Экс-прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп пасьля перамогі на рэспубліканскіх кокусах у штаце Аёва паабяцаў «вельмі хутка» разьвязаць сытуацыю з вайной ва Ўкраіне, калі яго зноў абяруць на прэзыдэнцкую пасаду.
Ён выказаў упэўненасьць, што зможа прыцягнуць да дыялёгу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі, якіх ён «добра ведае». Трамп таксама заявіў, што пры ягоным прэзыдэнцтве Расея ніколі б не напала на Ўкраіну, бо ў яго добрыя адносіны з расейскім прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным.
77-гадовы Трамп перамог зь вялікім адрывам на першых рэспубліканскіх кокусах, якія прайшлі ў штаце Аёва. Трамп атрымаў 51% галасоў.
Губэрнатар Флорыды 45-гадовы Рон Дэсантыс фінішаваў на другім месцы з 21% галасоў, апярэдзіўшы былога пасла ААН, 51-гадовую Нікі Гэйлі, якая набрала 19%.
Гэтая перамога дае Трампу магутны старт у барацьбе за вылучэньне ў прэзыдэнты ад Рэспубліканскай партыі ў 2024 годзе.
У ЗША ўвечары 15 студзеня фактычна пачалася кампанія выбараў прэзыдэнта ЗША — адбыліся так званыя кокусы. Працэдура, якая распачалася 15 студзеня, завершыцца нацыянальным галасаваньнем 5 лістапада.
Кокусы і праймэрыз — працэдуры абраньня кандыдатаў ад Рэспубліканскай і Дэмакратычнай партый — адбудуцца ў наступныя месяцы ва ўсіх штатах Амэрыкі. Кокусы арганізуюць самі палітычныя партыі. Выбарнікі партыі слухаюць выступленьні прыхільнікаў кандыдатаў, абмяркоўваюць і спрабуюць пераканаць адзін аднаго, а затым галасуюць.
Праймэрыз арганізуюць улады штатаў. Гэта традыцыйнае таемнае галасаваньне, правілы ў розных штатах розьняцца. У закрытых праймэрыз галасаваць за кандыдата партыі дазволена толькі яе сябрам, у адкрытых выбарнікі могуць свабодна выбраць, у галасаваньні якой партыі ўдзельнічаць.
Каб стаць кандыдатам у прэзыдэнты ад Рэспубліканскай партыі, трэба на праймэрыз атрымаць галасы ня менш як 1215 дэлегатаў зьезду, які адбудзецца ў Мілуокі 15 ліпеня. У дэмакратаў для партыйнай намінацыі патрабуецца ня менш як 1973 галасы.