Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Два гады зь дзевяці з болем у адзінай нырцы. Адзін з найстарэйшых палітвязьняў Беларусі рыхтуецца сустрэць Дзень народзінаў за кратамі


Васіль Берасьнеў у сваім офісе ў Воршы, архіўнае фота
Васіль Берасьнеў у сваім офісе ў Воршы, архіўнае фота

У панядзелак, 22 студзеня, свой 74-ты Дзень народзінаў і другі год за кратамі будзе адзначаць палітзьняволены лідэр аршанскага незалежнага прафсаюзу РЭП Васіль Берасьнеў.

Падчас зьняволеньня ў яго моцна абвастрыліся праблемы са здароўем — ён пакутуе на боль у адзінай нырцы. Раней у свой Дзень народзінаў Васіль Берасьнеў гасьцінна зьбіраў у сябе аднадумцаў і калегаў па грамадзкай дзейнасьці на Аршаншчыне. Цяпер ён адбывае 9-гадовы тэрмін зьняволеньня і прызнаны палітвязьнем. Ён адбывае тэрмін у папраўчай калёніі № 15 у Вейне. Праваабарончы цэнтар «Вясна» напярэдадні Дня народзінаў Берасьнева расказаў ягоную гісторыю жыцьця і грамадзкай дзейнасьці.

Шлях ад настаўніка гісторыі да прафсаюзнага актывіста

Пасьля сканчэньня гістарычнага факультэту БДУ Васіль Берасьнеў настаўнічаў, затым кіраваў аграрнай вучэльняй у Высокім на Берасьцейшчыне і за нядоўгі час вывеў яго на высокі абласны ўзровень.

Напачатку 90-х гадоў, у гады дэмакратычнага ўздыму ў Беларусі, стаў дэпутатам Аршанскага райсавету, а затым і яго старшынём. Пасьля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі Берасьнеў пайшоў з пасады старшыні і пачаў цікавіцца грамадзкай дзейнасьцю.

Неўзабаве ён далучыўся да Беларускага Хэльсынскага камітэту, а празь некаторы час стаў сябрам сацыял-дэмакратычнай партыі. Пры гэтым амаль да самай пэнсіі ён выкладаў гісторыю ў вясковых школах.

Васіль Берасьнеў адзін зь першых займеў у Воршы публічны офіс, якім часта карысталіся многія грамадзкія арганізацыі і ініцыятывы. «Будзем зьбірацца ў Берасьнева», — так нярэдка казалі мясцовыя грамадзкія дзеячы адзін аднаму.

Берасьнева за ягоную грамадзкую дзейнасьць неаднаразова затрымлівалі і адміністрацыйна арыштоўвалі. Падчас «Маршу недармаедаў» у 2017 годзе ў Воршы ён на прыступках выканкаму разарваў сымбалічную паперчыну з «антыдармаедзкім» дэкрэтам.

Пасьля выбараў 2010 году Васіль Берасьнеў далучыўся да прафсаюзу Радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП), аршанская структура прафсаюзу неўзабаве стала адной з самых вялікіх у Беларусі зь невялікімі прадстаўніцтвамі ў Круглым і Багушэўску. Празь некаторы час ён стаў намесьнікам старшыні рэспубліканскага прафсаюзу РЭП.

Менавіта ягоная прафсаюзная дзейнасьць паслужыла падставай для крымінальнага перасьледу пасьля акцый жніўня 2020 году супраць фальсыфікацыі выбараў і гвалту.

Закрыты суд і вялікія тэрміны ў справе незалежных прафсаюзаў

Васіля Берасьнева затрымалі 19 красавіка 2022 году ў межах крымінальнай справы супраць незалежных прафсаюзаў.

5 студзеня 2023 году судзьдзя Анастасія Папко абвінаваціла трох прафсаюзных дзеячоў — Васіля Берасьнева, Генадзя Фядыніча і Вацлава Арэшку — у «закліках да санкцый» (ч. 3 арт. 361 КК), «распальваньні іншай сацыяльнай варожасьці» (ч. 3 арт. 130 КК), «стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня альбо ўдзеле ў ім» (ч. 1 і ч. 3 арт. 361-1 КК).

Васілю прызначылі 9 гадоў пазбаўленьня волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Праваабарончыя арганізацыі прызналі Васіля Берасьнева палітычным вязьнем.

Праблемы за здароўем у зьняволеньні

Летась у пачатку кастрычніка стала вядома, што Васіля Берасьнева тэрмінова накіравалі з калёніі ў Магілёўскі абласны шпіталь. Яшчэ падчас знаходжаньня ў СІЗА ў палітвязьня значна пагоршыўся стан здароўя — ён пакутуе на боль у адзінай нырцы.

Сытуацыя настолькі крытычная, што мэдыкамэнтознае лячэньне ня мае сэнсу. Патрэбная перасадка ныркі. На шматлікія просьбы і заявы вязьня аб аказаньні мэдычнай дапамогі, альбо накіраваньні на абсьледаваньне — доўгі час рэакцыі не было. На фоне праблем са здароўем, значна павысіўся ціск і зараз неабходна штодня прымаць адпаведныя лекі.

Паводле зьвестках ад калег, Васілю нырку так і не перасадзілі. Цягам двух дзён яго абсьледавалі ў шпіталі, але вынікаў не паведамілі. Сказалі, што атрымае іх потым, у калёніі. Як ён пачуваецца цяпер — невядома.

Адрас палітвязьня: ПК № 15. 213105, г. Магілёў, п/а Вейна, Слаўгарадзкая шаша, 183. Васіль Ціханавіч Берасьнеў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG