Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сымбалем Менску мог бы стаць чалавек у футарале». Размова з мастаком Міхасём Мішуком


Мастак Міхась Мішук
Мастак Міхась Мішук

У Вільні адкрываецца выстава пэйзажаў беларускага мастака, якога ў Менску ведалі як аўтара «памаранчавых вадалазаў». Вядомы Міхась Мішук і працай над музычнымі кліпамі. Пагаварылі з творцам пра тое, ці магчыма заставацца мастаком у эміграцыі.

Мастаку Міхасю Мішуку 34 гады, ён былы палітвязень. У 2020 годзе адбыў адміністрацыйны тэрмін за ўдзел у пратэставай акцыі, а ўлетку 2022 году разам з сваёй дзяўчынай Валерыяй выехаў зь Беларусі. Першыя 10 месяцаў пара жыла ў Вільні, потым перабралася ў Варшаву. Гэтымі днямі ненадоўга Міхась прыехаў зноў у Вільню, каб паказаць у сталіцы Літвы выставу сваіх твораў, у асноўным пэйзажаў. Яна называецца... «Бяз назвы».

Міхась Мішук на выставе
Міхась Мішук на выставе

«Навошта краявідам даваць назвы? Тут галоўнае настрой, які ў кожнага свой», — тлумачыць Міхась і паказвае свае творы, намаляваныя алеем у арыгінальнай тэхніцы. «Вось апошні пэйзаж, зроблены ў Беларусі. Даволі змрочны. А вось першы, які намаляваў, як прыехаў да Вільні: таксама на душы было трывожна. А гэтыя гарадзкія пэйзажы ўжо іншыя», — кажа суразмоўца і тлумачыць, чаму апошнія працы выглядаюць больш калярытна.

«Змрочны пэрыяд мінае, апошнія карціны па настроі сапраўды весялейшыя, для іх ужо не шкадаваў яркіх фарбаў. Час ідзе, як мастак я працую больш упэўнена, але гэта ня значыць, што ў мяне закончыліся праблемы, уласьцівыя эміграцыі. Таму на пытаньне, як выжыць мастаку, які апынуўся ў замежжы, у мяне пакуль няма кароткага адказу. Калі працуеш, пра гэта ня думаеш. Таму — працаваць, і яшчэ каб сябры ды родныя не падводзілі», — кажа суразмоўца.

Грошы і алькаголь на «Беларусьфільме»

Міхась Мішук скончыў беларускую Акадэмію мастацтва ў 2014 годзе. Калі падчас вучобы выбіраў спэцыялізацыю «выяўленчае рашэньне фільмаў» спадзяваўся, што прафэсія мастака-кінапастаноўшчыка будзе цікавай і прынясе дастатак, але аказалася ўсё інакш. Працаваць малады мастак трапіў на кінастудыю «Беларусьфільм», быў задзейнічаны на здымках фільма «Палескія рабінзоны» — і адразу моцна расчараваўся.

«Толькі п’юць, а грошай ня плацяць. Мой сябар займаўся здымкамі рэклямы, дык зарабляў літаральна ў 10 разоў больш. Але справа ня толькі ў грашах — працаваць зусім было не цікава», — сьцьвярджае Мішук.

Міхась Мішук
Міхась Мішук

Паступова Міхась таксама перайшоў у выраб рэклямы, заняўся здымкамі музычных кліпаў. Як мастак-пастаноўшчык працаваў для вядомых кампаній, у тым ліку Velcom (цяпер А1), Life, Samsung. Справы ішлі нядрэнна, у Менску напярэдадні падзей 2020 году ў яго ўжо была свая майстэрня-студыя, дзе па ўласных эскізах выраблялі дэкарацыі для рэклямных ролікаў. Зь відэа для Samsung у мастака зьвязаны апошні ўспамін аб той працы ў Беларусі, якую давялося кінуць і амаль забыць.

«Гэта быў ужо 2021 год, рэпрэсіі набывалі форму параноі, і мы гэта на сабе адчулі самым неймаверным чынам», — кажа Міхась і ўспамінае здымкі ў Лагойскім раёне.

Тады ў полі яны паставілі вялікі подыюм з экранам-заднікам, на фоне якога мусіла выступаць сьпявачка. Пабудову пафарбавалі ў чырвоны, але здалёк магло выглядаць як спалучэньне апазыцыйных колераў. Здымкі былі ўзгодненыя зь мясцовымі ўладамі, і ўсё роўна знайшоўся пільны чыноўнік, які па дарозе з Лагойску ў Менск убачыў, што нешта ў полі адбываецца, вырашыў перасьцерагчыся і патэлефанаваў у міліцыю.

«Літаральна перад здымкамі туды панаехалі мясцовыя міліцыянты, за імі — яшчэ і зь Менску. Ледзь усіх нас не арыштавалі. Я дык схаваўся ў лесе, бо ў мяне ўжо быў арышт і ўсіх дакладна падставіў бы», — прыгадвае Міхась свой шлях да эміграцыі.

Карціна Міхася Мішука
Карціна Міхася Мішука

«Дзяўчыну перастаў браць на маршы»

Хоць усё закончылася ўцёкамі за мяжу, пра падзеі 2020 году Міхась расказвае з тварам амаль шчасьлівага чалавека.

«Зьявілася магчымасьць нешта зрабіць важнае, зьмяніць сьвет вакол сябе, якой мы і скарысталіся», — тлумачыць мастак.

У той час ён працаваў таксама для «Галерэі Ў», якая месьцілася ў двары каля плошчы Перамогі. Майстэрня Міхася была непадалёк, і напярэдадні выбараў зь сябрамі яны пачалі «вулічную агітацыю» — наносілі на розныя вулічныя і дваравыя пабудовы пратэставую сымболіку.

«Аднойчы нават насупраць Акадэміі міліцыі намалявалі», — ганарыцца мастак.

Паводле Міхася, пасьля выбараў ён далучыўся да маршаў пратэсту і, хаця з кожнай нядзеляй гэтая справа станавілася ўсё небясьпечнейшай, не спыняўся да лістапада.

«Толькі дзяўчыну сваю перастаў браць на маршы», — прызнаецца былы пратэстовец.

15 лістапада 2020 году ён пайшоў на акцыю памяці Рамана Бандарэнкі, якога асабіста ведаў з часу вучобы ў Акадэміі мастацтваў.

«Пайшоў, але мяне „ўзялі“ на падыходзе да „плошчы Перамен“. Як усіх, завезьлі на Акрэсьціна, суд даў 13 сутак, і паехаў я адбываць свой тэрмін у жодзінскі ізалятар. Дарэчы, тады яшчэ выдавалі матрацы. А галоўнае, мог маляваць і потым дазволілі вынесьці малюнкі. Маляваў твары сукамэрнікаў, рэчы, абстаноўку ў камэры. Маляваў, нават калі хварэў на ковід, хоць было вельмі цяжка. Хварэла ўся камэра, удзень ляжалі літаральна на падлозе, бо нары займаць забаранілі», — успамінае «суткі» Міхась Мішук.

Малюнак Міхася Мішука з «турэмнай сэрыі».
Малюнак Міхася Мішука з «турэмнай сэрыі».

Паводле мастака, наступны год ён правёў у настроі паступовага «спаўзаньня ад надзеі да безнадзейнасьці». Заказы на здымкі зьніклі, дэкарацыі, якія мог вырабіць, сталі нікому не патрэбныя. Пэрспэктываў вярнуцца на працу ў дзяржаўнай сфэры тым больш было не відаць. Міхась успамінае, як сядзеў у роднай Мар’інай Горцы, займаўся то будоўляй дома, то пацягваў з бутэлькі віскі, ды ламаў галаву над пытаньнем, з чаго пачынаць новае жыцьцё. У нейкі шчасьлівы момант успомніў, што ён мастак, а не будаўнік, і зноў пачаў маляваць.

«Мне псыхоляг потым сказала, што малюнкі для мяне сталі ратаваньнем, вярнулі да жыцьця. Якраз тады мы з Валерыяй вырашылі: калі пачынаць новае жыцьцё, дык на новым месцы».

Памаранчавы вадалаз і 3%

У ранейшыя гады Міхась часта займаўся яшчэ і тым, што вывешваў у розных месцах Менску малюнкі папяровых памаранчавых вадалазаў. «Асвойваў прастору», — так кажа мастак аб прыдуманым ім вобразе для вулічнай інсталяцыі.

«Нібы чалавек у футарале, кожны можа сябе ўявіць такім вадалазам. З часам такі вадалаз мог бы стаць сымбалем Менску, як анёл у Вільні», — мяркуе Міхась.

Мастак сьцьвярджае, што ў раёне менскага парку Горкага «на адным аб’екце» дагэтуль захаваліся рэшткі ягонага вадалаза.

Пасьля 2020 году Міхась задумаўся, якім чынам зьберагчы памяць аб пратэставай вулічнай сымболіцы.

«А што, калі гэта зрабіць праз напісаньне гарадзкіх пэйзажаў?» — падумаў ён і вырашыў шукаць месцы, дзе заставаліся выявы такой сымболікі, ды пераносіць іх алеем на палатно.

Адзін з пэйзажаў зрабіў «недзе каля плошчы Францішка Багушэвіча». На малюнку — вядомы сымбаль таго часу «3%», якім пратэстоўцы вымяралі папулярнасьць Лукашэнкі. Пра гэты пэйзаж мастак думае, што ён стане дакумэнтам часу.

«Зьдзівіўся, як знайшоў тыя 3%. Як яны дагэтуль захаваліся? Прыгледзеўся — і зразумеў. Крамолу камунальнікі замалявалі, але пашкадавалі фарбы ці знарок зрабілі дывэрсію — замазалі шэрым ня ўсю сьцяну, а толькі саму лічбу. У выніку 3% па-ранейшаму чыталіся», — дагэтуль радуецца Міхась.

«Публічны выраз»

Падобныя пэйзажы Міхась Мішук аб’яднаў у сэрыю «Публічны выраз», якую працягнуў папаўняць і ў эміграцыі. У Вільні ён зрабіў некалькі гарадзкіх пэйзажаў з антываеннымі і антырасейскімі надпісамі на дамах.

«Адзін малюнак ужо купілі за добрыя грошы. Проста ўбачылі ў маім фэйсбуку і замовілі», — задаволены мастак.

Праца Міхася Мішука з сэрыі «Публічны выраз»
Праца Міхася Мішука з сэрыі «Публічны выраз»
З сэрыі «Публічны выраз»
З сэрыі «Публічны выраз»

Паводле Мішука, у фінансавым пляне ягоная творчасьць пакуль не дае таго выніку, які ён меў у Беларусі, але як мастак ён разьвіваецца і спадзяецца на посьпех.

«Так, у нашай Акадэміі вучылі маляваць, але не вучылі прасоўваць і прадаваць свае карціны. А ў Эўропе гэтай хутчэй засвойваеш, трэба толькі працаваць, шукаць цікавыя тэмы, падыходы да іх выяўленьня. А яшчэ — ніколі не забываць казаць людзям, што ты прадаеш свае карціны, бо людзі ж не чытаюць тваіх думак, што ты хочаш яшчэ і зарабіць», — усьміхаецца суразмоўца.

Паводле Міхася Мішука, для яго назаўсёды мінулі часы, калі лічылася, што добры мастак — гэта мастак галодны, які думае толькі пра напісаньне карцін, а ўсе астатняе за яго вырашаюць іншыя людзі.

«Тут шмат розных праграмаў навучаньня, грантаў дапамогі мастакам. Магчымасьцяў разьвівацца значна больш, трэба толькі навучыцца гэтым карыстацца», — прызнаецца Мішук.

Выстава пэйзажаў Міхася Мішука «Бяз назвы» адкрываецца 9 лютага ў віленскім цэнтры CreateCulture Space па вуліцы Кармэліту, 5. Гэта ўжо другая выстава мастака ў сталіцы Літвы з 2023 году. У 2024-м беларус плянуе правесьці пэрсанальную выстаўку сваіх твораў яшчэ і ў Варшаве.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG