Кіраўнік ураду Шатляндыі Хумза Юсаф стаў 400-м палітыкам, які далучыўся да адпаведнай кампаніі швайцарска-нямецкай праваабарончай арганізацыі Libereco для падтрымкі беларускіх палітвязьняў, і першым кіраўніком ураду, які далучыўся да кампаніі салідарнасьці, паведамляе Libereco.
«Палітыкі, якія выступаюць супраць дэмакратыі, ніколі не перамагаюць. Я з жахам назіраў, як Лукашэнка скраў выбары ў Беларусі ў 2020 годзе, за жорсткімі рэпрэсіямі супраць тых, хто зь ім ня згодны. Як першы кіраўнік ураду ў сьвеце, які падтрымлівае палітвязьня беларускага рэжыму, я заклікаю іншых далучыцца да Шатляндыі і недвухсэнсоўна асудзіць злоўжываньні, якія зьдзяйсьняюцца рэжымам Лукашэнкі супраць беларускага народу», — заявіў Хумза Юсаф.
Ён таксама адзначыў, што Дзьмітрыю Галавачу прысудзілі 9 гадоў турмы «проста за тое, што ён выкарыстоўваў сваю свабоду слова і пратэсту», і выказаў спадзяваньне, што ён і ягоны ўрад зможа «прыцягнуць увагу і падтрымку для яго і для тысяч іншых палітычных вязьняў у Беларусі».
Мужыку вядомага беларускага гурту Tor Band Дзьмітрыя Галавача асудзілі на 9 гадоў узмоцненага рэжыму і 100 базавых велічыняў штрафу паводле 4 артыкулаў Крымінальнага кодэксу: «Распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці»; «Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім»; «Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь» і«Абраза прэзыдэнта».
Libereco запусьціла кампанію салідарнасьці з палітвязьнямі Беларусі #WeStandBYyou ў ліпені 2020 году, роўна за месяц да прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі 9 жніўня 2020 году. У рамках гэтай кампаніі дэпутаты эўрапейскіх парлямэнтаў бяруць на сябе спонсарскую апеку над палітычнымі вязьнямі ў Беларусі.
У межах кампаніі #WeStandBYyou Libereco таксама заклікае людзей праявіць салідарнасьць з усімі, хто выступае ў Беларусі за свабодныя і справядлівыя выбары, дэмакратызацыю краіны, вяршэнства закону і павагу правоў чалавека і хто зазнаў перасьлед за свае перакананьні. Для гэтага прапануюць выкарыстоўваць хэштэгі #WeStandBYyou у сацсетках для распаўсюду і папулярызацыі там матыву кампаніі.
Станам на 25 студзеня беларускія праваабаронцы афіцыйна прызналі палітычнымі вязьнямі 1419 чалавек. Сапраўдная колькасьць асуджаных у палітычных справах можа быць значна большай.