Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барысаўскага журналіста Зянкова пакаралі 3 гадамі пазбаўленьня волі


Аляксандар Зянкоў, архіўнае фота
Аляксандар Зянкоў, архіўнае фота

Разгляд крымінальнай справы пачаўся 12 студзеня ў Менскім гарадскім судзе, судзьдзёй была Жанна Брысіна.

Менскі гарадзкі суд 30 студзеня пакараў фотажурналіста і відэаапэратара Аляксандра Зянкова 3 гадамі пазбаўленьня волі ва ўмовах агульнага рэжыму, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ).

Судзьдзя Жанна Брысіна прызнала яго вінаватым на падставе ч. 3 арт. 361-1 КК («Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім»).

Зянкова затрымалі 22 чэрвеня 2023 года ў ягоным доме ў Барысаве (Менская вобласьць). Судовы працэс ішоў з 12 студзеня. Праваабаронцы прызналі Аляксандра палітычным зьняволеным.

Зянкоў супрацоўнічаў зь недзяржаўнымі СМІ, уключаючы барысаўскі сайт ex-press.by (цяпер ex-press.live), кантэнт якога быў прызнаны «экстрэмісцкімі матэрыяламі» двойчы — у кастрычніку 2021 году і лютым 2023-га. Рэдакцыя сайта ў лістападзе мінулага году ўнесена ў пералік «экстрэмісцкіх фармаваньняў».

Па дадзеных БАЖ, у Беларусі 35 супрацоўнікаў СМІ знаходзяцца ў зьняволеньні.

Фатографа Аляксандра Зянкова затрымалі 22 чэрвеня 2023 году ў ягоным доме ў Барысаве. Сілавікі зрабілі ў ператрус і забралі кампутарную тэхніку.

Пасьля гэтага Зянкова адразу павезьлі ў Менск, дзе пэўны час трымалі ў ІЧУ на Акрэсьціна, а потым перавялі ў сьледчы ізалятар № 1 на вуліцы Валадарскага.

Раней Аляксандра Зянкова затрымлівалі міліцыянты, але да адміністрацыйнага, тым больш крымінальнага, перасьледу справа не даходзіла. У ліпені 2020 году ён быў у ліку 47 журналістаў і фатографаў, затрыманых у Менску і адпушчаных пасьля праверкі дакумэнтаў. Пасьля гэтага, у верасьні 2020-га, да барысаўскага фатографа прыходзіла міліцыя, каб папярэдзіць пра недапушчальнасьць парушэньня заканадаўства.

Аляксандар Зянкоў працаваў фатографам-фрылансэрам з 1998 году: ён зарэгістраваўся як прыватны прадпрымальнік, сам шукаў сабе працу і плаціў падаткі. Супрацоўнічаў зь мясцовымі незалежнымі выданьнямі. Потым захапіўся відэаздымкамі, рабіў у тым ліку і дакумэнтальныя стужкі, якія атрымлівалі ўзнагароды на фэстывалях хрысьціянскіх фільмаў і тэлепраграм «Магніфікат». У прыватнасьці, у 2015 годзе журы фэстывалю адзначыла ягоную творчую працу пра адбудову царквы ў вёсцы Зэмбін.

Апошнім часам Аляксандар Зянкоў шмат падарожнічаў, фатаграфаваў краявіды, прыродныя зьявы, птушак і помнікі архітэктуры. У сьнежні 2022 году ў яго была пэрсанальная фотавыстава.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG