Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуціна зарэгістравалі кандыдатам у прэзыдэнты Расеі, нягледзячы на скаргу 26 дэпутатаў


Уладзімір Пуцін
Уладзімір Пуцін

Пуцін балятуецца ўжо на пяты тэрмін. Папраўкі ў Канстытуцыю РФ, сутнасьць і працэдуру прыняцьця якіх крытыкавалі экспэрты, далі яму права стаць прэзыдэнтам пяты (і шосты) раз. Упершыню ён заняў гэтую пасаду ў 2000 годзе.

Уладзімір Пуцін ідзе на выбары самавылучэнцам. Для рэгістрацыі яму патрэбна было сабраць ня менш за 300 тысяч подпісаў расейцаў з розных рэгіёнаў краіны ў падтрымку свайго вылучэньня.

У ходзе збору подпісаў адбываліся шматлікія парушэньні, адзначае расейская служба Свабоды. У прыватнасьці, у Санкт-Пецярбургу подпісы зьбіралі сябры ўчастковай камісіі, што ясна забаронена законам. Прадстаўнікі рэгіянальных уладаў рабілі справаздачу аб пастаўленым за Пуціна подпісе, адначасна яго расхвальваючы: у законе «стварэньне станоўчага вобразу кандыдата» ўжо лічыцца агітацыяй, а чыноўнікам і дэпутатам агітаваць забаронена.

У ЦВК падавалі заяву з патрабаваньнем не рэгістраваць Пуціна кандыдатам. Адна з падстаў — парушэньні пры зборы подпісаў, другая — «незаконныя папраўкі ў Канстытуцыю». Скаргу падпісалі 26 былых і дзейных расейскіх дэпутатаў розных узроўняў улады.

Пуцін стаў чацьвёртым зарэгістраваным кандыдатам — пасьля Ўладзіслава Даванкова ад «Новых людзей», Мікалая Харытонава ад Камуністычнай партыі Расейскай Фэдэрацыі (КПРФ) і Леаніда Слуцкага ад Лібэральна-дэмакратычнай партыі Расеі (ЛДПР). Іх партыі прадстаўленыя ў Дзяржаўнай Думе, таму зьбіраць подпісы ім ня трэба.

Усяго на пасаду прэзыдэнта прэтэндуюць 11 кандыдатаў, збор подпісаў завершыцца 31 студзеня.

Кіраўніца ЦВК Эла Памфілава на пасяджэньні камісіі таксама аб’явіла, што слоганам выбарчай кампаніі Пуціна стане «Разам мы сіла — галасуем за Расею». У 2018 годзе, калі Пуцін балятаваўся на чацьвёрты тэрмін, слоган гучаў так: «Наша краіна, наш прэзыдэнт, наш выбар!».

Галасаваньне на выбарах прэзыдэнта Расеі пройдзе з 15 па 17 сакавіка 2024 году. Выбары ў Расеі незалежныя назіральнікі і экспэрты ацэньваюць як несвабодныя і несумленныя. Улады Расеі рэгулярна ўмешваюцца ў выбарчы працэс, абцяжарваюць доступ апазыцыі, ствараюць перавагі праўладным кандыдатам, у шэрагу выпадкаў гаворка ідзе і пра прамыя фальсыфікацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG