Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мільён для мяне не кішэнныя грошы». Гутарка з Паўлам Падкарытавым пра адабраны маёнтак Падароск і мэцэнацтва


Павал Падкарытаў у Менску, 2019 год
Павал Падкарытаў у Менску, 2019 год

Бізнэсовец і мэцэнат расказаў Свабодзе пра канфіскацыю «Маёнтка Падароск», які ён аднаўляў 10 гадоў. А таксама патлумачыў, чаму працягвае ўкладаць грошы ў беларускае.

Нарадзіўся ў Расеі, дае грошы на беларускае

Паўлу Падкарытаву 55 гадоў. Часам ужывае прозьвішча Бераговіч, атрыманае па лініі бабулі. Нарадзіўся ён у Екацерынбургу, жыве ў Таліне. Мае расейскае грамадзянства і дазвол на жыхарства ў Эстоніі. Вядзе зьвязаны зь нерухомасьцю і будаўніцтвам бізнэс у Эўропе. Раней валодаў энэргетычнымі прадпрыемствамі на Ўрале, але спыніў усе сувязі ў Расеі.

Павал Падкарытаў на Камсамольскім возеры ў Менску, 2019 год
Павал Падкарытаў на Камсамольскім возеры ў Менску, 2019 год

У пачатку 2000-х адседзеў 5 гадоў у расейскай турме празь «бізнэс-войны». За кратамі зацікавіўся сваімі беларускімі каранямі і пачаў самастойна вывучаць беларускую мову. Бабуля па кудзелі была беларускай, паходзіла з Чашніцкага раёну.

Упершыню Павал пабываў у Беларусі ў 2010 годзе, апошні раз — у лютым 2020-га. Больш за 10 гадоў ён падтрымлівае грашыма беларускую культуру. Яго называлі мэцэнатам году. Падчас інтэрвію мы гаворым з Паўлам па-беларуску.

У 2013 годзе Падкарытаў набыў маёнтак Падароск у Ваўкавыскім раёне, аднаўляў яго і плянаваў адкрыць там турыстычны комплекс. Уклаў туды каля мільёна даляраў. Днямі стала вядома, што дзяржава забрала комплекс у Падкарытава. Але зьняла эканамічныя абвінавачаньні з супрацоўнікаў маёнтка, якія больш за год былі як бы ў закладніках.

Маёнтак Падароск, 2022 год
Маёнтак Падароск, 2022 год

Прэтэнзіі райвыканкама

«Не лічу, што гэта было справядліва і па законе», — камэнтуе Павал пазбаўленьне яго маёмасьці.

Ён тлумачыць, што ў дамовах аб набыцьці маёнтка не было такіх умоваў, паводле якіх комплекс маглі б забраць. Прэтэнзіі выставіў Ваўкавыскі райвыканкам. Аргумэнтавалі іх тым, што ўсе будынкі трэба было ўвесьці ў эксплюатацыю цягам двух гадоў, то бок да 2015-га. Гэта значыць — правесьці ўсе інжынэрныя дасьледаваньні будынкаў, зрабіць архітэктурна-будаўнічы праект, правесьці яго экспэртызу і выканаць усе будаўніча-рэстаўрацыйныя працы паводле праекту.

«Гэта немагчыма зрабіць за два гады на такім комплексе», — перакананы суразмоўца.

Павал Падкарытаў у Мастаўлянах, архіўнае фота
Павал Падкарытаў у Мастаўлянах, архіўнае фота

Цяпер падобныя дамовы расьпісаныя больш дакладна, працягвае ён. Толькі на распрацоўку праекту адводзяць па 2–3 гады.

Бізнэсовец кажа, што паводле дамовы яны павінны былі цягам двух гадоў ня ўводзіць будынкі ў эксплюатацыю, а праводзіць там гаспадарчую дзейнасьць. Яны гэта і зрабілі — падрыхтавалі тэрыторыю і будынкі для наведваньня, і з канца 2014 году праводзілі ў палацы экскурсіі. Раней суды не забіралі маёмасьць у падобных выпадках.

Павал адзначае, што праектаваньне сапраўды зацягнулася, бо вялікую частку праекту трэба было перарабляць. Да таго ж дадатковыя абавязкі накладваў статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці комплексу. На канец 2023 году праект быў гатовы на 60–70%. Але, са словаў суразмоўцы, ня гэта дало падставу для прэтэнзіяў.

Дзесяць гадоў працы

За дзесяць гадоў у маёнтку Падароск зрабілі багата працы, расказвае Павал Падкарытаў. Правялі поўную рэстаўрацыю ўязной брамы. Яна была зруйнаваная ўверсе, на ёй расьлі дрэвы. Яе пачысьцілі, аднавілі муроўку, як у 1875 годзе.

Уязная брама, маёнтак Падароск, 2022 год
Уязная брама, маёнтак Падароск, 2022 год
Уязная брама, 2014 год
Уязная брама, 2014 год

Будынак кузьні быў расколаты амаль напалову. Яму фактычна зрабілі новы фундамэнт, умацавалі і апрацавалі сьцены ад грыбкоў. Змантавалі ўнутры мэталічны павільён, на яго паставілі дах. Унутры павільёна быў гатовы інтэр’ер сувэнірнай крамы, але яе не пасьпелі адкрыць.

Ва ўсіх будынках правялі ахоўныя працы. У палацы і афіцыне залаталі прарэхі ў даху, зрабілі водаадлівы, пафарбавалі сьцены.

Маёнтак Падароск, 2014 год
Маёнтак Падароск, 2014 год

У палацы зрабілі часовую экспазыцыю на 14 заляў, якая дазваляла праводзіць комплексную экскурсію пра гісторыю шляхты Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай і Расейскай імпэрыі. Яна была часткова зьвязаная зь лёсам былых уладальнікаў — Бохвіцаў.

У стайні зрабілі будынак са зборных павільёнаў, накрылі яе дахам. Там плянавалі разьмесьціць кавярню, якая магла б прымаць наведнікаў.

Павал Падкарытаў у Менску, 2019 год
Павал Падкарытаў у Менску, 2019 год

Пачалі будаваць камунікацыі, бо ў маёнтку іх не было: водаправод, каналізацыю, электрычныя сеткі. Каб зрабіць дзьве сьвідравіны за тэрыторыяй маёнтка, дакуплялі ўчастак. Але камунікацыі не пасьпелі падключыць да будынкаў.

З крыміналу — на «адміністратыўку»

Пра тое, што маёнтак у прыватнага ўласьніка хочуць забраць, стала вядома ў канцы 2022 году. Тады некалькі супрацоўнікаў «Маёнтка Падароск» затрымалі, на іх завялі крымінальную справу нібыта за нясплату падаткаў і страхавых унёскаў на суму амаль 400 тысяч рублёў.

«Калі я прачытаў пастанову аб узбуджэньні крымінальнай справы, яна мне здалася абсурднай. Там былі пазначаныя нерэальныя лічбы нібы нясплаты падаткаў. Такіх абаротаў у маёнтка Падароск ніколі не было. Мы заўжды плацілі падаткі, такой сумы не набегла б ніколі», — кажа былы ўласьнік сядзібы.

Павал Падкарытаў, архіўнае фота
Павал Падкарытаў, архіўнае фота

Тады ж пракуратура параіла райвыканкаму забраць маёнтак, бо нібыта ўласьнік не выконвае ўмовы. Падкарытаву прапаноўвалі добраахвотна адмовіцца ад маёнтка. Ён на гэта не пайшоў.

«Гэта было комплексным наездам», — мяркуе Падкарытаў.

У крымінальнай справе было 6 фігурантаў:

  • заснавальнік «Маёнтка Падароск» Павал Падкарытаў;
  • дырэктар «Маёнтка Падароск» Юры Меляшкевіч;
  • фінансавы дырэктар Зьміцер Карабач;
  • бухгальтар Вольга Балтрукевіч;
  • былы дырэктар Андрэй Колас;
  • супрацоўнік фонду «Вяртаньне» Сяргей Макарэвіч.

«Сяргей Макарэвіч быў прыцягнуты сюды штучна, бо ён ніколі не працаваў у „Маёнтку Падароск“, ніяк не перасякаўся зь фінансамі маёнтка», — камэнтуе Павал.

Большасьць фігурантаў, апрача Падкарытава і Коласа, на той момант знаходзіліся і дагэтуль застаюцца ў Беларусі.

«Мне было зразумела, што гэтая справа — нагода затрымаць супрацоўнікаў і аказваць псыхалягічна-маральны ціск, знайсьці ў дакумэнтацыі нешта такое, каб прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці паводле нейкіх іншых падставаў», — мяркуе бізнэсовец.

Экскурсія ў маёнтку Падароск, 2022 год
Экскурсія ў маёнтку Падароск, 2022 год

Празь пяць месяцаў усіх затрыманых выпусьцілі пад паручальніцтва. Крымінальную справу ў выніку закрылі «за адсутнасьцю складу злачынства». Яна вылілася ў адміністрацыйную.

«Нам налічылі 300 даляраў быццам бы нясплаты падаходнага падатку і каля 500 даляраў памылкова нясплачаных унёскаў у ФСАН», — кажа Павал.

Ёсьць магчымасьць абскардзіць крымінальную справу яшчэ ў Вярхоўным судзе. Але цяпер гэтага рабіць ня будуць.

«Сэнсу рабіць гэта зараз няма. Мы пачакаем», — кажа былы ўласьнік маёнтка.

Маёнтак Падароск, 2022 год
Маёнтак Падароск, 2022 год

«Ці буду я жыць і працаваць бяз гэтага мільёна? Так, буду»

Бізнэсовец набыў комплекс у Падароску за 120 тысяч даляраў. Кажа, што за 10 гадоў уклаў у яго агулам каля мільёна даляраў.

«Я не магу сказаць, што гэта мае кішэнныя грошы. Гэта значная сума майго даходу. Яна адчувальная для мяне. Згубіць яе для мяне — праблема. Але гэта не невырашальная праблема. Гэта ня ўсе грошы, якія я меў. Я разумеў, што было б глупствам укласьці ўсе свае грошы ў такі рызыкоўны праект. Ці буду я жыць і працаваць бяз гэтага мільёна? Так, буду. Шкада мне яго? Так, шкада», — кажа ён.

Павал Падкарытаў у Грэцыі, 2021 год
Павал Падкарытаў у Грэцыі, 2021 год

Павал кажа, што рашэньне па маёнтку было для яго непрыемным, хаця і чаканым.

«Я дарослы, дасьведчаны чалавек з досьведам вядзеньня рызыкоўнага бізнэсу, бо вёў яго ў Расеі. Я па другой адукацыі юрыст. Я быў падрыхтаваны. Але калі я атрымаў незаконнае рашэньне, толкам не абгрунтаванае, то я адчуваў расчараваньне, злосьць», — прызнаецца ён.

Павал Падкарытаў, фота з архіву героя
Павал Падкарытаў, фота з архіву героя

Адначасна бізнэсовец кажа, што прымае сытуацыю, якая яна ёсьць. Стараецца не засяроджвацца на эмоцыях, «не марнаваць час на дэпрэсію», але аналізуе, што можна зрабіць у гэты момант.

«Усё пакідаецца за плячыма, бо трэба ісьці наперад», — кажа ён.

«Для мяне Беларусь — гэта культура»

Больш за 10 гадоў Павал Падкарытаў дае грошы на беларускую культуру: літаратурныя прэміі, кнігавыданьне, музычныя праекты, іншыя культурніцкія ініцыятывы.

«Я ніколі не перарываў гэтую дзейнасьць. Гэта тое, што я рабіў і буду рабіць», — кажа мэцэнат.

Павал Падкарытаў з айцом Аляксандрам Надсанам
Павал Падкарытаў з айцом Аляксандрам Надсанам

Ён дадае, што ня ведае, колькі праектаў падтрымаў або колькім людзям дапамог. Кажа, што частку сваёй дабрачыннасьці не афішуе, бо дапамагае канкрэтным людзям у складаных сытуацыях: калі яны страцілі жытло, ня маюць чаго есьці, ня могуць знайсьці працу, просяць аплаціць некалькі сэмэстраў у вучэльні.

«Не заўжды варта агучваць такія рэчы», — лічыць ён.

Пасьля 2020 году кірунак дапамогі зьмяніўся. Праекты ў Беларусі бізнэсовец спансаваў праз фонд «Вяртаньне». Цяпер яго ліквідавалі.

Павал Падкарытаў
Павал Падкарытаў

«Падтрымліваць праекты ўнутры Беларусі цяпер я магчымасьці ня маю. Вырасла колькасьць праектаў, якія рэалізуюць за мяжой. Магчыма, спэктар стаў нават шырэйшы. Зьяўляюцца незвычайныя праекты, пакліканыя, каб аб’яднаць беларусаў культурным жыцьцём у тых краінах, куды яны вымушаныя былі пераехаць. Ёсьць праекты, вартыя захапленьня. Няма дэфіцыту ідэяў», — заўважае мэцэнат.

Аднак ён кажа, што ня можа падтрымаць усіх і выбірае, каму дапамагаць. У яго ёсьць інстытуцыя, празь якую ідзе дапамога. Рашэньні прымае Рада гэтай інстытуцыі. Адмаўляюць прыкладна палове тых, хто зьвяртаецца.

«Цяжка адмаўляць людзям, бо бачыш, што сытуацыя ўвогуле складаная. Людзі страцілі дамы, працу, сувязі з роднымі, сем’і распадаюцца, людзі цярпяць і фізычна, і псыхалягічна. Апынуцца на чужыне без таго, што цябе прывязвала да жыцьця раней, вельмі складана. Знайсьці сваё месца ў гэтым сьвеце, захаваць раўнавагу душэўную вельмі складана. Але, на жаль, функцыі дзяржавы ўзяць на сябе я не магу», — кажа ён.

Павал таксама кажа, што не падтрымлівае палітычныя праекты, бо ён не грамадзянін Беларусі і думае, што ня мае права ўдзельнічаць у палітыцы краіны.

«Для мяне Беларусь — гэта культура. Нават „карты беларуса“ ў мяне няма. Я хачу падтрымліваць праекты зьвязаныя з прасторай беларускамоўнай культуры», — кажа ён.

Павал Падкарытаў, архіўнае фота
Павал Падкарытаў, архіўнае фота

На пытаньне пра тое, што яму як бізнэсоўцу дае мэцэнацтва, Павал жартуе: «Што, акрамя галаўнога болю?». Ён дадае, што прыбытку можна было чакаць ад «Маёнтка Падароск», і тое не адразу. Што тычыцца дабрачыннасьці, то там камэрцыйнай выгады ён ня мае.

«Я хутчэй падтрымліваю вынік — пашырэньне беларускай прасторы. Я бачу, што далучаюцца новыя людзі, выходзяць кнігі, песьні, людзі камунікуюць. Мяне гэта цалкам задавальняе», — кажа ён.

Павал Падкарытаў зь пісьменьнікам Уладзімерам Арловым
Павал Падкарытаў зь пісьменьнікам Уладзімерам Арловым

Адначасна ён прызнаецца, што мае ад дапамогі і нематэрыяльнае задавальненьне.

«Было б глупствам адмаўляць, што кожнаму чалавеку прыемна, калі пра яго кажуць добра. Тут важна ня выйсьці за межы здаровай самаіроніі, не ўспрымаць сябе сапраўды як мэцэната. „Пане Дабрадзею“», — іранічна кажа пра сябе ён.

Ён кажа, што не імкнецца да частых згадак у мэдыя або да званьня «галоўнага мэцэната» і мэдаля за сваю дзейнасьць.

«Думаю, ёсьць людзі, чый унёсак большы, чым мой, або дакладна ня меншы. Часта я не хачу афішаваць, калі дапамагаю. Я не люблю тусовак, пакланеньняў. Мне прыемна, калі пра мяне кажуць, што я дапамагаю беларускай культуры, але гэта не галоўная мая мэта, прынамсі я так думаю. Ёсьць больш удзячныя сфэры, дзе можна было б праславіцца», — падсумоўвае ён.

Павал Падкарытаў
Павал Падкарытаў

На пытаньне, якія зьмены павінны адбыцца ў Беларусі, каб ён мог і хацеў туды прыехаць, Павал надоўга задумваецца. Кажа, што нават калі выпусьцяць усіх палітвязьняў, гэта ня будзе гарантыяй, што падобнае не паўторыцца.

«Думаю, павінна адбыцца нешта такое, што пакажа магчымасьць перадачы ўлады ў Беларусі цывілізаваным дэмакратычным шляхам, у канстытуцыйным парадку. Калі будуць прызначаныя новыя свабодныя выбары, калі забясьпечаць вольную дзейнасьць прэсы і грамадзкіх арганізацый, калі будуць абмежаваныя паўнамоцтвы сілавых органаў, калі яны стануць на сваё месца», — мяркуе Павал.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG