва Ўкраіну і далучыўся да добраахвотнікаў, якія змагаліся супраць расейскай агрэсіі. Тады ён уваходзіў у склад добраахвотніцкага батальёна «Правага сэктару», які быў разьмешчаны пад Марыюпалем.
У 2015 годзе ён наступным чынам тлумачыў свой удзел у баявых дзеяньнях:
«Я не за свабоду Ўкраіны ваяваць ехаў, а за свабоду Беларусі. Бо калі Арда не атрымае па зубах тут, на Данбасе, яна пойдзе далей, і Беларусь, я абсалютна перакананы, будзе праглынутая, як і Крым, за пару дзён».
Эдуард Лобаў загінуў ва Ўкраіне ў студзені 2023 году пад Вуглядарам.
Хто такі Зьміцер Рубашэўскі
30-гадовы Зьміцер «Ганс» Рубашэўскі загінуў 12 красавіка 2022 году падчас баёў у Луганскай вобласьці. Быў у складзе ротнай тактычнай групы, якая рабіла вылазкі ў тыл праціўніка. Перад сьмерцю «Ганс» зьнішчыў камандзіра расейскай групы.
Рубашэўскі родам зь Берасьця. Вучыўся ў будаўнічай вучэльні. Ваяваў з 2015 году. Прыехаў у Львоў на футбольны матч зборных Беларусі і Ўкраіны, так і застаўся.
Ваяваў у шэрагах «Правага сэктару». За абарону шахты «Бутаўка» атрымаў грамадзкую ўзнагароду «Народны герой Украіны». Рубашэўскі меў некалькі раненьняў. У 2019 годзе ў баях страціў вока. Пасьля раненьня яго даглядала сястра загінулага пабраціма. У хуткім часе яны пабраліся шлюбам, нарадзілася дачка.
Жыў у Львоўскай вобласьці. Пазыўны «Ганс» меў за нямецкую каску часоў Другой сусьветнай вайны. Апошнім часам служыў у складзе 24-й асобнай мэханізаванай брыгады князя Данілы Галіцкага.
Колькі Герояў Украіны сярод беларусаў
Першым беларусам, які ў 2017 годзе атрымаў званьне Героя Ўкраіны, стаў Міхась Жызьнеўскі, ён адным зь першых загінуў у 2014 годзе ў Кіеве ў часе масавых акцыяў пратэсту.
У красавіку 2022 году званьне Героя Ўкраіны пасьмяротна прысвоілі беларускаму добраахвотніку Аляксею Скоблю, які загінуў 13 сакавіка 2022 году, прыкрываючы адыход сваіх байцоў пад Кіевам. Яго пахавалі ў Кіеве. Ён меў украінскае грамадзянства.
У ліпені 2020 году ўкраінскія актывісты ініцыявалі пэтыцыю з заклікам да Ўладзіміра Зяленскага пасьмяротна прысвоіць званьне Героя Ўкраіны вайскоўцу 35-й брыгады марской пяхоты, вайсковаму мэдыку беларускага паходжаньня Мікалаю Ільіну. Ён загінуў 13 ліпеня ў выніку абстрэлу пад Зайцавам Данецкай вобласьці. Аднак пэтыцыя не набрала неабходнай для перадачы яе на разгляд прэзыдэнта Ўкраіны колькасьці подпісаў.
У красавіку 2023 году за некалькі дзён пасьля публікацыі сабралі неабходную колькасьць подпісаў пад пэтыцыяй аб неабходнасьці ўзнагародзіць званьнем Героя Ўкраіны і Зоркай Героя грамадзяніна Беларусі Данііла Ляшука, які загінуў 1 красавіка ля сяла Першамайскага Данецкай вобласьці. Аднак рашэньне пакуль ня ўхвалена. Пасьля гэтай пэтыцыі прэзыдэнт Украіны пасьмяротна ўзнагародзіў Данііла Ляшука ордэнам Мужнасьці трэцяй ступені.