Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што стане з Марзалюком? Расказваем пра выбарчыя акругі, дзе незразумела, хто будзе дэпутатам


Дэпутат Ігар Марзалюк у залі Палаты прадстаўнікоў. Менск, 2020
Дэпутат Ігар Марзалюк у залі Палаты прадстаўнікоў. Менск, 2020

На большасьці акруг кандыдатаў у Палату прадстаўнікоў ад улады можна вызначыць адразу. Аднак ёсьць і такія месцы, дзе фаварыт невідавочны.

25 лютага ў Беларусі адбудзецца першы ў гісторыі Адзіны дзень галасаваньня. Выбарнікам прапануюць выбраць будучых дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і мясцовых саветаў. Таксама ўпершыню ў гісторыі незалежнай Беларусі да выбараў ніяк не дапушчаныя прадстаўнікі апазыцыі.

Калі меркаваць з досьведу папярэдніх выбарчых кампаній, то кандыдатаў, якія ў будучыні возьмуць дэпутацкі мандат у Палаце прадстаўнікоў, можна зь вялікай доляй верагоднасьць прадказаць. Як правіла, яны вылучаюцца абавязкова праз этап збору подпісаў, дадаюць вылучэньне ад працоўных калектываў, часам — і ад палітычнай партыі.

Аднак сёлета на выбарах ёсьць некалькі акруг, дзе пакуль не зразумела, хто ж менавіта з кандыдатаў прадстаўляе ўладу.

Што будзе з Марзалюком?

Інтрыгуе, напрыклад, Магілёўская-Ленінская акруга № 84. Там вылучаны ўсяго два кандыдаты, але абодва могуць прайсьці ў Палату.

Зноў ідзе на выбары дэпутат Палаты прадстаўнікоў, праўладны гісторык Ігар Марзалюк. Раней ён быў сябрам апазыцыйнай Сацыял-дэмакратычнай партыі, насіў на пінжаку бел-чырвона-белы сьцяг, крытыкаваў расейскі імпэрыялізм і паўсюль размаўляў па-беларуску.

З часам Марзалюк зьмяніў свае пазыцыі на пралукашэнкаўскія. Цяпер ён заяўляе, што лёзунг «Жыве Беларусь» — гэта аналяг нацысцкага вітаньня «Зіг хайль», а таксама расказвае, як калябаранты расстрэльвалі людзей падчас Другой сусьветнай вайны пад бел-чырвона-белымі сьцягамі (дакумэнтальных доказаў гэтага не выяўлена. — РС).

Марзалюк пабыў сябрам Савету Рэспублікі (2012–2016), а ад 2016 году ён дэпутат Палаты прадстаўнікоў. Летась гісторыка шмат крытыкавалі прарасейскія сілы за тое, што ён выказаўся на карысьць пазытыўнай дыскрымінацыі беларускай мовы.

Супернік у Марзалюка сур’ёзны — прарэктар у выхаваўчай працы Магілёўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Куляшова Дзьмітры Рагаўцоў. Гэта кандыдат палітычных навук, раней ён быў дэканам факультэту эканомікі і права. Рагаўцова апошнім часам часта выкарыстоўваюць у якасьці экспэрта дзяржаўныя СМІ.

Рагаўцоў таксама зьяўляецца сябрам партыі «Белая Русь», а вось Марзалюк беспартыйны.

Няясна ў Крычаве

У Магілёўскай вобласьці на гэты момант няма ніводнай безальтэрнатыўнай акругі. На адной зь іх (Бабруйская-Першамайская) вылучаныя тры кандыдаты, на ўсіх астатніх па два.

Напрыклад, па Бабруйскай сельскай акрузе № 80 вылучаюцца дырэктар Бабруйскіх электрычных сетак Антон Каранкевіч (прадстаўляе «Белую Русь») і мясцовы прафсаюзны лідэр Віталь Сідзюк (сябра Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасьці). Абодва кандыдаты не зьбіралі подпісаў і ня вылучаныя ад партый, а толькі працоўнымі калектывамі.

У Крычаўскай акрузе № 83 вылучаныя кіраўнік мясцовага аддзяленьня чыгункі Сяргей Давыдаў і дырэктар Клімавіцкіх электычных сетак Васіль Новікаў. Прычым абодва і зьбіралі подпісы, і вылучаныя працоўнымі калектывамі. Разабрацца, хто менавіта зь іх зойме месца ў Палаце прадстаўнікоў, цяжка.

У Гомлі дэпутат у апошні момант ня здаў подпісаў

У Менскай вобласьці незразумелая сытуацыя ў Пухавіцкай акрузе. Там вылучаныя дырэктар Мар’іна-Горскага аграрна-тэхнічнага каледжу Сяргей Саскавец (ён сябра КПБ, але ад партыі не вылучаўся) і галоўная доктарка Пухавіцкага раённага цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі Алена Пархімчык (яна сябра РППС). І першы, і другая зьбіралі подпісы за сваё вылучэньне.

У Лагойску вылучаюцца дырэктар Плешчаніцкай дзяржаўнай абласной вучэльні алімпійскага рэзэрву Яраслаў Паповіч і старшыня Лагойскага сельскага выканаўчага камітэту Тацяна Лаўрыновіч.

У Горадзенскай вобласьці на кожнай акрузе роўна па адным кандыдаце вылучаліся праз мэханізм збору подпісаў. Астатнія — праз партыі і працоўныя калектывы.

Падобная сытуацыя і ў Гомельскай вобласьці, але там ёсьць Гомельская сельская акруга № 37. Па ёй увогуле ніхто не зьбіраў подпісаў, а вылучаюцца дацэнт катэдры Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўнівэрсытэту імя Сухога Юлія Волкава (РППС) і намесьнік дырэктара Добрускай папяровай фабрыкі Аляксандар Мартынаў («Белая Русь»). Меўся ісьці па акрузе дзейны дэпутат Ігар Завалей, але чамусьці подпісаў ён так і ня здаў.

У Гарадоцкай акрузе Віцебскай вобласьці вылучаныя дырэктар Віцебскага занальнага інстытуту сельскай гаспадаркі Нацыянальнай акадэміі навук Андрэй Балыш (ён сябра ЛДПБ) і кіраўніца Цэнтру забесьпячэньня дзейнасьці бюджэтных арганізацый Гарадоцкага раёну Ірына Казакова (сябра «Белай Русі»).

Па Белавескай акрузе № 8 у Берасьцейскай вобласьці шляхам збору подпісаў ад «Белай Русі» пайшлі адразу дзьве кандыдаткі — дырэктарка Маларыцкага сацыяльна-пэдагагічнага цэнтру Вольга Барысюк і начальніца лябараторыі Маларыцкага кансэрвавагароднінасушыльнага камбінату Кацярына Пазьдзяйкіна. Аднак па акрузе вылучаны яшчэ і беспартыйны — вядучы інжынэр упраўленьня Сьледчага камітэту па Берасьцейскай вобласьці Арнольд Брагінец.

Што трэба ведаць пра Адзіны дзень галасаваньня – 2024

  • 25 лютага 2024 году ў Беларусі праходзіць так званы Адзіны дзень галасаваньня, у рамках якога выбіраюць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня і дэпутатаў мясцовых саветаў 29-га скліканьня.
  • Пратаколы з камісій павінны паступіць у ЦВК не пазьней за 29 лютага.
  • Датэрміновае галасаваньне праходзіла з 20 па 24 лютага. ЦВК заявіла, што за 5 дзён датэрмінова прагаласавалі 41,71% грамадзян, якія ўключаныя ў сьпісы для галасаваньня.
  • Парог яўкі на гэтых выбарах адменены — яны адбудуцца пры любой колькасьці выбарнікаў. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма, як і апазыцыйных кандыдатаў. Прозьвішчы сябраў выбарчых камісіі засакрэчаныя. На ўчастках узмацнілі ахову.
  • Перадвыбарная агітацыя праходзіла з 31 студзеня па 24 лютага, рэгістрацыя кандыдатаў — з 16 студзеня да 30 студзеня.
  • Прадстаўнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» падкрэсьлілі, што ў сувязі з рэпрэсіўнымі рызыкамі будзе працаваць экспэртная місія, а не «клясычнае» назіраньне, якое ажыцьцяўлялася падчас ранейшых кампаній.
  • Палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч лічыць, што Лукашэнка разглядае выбары як «ваенную апэрацыю». Ён упэўнены, што абсалютная большасьць як сярод прыхільнікаў, так і сярод праціўнікаў Лукашэнкі выдатна разумее, што ў сёньняшніх умовах гэта суцэльная імітацыя.
  • Улады вырашылі не запрашаць АБСЭ для назіраньня празь Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ). АБСЭ cкрытыкавала ўлады Беларусі за гэтую адмову.
  • Кіраўнік штабу місіі назіральнікаў ад СНД Леанід Анфімаў заявіў, што ў Вярхоўны суд падалі 6 скаргаў аб выбарах. Назіральнікі ад СНД прапанавалі іх лічыць «неабгрунтаванымі».
  • Выбары ў Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня адбудуцца 4 красавіка 2024 году. Вылучэньне кандыдатаў у члены СР мясцовымі саветамі дэпутатаў, выканаўчымі і распарадчымі органамі павінна адбыцца не пазьней за 21 сакавіка 2024-га.
  • Электаральная кампанія праходзіць на фоне маштабных рэпрэсій і зачысткі палітычнага поля ад апазыцыі. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма: Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе (БДІПЧ АБСЭ) запрашэньня не атрымала.
  • На гэтых выбарах няма і апазыцыйных кандыдатаў — да выбараў дапусьцілі толькі ляяльных рэжыму кандыдатаў. Паводле кіраўніка ЦВК Ігара Карпенкі, усе 12 скаргаў на адмовы ў рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты (у тым ліку 2 скаргі ў суды) адхілілі.
  • Па выніках датэрміновага галасаваньня ЦВК даў справаздачу аб рэкорднай яўцы выбарнікаў — 41,71%. Незалежныя назіральнікі называюць датэрміновае галасаваньне адным з мэханізмаў масавых фальсыфікацый.
  • З 1996 году незалежныя назіральнікі не прызналі ніводную выбарчую кампанію ў Беларусі транспарэнтнай і адпаведнай стандартам АБСЭ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG