Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі прысвоіў званьне Героя Ўкраіны з уручэньнем ордэна «Залатая Зорка» Валерыю Залужнаму, якога 8 лютага звольніў з пасады галоўнакамандуючага Ўзброенымі сіламі Ўкраіны.
Як адзначаецца ў падпісаным Зяленскім указе, Валеры Залужны ўганараваны званьнем Героя «за значныя асабістыя заслугі ў абароне дзяржаўнага сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны і самаадданае служэньне ўкраінскаму народу».
Званьне Героя Ўкраіны таксама атрымаў і кіраўнік Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны Кірыла Буданаў — за асабістую мужнасьць і гераізм, праяўленыя ў абароне дзяржаўнага сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны, і за самаадданае служэньне ўкраінскаму народу.