Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія праваабаронцы патрабуюць расьсьледаваньня прычын сьмерці Вадзіма Храсько і іншых памерлых палітвязьняў


Вадзім Храсько
Вадзім Храсько

Сем праваабарончых арганізацый выступілі з заявай з нагоды сьмерці палітвязьня Вадзіма Храсько ў калёніі.

На гэты момант прычына сьмерці Вадзіма Храсько ды іншыя абставіны з пэўнасьцю не вядомыя. Аднак, паводле папярэдняй інфармацыі, ягоная сьмерць магла быць выкліканая несвоечасовым аказаньнем яму належнай мэдыцынскай дапамогі.

«У сувязі з чарговай сьмерцю палітычнага зьняволенага ў Беларусі мы нагадваем уладам аб міжнародных абавязаньнях у галіне правоў чалавека. Так, артыкулам 6 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах замацавана, што права на жыцьцё зьяўляецца неад’емным правам кожнага чалавека.

Зноў зьвяртаем увагу, што, нягледзячы на сур’ёзнае захворваньне Вадзіма Храсько і наяўнасьць у частцы 1 артыкулу 361-2 Крымінальнага кодэксу Беларусі альтэрнатыўных відаў пакараньняў, судзьдзя Менскага гарадзкога суду Сяргей Хрыпач прызначыў яму пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін тры гады, а судовая калегія Вярхоўнага суду пакінула гэты прысуд у сіле», — пішуць праваабаронцы ў агульнай заяве.

Яны адзначаюць, што чарговая сьмерць палітвязьня ў месцах пазбаўленьня волі за кароткі час празь неаказаньне належнай мэдыцынскай дапамогі, зьяўляецца наступствамі дзяржаўнай палітыкі бесчалавечнага абыходжаньня зь людзьмі, якое грунтуецца на палітычных матывах.

Праваабаронцы падкрэсьлілі, што адбываньне пакараньня ва ўмовах ізаляцыі не павінна пазбаўляць зьняволеных доступу да спэцыялізаванай мэдыцынскай дапамогі.

Прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасьці:

  • заклікалі Генэральную пракуратуру Рэспублікі Беларусь і Сьледчы камітэт Рэспублікі Беларусь распачаць крымінальную справу па факце сьмерці Вадзіма Храсько, правесьці аб’ектыўнае і ўсебаковае расьсьледаваньне для ўстанаўленьня прычын гэтай трагедыі і праінфармаваць грамадзкасьць аб яго выніках;
  • патрабуюць праінфармаваць грамадзкасьць аб выніках расьсьледаваньня сьмерцяў іншых палітычных зьняволеных у беларускіх турмах — Вітольда Ашурка, Мікалая Клімовіча і Алеся Пушкіна;
  • патрабуюць правесьці праверку і па ўсіх выпадках парушэньня права на ахову здароўя ў месцах пазбаўленьня волі ды ўжыць адпаведныя меры дзеля прыцягненьня вінаватых да адказнасьці, каб не дапусьціць падобных трагічных наступстваў у будучыні;
  • патрабуюць ад уладаў забясьпечыць належную мэдыцынскую дапамогу ў месцах пазбаўленьня волі, у тым ліку наяўнасьць кваліфікаванага мэдыцынскага пэрсаналу і адпаведнага абсталяваньня;
  • патрабуюць ад супрацоўнікаў пэнітэнцыярных устаноў, іншых дзяржаўных устаноў, што ажыцьцяўляюць прымусовую ізаляцыю (ІЧУ, ЦІП, СІЗА ды інш.), а таксама іх кіраўніцтва, выкананьня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і яе міжнародных абавязаньняў у забесьпячэньні аховы жыцьця і здароўя асоб, пазбаўленых волі і тых, якія знаходзяцца ў ізаляцыі, апэратыўна рэагаваць на скаргі зьняволеных, зьвязаныя са здароўем, прымаць тэрміновыя захады для іх разгляду;
  • заклікаюць судзьдзяў у час прызначэньня пакараньня ўлічваць стан здароўя абвінавачаных і не прызначаць ім пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі, калі таго патрабуюць абставіны.

«Названыя патрабаваньні не адмяняюць заявы беларускай праваабарончай супольнасьці аб недапушчальнасьці перасьледу грамадзян за ажыцьцяўленьне сваіх грамадзянскіх і палітычных правоў, неадкладнага вызваленьня і перагляду крымінальных спраў усіх палітвязьняў у Беларусі».

Беларуская праваабарончая супольнасьць выказала глыбокія спачуваньні сям’і, родным і блізкім Вадзіма Храсько ў сувязі зь ягонай сьмерцю.

Заяву падпісалі:

  • Беларускі Хэльсынскі камітэт;
  • Праваабарончы цэнтар «Вясна»;
  • Прававая ініцыятыва;
  • Human Constanta;
  • Беларускі ПЭН;
  • Беларускі дом правоў чалавека ім. Б. Звоскава;
  • Lawtrend.

У ноч з 8 на 9 студзеня 2024 году ў калёніі «Віцьба» ад пнэўманіі памёр 50-гадовы палітвязень Вадзім Храсько. Яго шпіталізавалі, але мэдыкі ўжо ня здолелі яго выратаваць.

Сьмерць Вадзіма Храсько — чацьвёртая за апошні час сьмерць палітвязьня ў беларускіх турмах. У траўні 2021 году ў ПК № 17 у Шклове памёр Вітольд Ашурак, у траўні 2023 у калёніі «Віцьба» — Мікалай Клімовіч, у ліпені 2023 у лякарні хуткай мэдыцынскай дапамогі Горадні памёр мастак Алесь Пушкін, якога прывезьлі з турмы № 1 Горадні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG