У дачыненьні да былога журналіста і відэаапэратара з Магілёва Яўгена Глушкова заведзеная крымінальная справа, паведамляе праваабарончы тэлеграм-канал MAYDAY TEAM.
Паводле папярэдняй інфармацыі, яго абвінавачваюць паводле арт. 361-1 Крымінальнага кодэксу (стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім).
Паведамляецца, што экс-журналіста затрымалі на пачатку студзеня «пры дапамозе штурму», бо ён нібыта «не адчыніў дзьверы сілавікам». «Яго выцягнулі на вуліцу проста ў тым адзеньні, у якім ён знаходзіўся дома», — удакладняюць праваабаронцы.
Пра зьмяшчэньне Глушкова ў ізалятар часовага ўтрыманьня стала вядома 15 студзеня. Ён быў затрыманы «4 ці 5 студзеня», жыў адзін, з жонкай і сынам кантакту апошнім часам не падтрымліваў. Суседзі бачылі, як сілавікі выводзілі яго з кватэры.
Пра тое, што Глушкоў пад сьледзтвам, жонку затрыманага апавясьціў сьледчы.
Яўген Глушкоў у 1990-я і 2000-я гады працаваў на магілёўскім гарадзкім тэлебачаньні, пасьля гэтага супрацоўнічаў зь некалькімі гарадзкімі парталамі.
- Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году беларускія ўлады пачалі кампанію па ліквідацыі і крыміналізацыі незалежных СМІ, якая працягваецца дагэтуль.
- Магчымасьці працаваць у нацыянальнай юрысдыкцыі былі пазбаўленыя дзясяткі рэспубліканскіх і рэгіянальных мэдыя. Многія зь іх цяпер працуюць на эміграцыі.
- Паводле зьвестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, цяпер у няволі 34 прадстаўнікі СМІ.
Змаганьне ўлады супраць недзяржаўных СМІ
Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.
Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.
Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.
Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.
На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.
Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».
Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».