Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я быў першым польскім журналістам, які зьняў фільм пра Акрэсьціна». Размова з дакумэнталістам Блюзам


Ян Блюз
Ян Блюз

Дакумэнтальны фільм «У калёнію за праўду» апавядае пра 11 беларускіх журналістаў, якія зазналі ціск і рэпрэсіі.

«Паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў, са жніўня 2020 году па чэрвень 2023 году адбылося каля 554 затрыманьняў журналістаў у Беларусі. 73 супрацоўнікам мэдыя выставілі крымінальныя абвінавачаньні», — з такога напаміну пачынаецца фільм «У калёнію за праўду» польскага кінадакумэнталіста Яна Блюза, які паказаў сваім гледачам канал «Настоящее время».

Цягам 40 хвілін у фільме расказваюцца гісторыі 11 беларускіх журналістаў, якія на сабе зазналі пазбаўленьне акрэдытацый, біцьцё і затрыманьні.

«33 беларускія журналісты дагэтуль знаходзяцца ў турмах», — нагадвае аўтар фільму. Ён кажа, што стужка першапачаткова мела іншую назву — «Ніхто ня мусіць ведаць праўду».

«Мой фільм ня толькі пра тое, у якім пункце апынуліся незалежныя беларускія журналісты, якія асьвятлялі пратэсты, але і пра тое, чаму іх кідалі за краты», — кажа аўтар фільму.

Ян Блюз — фрылансэр. Праект, які днямі зьявіўся ў інтэрнэце, ён зрабіў пры падтрымцы Пулітцэраўскага цэнтру ЗША і прапанаваў розным тэлеканалам. Аўтар чакае, што фільм яшчэ пакажуць у Польшчы, а з субтытрамі і па-ангельску — у эўрапейскіх краінах.

«У Эўропе думаюць, што з развалам СССР усё зьнікла. Ня ведаюць, што ў вас фактычна засталася сталінская турэмная сыстэма. Трэба пра гэта расказваць», — тлумачыць сваю задачу кінадакумэнталіст.

Польскі кінадакумэнталіст Ян Блюз
Польскі кінадакумэнталіст Ян Блюз

У журналістыцы Ян 12 гадоў. Кажа, што пачынаў у эканамічных мэдыя ў Польшчы, але ў 2015 годзе вырашыў здымаць дакумэнтальнае кіно.

«Вырашыў, што людзям цікавей глядзець, чым чытаць», — тлумачыць суразмоўца. Ян не прыхільнік закадравага тэксту. Ён кажа, што за аўтара павінны выказвацца самі героі. Адсюль аўтарскі стыль Яна Блюза — павольныя размовы, успаміны, узважаныя камэнтары чаргуюцца з кадрамі брутальных разгонаў, сцэнамі, ад якіх закіпае кроў.

Польскі кінадакумэнталіст Ян Блюз
Польскі кінадакумэнталіст Ян Блюз

«У Беларусі спадабалася лазьня па-чорнаму»

Знаёмства зь Беларусьсю ў Яна Блюза адбылося ў 2019 годзе, калі прыехаў у Віцебск на фэстываль дакумэнтальнага кіно «Watch docs» са стужкай пра моладзевыя праблемы ў Польшчы.

«Яна называлася „Падзямельле надзеі“, фэстываль прайшоў для мяне ўдала. Пасьля ўсёй праграмы як госьця мяне павезьлі ў вёску пад Віцебскам, гэта было незабыўна: адкрытыя шчырыя людзі, лазьня па-чорнаму — нібы падарожжа ў часе. Плянаваў зноў да вас прыехаць, але падзеі 2020 году ўсё перакулілі», — згадвае Ян Блюз.

У Віцебску на фэстывалі паляк пасябраваў зь яго арганізатарамі-беларусамі. Завязалася перапіска. Калі пачаліся падзеі 2020 году, ён не застаўся ўбаку, а скантактаваўся з новымі сябрамі і пачаў здымаць першых уцекачоў зь Беларусі, якія з канца жніўня ўжо зьяўляліся ў Польшчы. Гэтак у 2021 годзе ўзьнік першы ягоны фільм пра Беларусь «Артыкул 293». Героямі сталі маладыя беларусы, якія пацярпелі ад міліцэйскага гвалту на разгонах маршаў пратэсту.

«Магчыма, я быў першым польскім журналістам, які зьняў падобны фільм пра Акрэсьціна і тыя вашы падзеі», — кажа суразмоўца.

Калі ў 2022 годзе расейскія войскі ўварваліся ва Ўкраіну, Ян паехаў і пачаў здымаць там. Таксама здымаў там беларусаў, якія апынуліся ва Ўкраіне пасьля 2020 году. Пасьля — беларускіх валянтэраў, якія дапамагалі ўцекачам. У канцы году журналіст выйшаў на новую цікавую для сябе тэму — рэпрэсіі супраць беларускіх журналістаў.

Польскі кінадакумэнталіст Ян Блюз
Польскі кінадакумэнталіст Ян Блюз

«Даведаўся, што пасадзілі трох журналістаў Радыё Свабода, шмат каго з карэспандэнтаў „Белсату“, журналістаў іншых незалежных мэдыя. Падумалася, што гэта вельмі важная тэма. Бо гэта жахліва, калі рэпартэры, якія хочуць проста рабіць сваю справу, паказваць рэальнасьць і гаварыць праўду, апынуліся ў турмах».

Паводле Яна Блюза, другой групай герояў ягонага фільму сталі тыя, хто кідае журналістаў за краты і катуе іх у вязьніцах. Пра такіх згадала ў фільме экс-рэдактарка «Новага часу» Аксана Колб. Былая палітзьняволеная, акрамя сваёй гісторыі, расказала пра расьсьледаваньне, якое пасьпеў зрабіць да арышту горадзенскі журналіст Дзяніс Івашын. Ён высьветліў і абнародаваў імёны былых украінскіх сілавікоў-беркутаўцаў, якія ўцяклі ад суду з Украіны ў Беларусь.

«Вельмі важна паказаць эўрапейцам стаўленьне сілавікоў да тых, хто мірна пратэставаў у Беларусі. Міліцыя абыходзіцца зь імі значна горш, чым са зладзеямі ці нават забойцамі. Важна гэта ведаць. Карцары, біцьцё, зьдзекі і прыніжэньне, дрэнная мэдыцына, ніякае харчаваньне, нявольніцкая праца. Старая бальшавіцкая сыстэма захавалася. І гэта адбываецца ня дзесьці там, а ў Эўропе, бо Беларусь таксама частка Эўропы», — абураецца польскі рэжысэр.

«У вас большая кансыстэнцыя місіі журналіста»

Папрацаваўшы зь беларускімі журналістамі, Ян Блюз параўноўвае іх з польскімі калегамі. Адзначае адметнасьці, плюсы і мінусы. Умовы, у якіх працуюць беларусы, польскаму журналісту здаюцца зусім неймавернымі.

«Максымум, чым наш журналіст рызыкуе, калі робіць такую ж працу ў Польшчы, гэта, можа, нейкі адміністрацыйны штраф. І то яшчэ трэба ўявіць надзвычайную сытуацыю. А ў Беларусі за гэта закрываюць у турмах на шмат гадоў. Мне падчас здымкаў такое было вельмі балюча чуць», — кажа Ян Блюз.

Суразмоўца змог прыгадаць толькі адзін выпадак з 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя, калі ў Польшчы быў забіты журналіст. Наколькі вядома Яну Блюзу, у Беларусі падобных трагедый некалькі, але гэта не спыніла актыўнасьці супрацоўнікаў беларускіх мэдыя.

Польскі кінадакумэнталіст Ян Блюз
Польскі кінадакумэнталіст Ян Блюз

«Вы ўсе, калі ішлі працаваць рэпартэрамі, апэратарамі, нават мэнэджарамі, ведалі, што гэта можа скончыцца турмой ці нават сьмерцю. І чаму тады вы на гэта пагадзіліся? Мой адказ такі: вы чамусьці адчуваеце, што ваша праца — гэта нейкая місія для грамадзтва. Мы ў Польшчы таксама лічым, што праца журналіста вельмі важная, але кансыстэнцыя гэтага разуменьня ў вас больш шчыльная. Гэта я ўбачыў і на прыкладзе тых журналістаў, якіх здымаў для апошняга фільму», — прызнаецца Ян Блюз.

Праца пад абстрэламі

Зь лютага 2022 году Ян Блюз шмат бывае і здымае ва Ўкраіне і заўважае, што цяпер яго мала чым можна зьдзівіць ці напалохаць.

«У Харкаве ледзь не на галаву падалі ракеты, «Іскандэры», — успамінае рэжысэр сваю працу пад абстрэламі расейцаў. Па яго словах, адзін з абстрэлаў пачаўся, калі Ян здымаў працу хірургаў у мясцовым шпіталі. Побач грымелі выбухі, таму хацелася хутчэй схавацца, але лекары працягвалі працаваць, нібы ўсё нармальна.

Яшчэ адно вельмі моцнае ўражаньне ад вайны ва Ўкраіне суразмоўца атрымаў падчас паездкі на поўдзень ад Харкава, у бок Славянску.

«150 кілямэтраў дарогі, але куды ні паглядзіш — усё разбурана, усё зьнішчана. Ніводнага ацалелага дома! Быццам апынуўся ў нейкім фільме пра Апакаліпсіс», — расказвае дакумэнталіст.

З часоў апошняй выправы ва Ўкраіну Ян Блюз працуе над новым праектам пра беларусаў, якіх сустрэў на вайне і побач зь ёю.

«Пра беларускіх уцекачоў ва Ўкраіне, пра вашых валянтэраў, байцоў палку Каліноўскага, актывістаў правых рухаў, левых, байцоў-беларусаў іншых частак. Гэта вельмі моцныя людзі, вартыя фільмаў пра іх. Яны хочуць паказаць, што Беларусь — гэта ня толькі Лукашэнка і што вайна ва Ўкраіне для іх павінна скончыцца свабодай для Беларусі», — расказвае суразмоўца.

Беларускай мовай авалодаў самастойна

Ян Блюз прызнаецца, што ў маладыя гады пра Беларусь амаль нічога ня ведаў, хоць і было цікава. Паступова гэта перарасло ў трывалую цікаўнасьць, у працу над агульнымі праектамі і нават вывучэньне беларускай мовы. На сёньня польскі журналіст авалодаў ёю ўжо настолькі, што можа ня толькі выказвацца, але і пісаць тэксты.

«Мы ж суседзі, у нас шмат агульнай гісторыі, і мовы нашы вельмі падобныя. Ведаю з уласнага досьведу, што калі беларус будзе размаўляць па-беларуску павольна, дык просты паляк яго зразумее на 80%. Тое самае і наадварот», — зазначае польскі журналіст і прызнаецца, што ня кідае надзеі зноў прыехаць у Беларусь.

Няпэўна Ян Блюз выказваецца і пра магчымасьць беларускім калегам, якія апынуліся ў эміграцыі, вярнуцца на радзіму. Польскі журналіст праводзіць аналёгіі з падзеямі ў Польшчы ў канцы 80-х гадоў. Ян мяркуе, што ўмовы для вяртаньня могуць скласьціся праз 3–5 гадоў. Але дадае, што нешта важнае можа адбыцца і раней.

«У любы момант. Тут пытаньне іншае: а што далей? Пачнецца ў вас, умоўна кажучы, „круглы стол“, як было ў нас за Ярузэльскім, ці пераход да дэмакратыі зацягнецца, падымецца хваля помсты, што прывядзе да грамадзянскай вайны? Мне здаецца, што больш шанцаў на „круглы стол“, бо ў вас ужо ёсьць досьвед дэмакратызацыі, хоць і ня вельмі ўдалы. Вам вырашаць», — кажа суразмоўца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG