Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі стварылі электронную пэтыцыю супраць стварэньня мікрараёну паблізу гістарычнага цэнтру Горадні


Калоская царква ў Горадні, архіўнае фота
Калоская царква ў Горадні, архіўнае фота

Аўтары пэтыцыі прапанавалі ўладам абмежаваць шасьцю паверхамі будынкі або ўвогуле адмовіцца ад будаўніцтва новага мікрараёну.

У Беларусі на адмысловым рэсурсе электронных пэтыцый зьявіўся зварот да гарадзкіх уладаў Горадні, каб тыя адмовіліся ад узьвядзеньня новага мікрараёну «Залаты» або абмежавалі павярховасьць будынкаў.

Як адзначаецца ў пэтыцыі, якую на момант публікацыі падпісалі 62 чалавекі, будаўніцтва плянуецца недалёка ад гістарычнага цэнтру горада, побач з Калоскай царквой, якая зьяўляецца адным з імаверных кандыдатаў на ўнясеньне ў сьпіс сусьветнай спадчыны UNESCO ад Беларусі. Каложу пабудавалі ў 1140-1170 гадах і яна зьяўляецца адным з унікальных помнікаў дойлідзтва XII стагодзьдзя ў Беларусі і ўсёй Усходняй Эўропе.

«Каля гэтай царквы зьбіраюцца пабудаваць новы жылы масіў, ён разьлічваецца на 6 тысяч чалавек. Вышыня будынкаў будзе складаць ажно да 19 паверхаў», — адзначаецца ў пэтыцыі.

Паводле аўтараў звароту, такая забудова закрые агляд на Каложу і парк побач зь ёй, дзе знаходзіцца памятны камень Давыду Горадзенскаму і памятны знак «Пагоня на Грунвальд».

«Гэтыя помнікі культуры захоўваюць памяць пра бітву пад Грунвальдам — бітву, якую ў свой час ведала ўся Эўропа. Дзякуючы велікакняскім ваярам нашыя продкі фактычна адваявалі нам незалежнасьць. Мы павінны захоўваць памяць пра нашыя перамогі. Перанос знаку выглядае сумнеўнай ініцыятывай, а камянёў старажытных у нас увогуле засталося ня так ужо і шмат — пры транспартаваньні ён можа проста страціць сваё аблічча», — адзначаецца ў пэтыцыі.

Аўтары пэтыцыі прапанавалі ўладам абмежаваць шасьцю паверхамі будынкі або ўвогуле адмовіцца ад будаўніцтва новага мікрараёну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG