Калёнія № 14 знаходзіцца за 100 кілямэтраў ад Менску, у пасёлку Навасады Барысаўскага раёну. Часам яе нават называюць барысаўскай. Пабудавалі яе ў 1960-х, у 2011 годзе там утрымлівалі каля 3 тысяч чалавек. Сёньня вядомыя імёны 10 палітвязьняў, якія знаходзяцца ў Навасадах. Гэта ў тым ліку Зьміцер Дашкевіч і фігурант «справы Аўтуховіча» Віктар Сьнягур.
Са словаў праваабаронцы Васіля Завадзкага, які працаваў там у першай палове 90-х, а пасьля ўзначальваў мэдыцынскую службу Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў, навасадзкая калёнія раней мела досыць станоўчую характарыстыку, пра яе адгукаліся як пра параўнальна добрае месца зьняволеньня. Калёнія блізка ад Менску, туды лёгка было прывезьці нейкае кіраўніцтва, каб паказаць установу. Таму, на думку праваабаронцы, супрацоўнікі паводзілі сябе досыць стрымана са зьняволенымі, іхная дзейнасьць была навідавоку.
Калёнія для паўторна асуджаных
Навасадзкую калёнію таксама называюць калёніяй для рэцыдывістаў, яна мела статус строгага рэжыму. Такія калёніі ёсьць яшчэ ў Горках і Ваўкавыску. Івацэвіцкая яшчэ лічыцца «строгай», але яе зьбіраюцца закрываць.
«Зьняволеныя маюць стаж, ужо адбывалі пакараньне, ведаюць, як сябе паводзіць. У нейкім сэнсе ім лягчэй. Зь „першаходамі“ ў калёніі складаней», — мяркуе Васіль Завадзкі.
Паводле ягоных назіраньняў, цяпер пры першай судзімасьці ў сярэднім даюць большыя тэрміны, чым за паўторныя.
Пасьпяховая вытворчасьць
Вядома, што калёнія ў Навасадах спэцыялізуецца на мэталаапрацоўцы. На яе базе працуе дзяржаўнае прадпрыемства «Чатырнаццаць», якое вырабляе запчасткі да трактарнай тэхнікі, мэблі і будаўнічыя тавары.
Па стане на 2011 год у Навасадах выпускалі прыкладна траціну ад усіх вырабаў, якія рабілі ва ўсіх калёніях Беларусі. За 2010 год тут зрабілі прадукцыі на 45 мільярдаў беларускіх рублёў. Раней у яе былі вытворчыя кантакты з расейскімі заводамі, мэтал прывозілі з расейскага Ліпецку.
«Выпускалі легендарныя навасадзкія вёдры, тазікі з ацынкаванай сталі», — успамінае праваабаронца.
У калёніі рабілі камплектныя часткі для МАЗу, БелАЗу, Бабруйскага трактарнага заводу, Смаргонскага радыятарнага заводу, Магілёўскага аўтамабільнага заводу, гомельскага заводу «Гідрапрывад».
«Разьвітая вытворчасьць хочаш ня хочаш прымушала ставіцца да зьняволеных больш паблажліва... Быў адзін зьняволены з залатымі рукамі. Прасілі, каб я звазіў яго ў Барысаў у шпіталь, бо ў яго былі праблемы са здароўем, канвой ахвотна выдзялялі», — успамінае Васіль.
Цывільныя супрацоўнікі
Калёнія для пасёлку Навасады фактычна «пасёлкаўтваральнае» прадпрыемства.
«Большая частка насельніцтва пасёлка працавала ў калёніі або была „завязаная“ на калёніі. Настаўніцы ў школах былі жонкамі афіцэраў. Калёнія для пасёлка — частка жыцьця. У горадзе іншая справа. У пасёлку выкарыстоўвалі слэнг зьняволеных, а таксама паводзіны: паабяцаць і не зрабіць. Я гэта зьвязваю з уплывам асяродзьдзя, бо для зьняволенага падмануць супрацоўніка — гэта гонар», — успамінае Васіль Завадзкі.
Калёнія валодае крамай у пасёлку. Там прадаюць прадукты і алькаголь. Цяпер установа пачала будаваць у Навасадах новую краму, большую.
Спроба самагубства
26 сакавіка 2023 году з вакна калёніі ў Навасадах выкінуўся асуджаны. Ён скокнуў з другога паверху. Праваабарончы цэнтар «Вясна» паведамляў, што гэта адбылося з прычыны жорсткага абыходжаньня са зьняволенымі ў папраўчай калёніі.
Вядома, што яго завуць Уладзімер Іпатаў. Пасьля інцыдэнту асуджаны выжыў і знаходзіўся ў шпіталі Барысава. Крыніца, якая паведаміла пра здарэньне, сьцьвярджала, што мужчына меў праблемы з хрыбетнікам і быў асуджаны паводле палітычнага артыкулу. Яго далейшы лёс невядомы.
«У мяне склалася ўражаньне, што на яго ня ціснулі адмыслова за тое, што ён палітзьняволены. Магчыма, у яго была дэпрэсія, што нярэдка бывае ў пэнітэнцыярных установах, або праз адносіны паміж зьняволенымі», — камэнтуе выпадак Васіль Завадзкі.
Зь ягоных словаў, у калёніі раней быў недахоп вузкіх спэцыялістаў. Прыкладна ў 2018-2019 годзе адзін са зьняволеных страціў зрок, бо ў яго нясвоечасова выявілі дабраякасную пухліну ў мозгу, дадаў праваабаронца.
У той жа час летась увесну стала вядома, што палітвязень з Гомля Міхаіл Зубкоў абвясьціў у Навасадах сухую галадоўку. Ён пратэставаў супраць незаконнага зьмяшчэньня ў штрафны ізалятар. Зубкоў удзельнічаў у пратэстах у Гомлі ў 2020-м, потым выехаў у Расею. Там яго затрымалі і выдалі ў Беларусь. Яму прысудзілі далі тры гады зьняволеньня.
Чытаньне кніг дзецям празь відэасувязь
У пачатку мінулага году бібліятэка Барысава атрымала грант на працяг праекту, у якім бацькі з турмаў па відэасувязі чытаюць кнігі сваім дзецям. Ён называўся «Тата побач. Мама, давай пагаворым», яго ажыцьцяўлялі з 2020 году.
Бібліятэка павінна была атрымаць 3700 рублёў. За гэтыя грошы плянавалі набыць ноўтбук, кнігі і падарункі для дзяцей, а таксама папоўніць бібліятэчныя фонды дзіцячай бібліятэкі і бібліятэкі папраўчай калёніі № 14. Ці зьняволеныя сапраўды чыталі дзецям кнігі празь відэасувязь, невядома.
Візыты Андрэя Лемяшонка
Пра гэта паведамілі на другі дзень пасьля поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну.
Андрэй Лемяшонак — духоўнік Сьвята-Лізавецінскага манастра, які зьбірае грошы для расейскіх вайскоўцаў і падтрымлівае лукашэнкаўскі рэжым. Пры візыце ў калёнію зь ім былі манашкі, а таксама дзяк, які раней адбываў зьняволеньне ў Навасадах. Сьвятар Лемяшонак адправіў богаслужэньне, а потым сустрэўся ў асуджанымі ў актавай залі калёніі, пагаварыў зь імі і адказаў на пытаньні.
Розгалас шкодзіць ці дапамагае?
У апошні час многія сваякі палітвязьняў адмаўляюцца абнародаваць інфармацыю пра родных. Яны тлумачаць, што потым за кратамі тым помсьцяць: кідаюць у штрафны ізалятар за надуманае парушэньне (ня так павітаўся або ня так пагаліўся), пазбаўляюць спатканьняў, званкоў, перадач, не перадаюць лістоў.
Аднак нават калі сям’я не пашырае зьвестак аб тым, што адбываецца з палітвязьнем, на яго могуць працягваць ціснуць. Менавіта ў Навасадах адбыўся суд над Зьмітром Дашкевічам, якога пасьля перавялі ў больш строгія ўмовы ў Жодзіна. Гэта адбылося нягледзячы на тое, што блізкія Зьмітра не публікавалі інфармацыі аб умовах, у якіх ён там знаходзіўся.
Сьціслая інфармацыя пра палітыка зьяўлялася раз на некалькі месяцаў: што ня выпусьцілі пасьля заканчэньня тэрміну, што прайшоў чарговы суд. У студзені жонка Зьмітра Наста напісала ў сацыяльных сетках, што мужа паўгода трымалі ў бэтонным памяшканьні ў Жодзіна, цяпер ён у ШЫЗА ў Навасадах, дзе дзікі холад і трэба ўсю ноч рабіць зарадку, каб сагрэцца.
Былы палітвязень Віктар* (імёны суразмоўцаў зьмененыя дзеля іхнай бясьпекі. — РС) расказаў Свабодзе, што, на ягоную думку, розгалас у мэдыя дапамагае палітвязьням.
«Трэба, каб людзі, якія выйшлі з калёніі, расказвалі пра тое, што там адбываецца. Гэта нярэдка ўтрымлівае шараговых супрацоўнікаў ад перавышэньня паўнамоцтваў, нягледзячы на тое, што выклікае раздражненьне адміністрацыі турмы», — мяркуе Віктар.
Ён думае, што існуе падзел: адным палітвязьням дазваляюць знаходзіцца за кратамі без дадатковых складанасьцяў, для іншых ствараюць невыносныя ўмовы.
«Проста адныя сядзяць ціхенька, імкнуцца не прыцягваць увагу адміністрацыі, а іншыя паводзяць сябе ў адпаведнасьці са сваімі перакананьнямі і каштоўнасьцямі, не зьвяртаюць увагу на незаконныя патрабаваньні, напрыклад не размаўляць на палітычныя тэмы, гаварыць толькі на расейскай мове, размаўляць толькі з тымі, з кім дазваляе адміністрацыя», — дзеліцца Віктар.
Сваяк яшчэ аднаго палітвязьня Іван думае, што розгалас раней шкодзіў ягонаму роднаму, бо пра яго зьяўлялася шмат публічнай інфармацыі. Цяпер ягонаму блізкаму ствараюць дадатковыя цяжкасьці за кратамі, абмяжоўваюць камунікацыю нават зь сям’ёй, хаця пра яго ўжо амаль не зьяўляецца інфармацыі ў мэдыя ці сацсетках. Іван думае, што такі ціск — гэта ўсё яшчэ наступства папярэдняга розгаласу.