Аляксандар Лукашэнка 25 студзеня прызначыў 43-гадовага Аляксандра Хаджаева новым міністрам аховы здароўя. Да гэтага больш за тры гады пасаду займаў Дзьмітрый Піневіч.
Свабода зьвязалася з ініцыятывай «Белыя халаты», каб пацікавіцца: хто ж такі Аляксандар Хаджаеў і чаго ад яго чакаць на пасадзе міністра?
«Пра Аляксандра Хаджаева як лекара вядома мала, ён абараніў дысэртацыю зь вельмі сумнеўнай мэтадалёгіяй — гэтая гісторыя хадзіла як анэкдот у лекарскім асяродзьдзі. Вы ўявіце, як тэхнічна гэта можа выглядаць — псыхіятрыя падчас родаў», — кажуць у «Белых халатах».
У ініцыятыве лекараў кажуць, што пачынаў Аляксандар Хаджаеў зусім не як псыхіятар, а як патолягаанатам. Паводле суразмоўцаў, такая радыкальная зьмена спэцыялізацыі — зьява нячастая, але нармальная. «Проста чалавек зразумеў, што гэта не ягонае», — тлумачаць лекары.
«Белыя халаты» таксама сьцьвярджаюць, што Аляксандар Хаджаеў практычна ўвесь час займаў пасаду мэнэджара ў сфэры аховы здароўя.
«Мы ня можам сьцьвярджаць, што ягоны кар’ерны рост зьвязаны з бацькам Валерыем Хаджаевым, які ў свой час быў першым міністрам аховы здароўя, аднак такая выснова напрошваецца сама. Ягоны бацька зарэкамэндаваў сябе як надзвычай злапомны і помсьлівы чалавек. Калі ён заняў пасаду намесьніка міністра, то пачаў помсьціць калегам, зь якімі ў яго былі асабістыя рахункі», — расказваюць у лекарскай ініцыятыве.
Што тычыцца працы Хаджаева ў РНПЦ псыхічнага здароўя ў Навінках, куды яго прызначылі ў траўні 2021 году, то водгукі адтуль таксама не найлепшыя.
«Зь ягоным прыходам пачаліся рэпрэсіі і звальненьні, з цэнтру сыходзілі ня толькі лекары, але і сярэдні мэдпэрсанал, паколькі ўмовы працы станавіліся невыноснымі. Ніякіх значных праектаў пад кіраўніцтвам Хаджаева не рэалізавана, з пункту гледжаньня навукі цэнтар увогуле незаўважны, адтуль сышлі ўсе яркія спэцыялісты», — кажуць у «Белых халатах».
Пра адстаўку ж Піневіча, паводле лекараў, чуткі хадзілі ўжо даволі даўно.
«Аднак асноўным прэтэндэнтам на пасаду называлася Ірына Абельская. З гэтым зьвязвалі рэспубліканскую праверку, якая езьдзіла па краіне. Магчыма, убачанае дало зразумець, што ахова здароўя — гэта не такое ўтульнае месца, як было ў часы Людмілы Пастаялкі (былая міністарка, маці Ірыны Абельскай. — РС). І гэта прымусіла памяняць пляны і прызначыць аналяг Караева і ў ахову здароўя», — кажуць «Белыя халаты».
У ініцыятыве перакананыя, што Аляксандар Хаджаеў дзеля захаваньня пазыцыі пойдзе на ўсё.
«Ягоная кампэтэнтнасьць як мэнэджара ці лекара-практыка надзвычай сумнеўныя», — рэзюмавалі суразмоўцы.