Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародны камітэт расьсьледаваньня катаваньняў у Беларусі агучыў дэталі падзей у Цэнтральным РУУС Менску 9–13 жніўня 2020 году


Затрыманыя на пратэстах у Менску людзей у адным з пастарункаў, архіўнае фота 2020 году
Затрыманыя на пратэстах у Менску людзей у адным з пастарункаў, архіўнае фота 2020 году

Камітэт апублікаваў дэталёвае расьсьледаваньне тых падзей з разьбіўкай на дні і гадзіны.

Катаваньні грамадзян у Цэнтральным РУУС Менску, якія адбыліся 9–13 жніўня 2020 году, сталі адной з рэакцый уладаў на чале з Аляксандрам Лукашэнкам на пратэсты беларусаў.

Для расьсьледаваньня спэцыялісты вывучылі 54 гісторыі ад пацярпелых людзей, прааналізавалі фатаграфіі траўмаў і мэдыцынскія дакумэнты. У камітэце таксама назвалі імёны 88 супрацоўнікаў сілавых органаў, якія знаходзіліся ва ўказаны пэрыяд у РУУС і «з найбольшай верагоднасьцю бралі ўдзел у катаваньнях».

Паводле зьвестак Міжнароднага камітэту расьсьледаваньня катаваньняў у Беларусі, 9–13 жніўня 2020 году празь сьцены Цэнтральнага РУУС беларускай сталіцы прайшлі ад 400 да 600 чалавек, сярод якіх былі нават непаўналетнія і замежныя грамадзяне.

Апытаныя пацярпелыя сьведчылі пра бесчалавечныя умовы ўтрыманьня, фізычны гвалт (пабіцьцё, пагрозы, ужываньне электрашокераў) і псыхалягічны ціск. Асабліва жорстка абыходзіліся з тымі, каго затрымалі за «палітычныя» артыкулы, хто меў нацыянальную сымболіку або вылучаўся нефармальным вонкавым выглядам.

«Уначы, пад дажджом, затрыманыя гадзінамі ляжалі тварам у асфальт або стаялі ля сьцяны ў пакутлівых позах з паднятымі або адведзенымі назад рукамі. Нярэдка пясьці рук былі перацягнутыя плястыкавымі будаўнічымі сьцяжкамі ці кайданкамі», — адзначана ў расьсьледаваньні.

Асобнай катэгорыяй расьсьледаваньня ішло апазнаньне.

«З дапамогай задакумэнтаваных намі пацярпелых мы правялі апазнаньне патэнцыйных злачынцаў. Працэс апазнаньня ўскладняўся наступнымі фактарамі: большасьць сілавікоў былі ў балаклавах або мэдыцынскіх масках; многія з пацярпелых на тэрыторыі Беларусі асьцерагаюцца рэпрэсій і вырашылі ня ўдзельнічаць у працэсе апазнаньня; акрамя гэтага, з моманту падзей прайшло больш за тры гады, таму многія дэталі і вобразы сьцерліся ў памяці апытаных».

У поўнай вэрсіі справаздачы аўтары прыводзяць сьпіс з 33 сілавікоў, якіх удалося апазнаць пацярпелым.

Пры гэтым аўтары расьсьледаваньня адзначылі, што віна гэтых людзей павінна быць даведзеная ў судзе. Мэта расьсьледаваньня палягае толькі ў тым, каб захаваць доказы і забясьпечыць вяршэнства правасудзьдзя.

У дэталёвай справаздачы можна прачытаць пра падзеі ў розны час. Зьмест дакумэнту мае разьбіўкі на дні і прамежкі часу па гадзінах. Усе апазнаныя сілавікі прыводзяцца са сьціслай даведкай пра іх і фатаграфіямі.

Раней Міжнародны камітэт расьсьледаваньня катаваньняў у Беларусі ўжо публікаваў некалькі сваіх расьсьледаваньняў падзей 2020 году. У прыватнасьці, ён зрабіў справаздачы па катаваньняў у Савецкім РУУС 9–13 жніўня, на ЦІП на Акрэсьціна 9–14 жніўня, у Фрунзэнскім РУУС 9–12 жніўня.

Акрамя таго, на рахунку Камітэту іншыя расьсьледаваньні катаваньняў грамадзян з боку рэжыму Лукашэнкі. Гэта і матэрыялы пра ГУБАЗіК, і перасьлед за падтрымку Ўкраіны ў вайне, і злачынствы супраць чалавецтва, і гамафобную палітыку ўладаў, і іншае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG