Размовы аб неабходнасьці легалізацыі мэдыцынскай марыхуаны ішлі ва Ўкраіне з 2016 году. У ліпені 2023 году законапраект быў ухвалены ў першым чытаньні. Да гэтага заклікаў прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі — ён падтрымаў ініцыятыву яшчэ падчас перадвыбарнай кампаніі ў 2019 годзе.
«Мы павінны нарэшце сумленна легалізаваць для ўсіх, хто мае ў гэтым патрэбу, лекі на аснове канабісу. Адпаведныя навуковыя дасьледаваньні і кантраляваную ўкраінскую вытворчасьць», — заявіў ён.
Адна з прычын, па якой дэпутаты пагадзіліся легалізаваць лекі на аснове канабісу, — вайна. Зяленскі адзначаў, што Украіна мае намер стварыць наймацнейшую ў Эўропе галіну мэнтальнай і фізычнай рэабілітацыі. Легалізацыю падтрымлівалі вядомыя ўкраінцы, сярод якіх журналісты, спартоўцы, палітыкі, вучоныя і лекары.
Актывісты таксама ўказвалі на тое, што легалізацыя мэдычнай марыхуаны можа дапамагчы людзям, якія пакутуюць ад посттраўматычных стрэсавых разладаў (ПТСР).