Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці былой палітзьняволенай Вольгі Такарчук Ірыну затрымалі паводле крымінальнай справы


Ірына і Вольга Такарчук.
Ірына і Вольга Такарчук.

Былая палітзьняволеная Вольга Такарчук распавяла «Вясьне», як падчас масавага рэйду сілавікоў 23 студзеня затрымлівалі яе маці, 63-гадовую пэнсіянэрку Ірыну Такарчук.

«У 7.30 раніцы да мяне ў кватэру прыйшлі два кэгэбэшніка ў цывільнай форме адзеньня, — кажа Вольга Такарчук. — Быў павярхоўны ператрус, самі яны былі культурнымі і ветлівымі, нават разуліся. Забралі мой тэлефон, паклікалі панятых, склалі пратакол. Дзеці (дачцэ — 6 гадоў, сыну —10) напалохаліся».

Вольгу Такарчук забралі на допыт у КДБ, дзе пыталіся пра е-дастаўку.

«На пытаньне: „Вы нешта ведаеце?“ я сказала: „Ня ў курсе, я блогер, у мяне ёсьць падпісчыца, яна вырашыла дапамагчы — вось дапамагала. Нічога больш я не ведаю“. Паглядзелі тэлефон, выпісалі дастаўкі, якія былі ў мяне. Бліжэй да абеду сказалі: „Мы зараз паедзем да мамы“. Дазволілі ёй патэлефанаваць па гучнай сувязі сказаць, што да яе едуць. І яны прыехалі да яе ўжо цалкам падрыхтаваныя. Задавалі канкрэтныя пытаньні, папрасілі напісаць яўку з павіннай. Маму забралі ў КДБ, я таксама яшчэ была там. Мяне папярэдзілі, што прывезьлі маму.

Мне гэтак жа прапанавалі напісаць яўку з павіннай, я кажу: „У чым мне вінаваціцца? што мне падпісчык дапамагаў каўбасой?“. Яны: „Напішы чыстасардэчнае прызнаньне, што ты раскайваесься і больш ня будзеш браць каўбасу ў падпісчыка“.

У мяне забралі тэлефон з сім-картай і дзесьці а палове дзявятай вечара адпусьцілі. Мама засталася там. Потым ужо сказалі, што мама затрыманая. Маму каталі з Акрэсьціна ў СІЗА належныя тры дні. Нам удалося перадаць ёй нейкія рэчы».

На наступны дзень сьледчы патэлефанаваў бацьку Вольгі Такарчук і сказаў прыехаць у якасьці сьведкі па справе яго жонкі Ірыны Такарчук. Бацька Вольгі адмовіўся ад дачы ўсіх паказаньняў. У яго забралі тэлефон.

«На трэці дзень мамінага арышту і мяне выклікалі сьведкай па маме. Я таксама адмовілася ад дачы паказаьнняў. Спытала: „Дзе мой тэлефон?“ Сказалі, што яшчэ ў сьледчага», — распавядае Вольга. — У гэты ж дзень мы даведаліся, што на маму распачалі крымінальную справу. Няма гарантыі, што і на мяне з бацькам не завядуць крымінальных спраў».

Паводле Вольгі Такарчук, за суткі было прынятае рашэньне аб выезьдзе — цяпер яна зь дзецьмі і бацькам у бясьпецы.

«У мяне ў Беларусі засталася адна сястра, а на ёй — бабуля з інваліднасьцю (татава мама) і мама, якая на дадзены момант у турме Жодзіна. Калі я яшчэ пасьля свайго вызваленьня ўсё ж такі маральна рыхтавалася да таго, што можа быць трэба будзе бегчы (і тое, у выніку, я апынулася маральна не гатовая), то для таты сьвет абваліўся раптам. Ён пакінуў усё: кватэру, машыну, сабаку, сваю маму, сяброў і, галоўнае, сваю жонку, якая ў турме „за каўбасу і макароны“. Цяпер ён у такім стане, што складана перадаць».

На сёньняшні дзень, як піша «Вясна», Ірыне Такарчук выставілі абвінавачваньне па частцы 2 артыкула 361-4 Крымінальнага кодэкса («Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG