Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юрысты «Вясны» зьвярнуліся да спэцдакладчыкаў ААН з нагоды ўмоваў утрыманьня палітвязьня Кастусёва, хворага на рак


Рыгор Кастусёў, архіўнае фота
Рыгор Кастусёў, архіўнае фота

Экс-старшыні Партыі БНФ Рыгору Кастусёву зьмянілі рэжым утрыманьня.

Суд Івацэвіцкага раёна 15 студзеня пастанавіў замяніць палітвязьню Рыгору Кастусёву, асуджанаму да 10 гадоў калёніі, рэжым утрыманьня на турэмны. Такое рашэньне прыняў судзьдзя Сяргей Кухацкаволец па выніках пасяджэньня па відэасувязі. У зьняволеньні ў Рыгора Кастусёва абвастрыліся праблемы са здароўем — у яго выявілі анкалягічнае захворваньне. З гэтай нагоды юрысты «Вясны» адправілі запыт спэцдакладчыкам ААН.

Праваабаронцы канстатуюць, што за час утрыманьня пад вартай стан здароўя Кастусёва сур’ёзна пагоршыўся. Доступ да інфармацыі пра яго здароўе і лячэньне строга абмежаваны. Прызначаныя ўмовы адбыцьця крымінальнага пакараньня ня ўлічваюць цяжкага стану яго здароўя, не дазваляюць яму прайсьці якаснае лячэньне і ставяць пад пагрозу яго жыцьцё.

З гэтай нагоды юрысты «Вясны» зьвярнуліся да спэцыяльных дакладчыкаў ААН аб Беларусі і аб здароўі, каб тыя патрабавалі ва ўладаў Беларусі інфармацыю пра ўмовы ўтрыманьня і стан здароўя Рыгора Кастусёва, а таксама лячэньне, якое яму робіцца. Акрамя гэтага, юрысты заклікалі спэцдакладчыкаў накіраваць тэрміновы заклік да ўладаў з просьбай забясьпечыць Кастусёву належнае лячэньне.

Экс-старшыні Партыі БНФ зьмянілі рэжым утрыманьня

Пра перавод Рыгора Кастусёва на турэмны рэжым у сваім фэйсбуку напісаў зяць палітыка Зьміцер Антончык, які зь сям’ёй жыве ў Польшчы.

«Паседжаньне праходзіла па відэасувязі. Калі і куды пераводзяць, пакуль не вядома», — напісаў Антончык.

Якое лячэньне аказваюць яму ў ПКТ калёніі, вядомай як «Ваўчыныя норы», невядома.

У студзені споўнілася 1000 дзён, як Кастусёва зьняволілі ўлады.

  • Кандыдата ў прэзыдэнты на выбарах 2010 году, былога старшыню партыі БНФ Рыгора Кастусёва ў 2022 годзе асудзілі на 10 гадоў зьняволеньня праз абвінавачаньне ў змове з мэтай захопу ўлады.
  • 17 красавіка Рыгору Кастусёву споўніцца 67 гадоў.
  • Пакараньне палітык адбывае ў калёніі «Ваўчыныя норы» пад Івацэвічамі.
  • У лістападзе 2023 году Рыгора Кастусёва як «парушальніка рэжыму» зьмясьцілі на паўгода ў памяшканьне камэрнага тыпу з больш жорсткімі, чым у атрадзе калёніі, умовамі ўтрыманьня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG