Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША пацьвердзілі, што Беларусь застаецца прыярытэтам у зьнешняй палітыцы


Лягатып стратэгічнага дыялёгу ЗША з дэмакратычнымі сіламі Беларусі. Ілюстрацыйнае фота
Лягатып стратэгічнага дыялёгу ЗША з дэмакратычнымі сіламі Беларусі. Ілюстрацыйнае фота

ЗША разглядаюць адмову «рэжыму Лукашэнкі» выдаваць пашпарты беларусам, якія жывуць за межамі краіны, як яшчэ адну форму прыгнёту.

Намесьнік дырэктара Брусэльскага мэдыяцэнтру і прэсавы сакратар (на расейскай мове) Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Дэніэл Сайзэк заявіў, што Беларусь застаецца прыярытэтам для амэрыканскіх уладаў.

«Беларусь па-ранейшаму зьяўляецца прыярытэтам ЗША. І на знак гэтага ў сьнежні Дзярждэпартамэнт правёў першы Стратэгічны дыялёг зь беларускім дэмакратычным рухам і грамадзянскай супольнасьцю. Сьвятлана Ціханоўская была там сустаршынёй», — паведаміў Дэніэл Сайзэк у інтэрвію выданьню «Люстэрка».

Дэніэл Сайзэк нагадаў, што ў часе гэтага дыялёгу ЗША выказалі салідарнасьць з «мужнымі беларусамі, якія шмат чым рызыкуюць у пошуках дэмакратыі», асудзілі масавыя парушэньні правоў чалавека і заклікалі да вызваленьня ўсіх палітвязьняў.

«Агенцтва ЗША па міжнародным разьвіцьці адкрывае новы офіс у Літве, каб працягваць падтрымліваць свае праграмы ў вашай краіне. Мы запусьцім праграмы па абароне нацыянальнай ідэнтычнасьці Беларусі, уключаючы мову, мастацтва, літаратуру і гісторыю. Удзельнікі стратэгічнага дыялёгу таксама абмеркавалі эканамічнае разьвіцьцё дэмакратычнай Беларусі ў будучыні, важнасьць незалежных СМІ і супрацьдзеяньня дэзынфармацыі», — паведаміў ён.

Дэніэл Сайзэк дадаў, што ЗША разглядаюць адмову «рэжыму Лукашэнкі» выдаваць пашпарты беларусам, якія жывуць за межамі краіны, як яшчэ адну форму прыгнёту.

«ЗША працягваюць шчыльны кантакт са сваімі эўрапейскімі партнэрамі і беларускімі дэмакратычнымі рухамі, каб дапамагчы беларусам у гэтай сытуацыі. Рашэньне аб прызнаньні гэтага дакумэнту [пашпарта Новай Беларусі, які распрацоўваюць дэмакратычныя сілы. — РС) яшчэ не ўхвалілі», — дадаў намесьнік дырэктара Брусэльскага мэдыяцэнтру і прэсавы сакратар (на расейскай мове) Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША.

Дэніэл Сайзэк таксама паведаміў, што «ЗША разглядаюць новыя меры, каб яшчэ больш узмацніць ціск на рэжым», аднак ён адмовіўся ўдакладніць дэталі.

«Мы спрабуем наўпрост уплываць на рэжым. Ён ня мае ніякай легітымнасьці, Лукашэнка застаецца ва ўладзе дзякуючы сіле. Рэжым павінен разумець, што беларускі народ адпрэчыў недэмакратычную сыстэму», — сказаў Дэніэл Сайзэк.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG