Беларускія прававыя дакумэнты, якія датычацца мэдычнай дапамогі зьняволеным, на паперы адпавядаюць міжнародным нормам, сьцьвярджаюць праваабаронцы. Ёсьць артыкул 96 Выканаўча-крымінальнага кодэксу, ёсьць асобныя інструкцыі Міністэрства аховы здароўя і Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў аб аказаньні мэдычнай дапамогі ў СІЗА, ІЧУ, калёніях.
Былы вязень «Віцьбы-3» Андрэй (імя зьмененае дзеля бясьпекі. — РС) вызваліўся на пачатку восені 2023 году. Ён расказаў, што тых, хто дамагаўся вывучыць свае правы і пабачыць тыя інструкцыі, проста саджалі ў ШЫЗА «падумаць, ці трэба ім тыя інструкцыі і правілы ўнутранага распарадку». Гэта пацьвердзіў і былы палітзьняволены Зьміцер Фурманаў, які па прыбыцьці ў «Віцьбу-3» з карантыну трапіў адразу ў ШЫЗА на 48 дзён менавіта за цікавасьць да згаданых інструкцый.
«Трапіць да стаматоляга альбо вузкіх спэцыялістаў — гэта асобны квэст»
Былы сядзелец «Віцьбы-3», бізнэсовец Аляксандар Кныровіч расказаў, што ў калёніі «Віцьба-3» ёсьць асобная мэдычная частка. Да таго ж на тэрыторыі калёніі знаходзіцца і псыхіятрычная лячэбніца для ўсёй пэнітэнцыярнай сыстэмы Беларусі.
Мэдсанчастка вонкава выглядае, як звычайная амбуляторыя, расказвае былы зьняволены. Ёсьць лябараторыі і магчымасьць зрабіць аналізы, рэнтген-кабінэт з сучасным апаратам. Прымае доктар-тэрапэўт, псыхатэрапэўт, некалькі мэдсёстраў. Ёсьць асобны стаматалягічны кабінэт. І мяркуецца, што любы зьняволены ў выпадку дрэннага адчуваньня альбо наяўнасьці хранічных захворваньняў можа трапіць да лекара. Але гэта тэарэтычна, сьцьвярджае Аляксандар Кныровіч.
«У рэальнасьці ўсё па-іншаму. Спачатку трэба праінфармаваць чалавека, адказнага ў атрадзе за наведваньне мэдчасткі, што ты хочаш трапіць да доктара. У яго трэба запісацца, ён усіх зьбірае і вядзе ў агульную чаргу. Да лекара ты можаш і ня трапіць, бо, калі ў цябе працоўная зьмена, ніхто цябе ня вызваліць ад працы. Трэба пастарацца трапіць ня ў свой працоўны час.
Сваіх профільных лекараў у мэдсанчастцы няма. Тэарэтычна кардыёляг, ЛОР, афтальмоляг павінны прыяжджаць з горада, але трапіць да стаматоляга альбо вузкіх спэцыялістаў — гэта асобны квэст», — кажа Кныровіч.
Лекі — таксама праблема. Раней мэдыкі давалі пласьцінку таблетак, якія прапісаныя вязьню, на тыдзень. Але ня так даўно ўвялі новыя правілы — кожны дзень трэба зьвяртацца па лекі, падзяліўся былы вязень.
«Да таго ж, калі ў імпартнага прэпарата, які звычайна прымае чалавек, ёсьць беларускі аналяг, ніхто ў калёніі замежны лек ад сваяка для цябе ня прыме, ты будзеш піць бескарысны беларускі прэпарат замест імпартнага».
«Стаўленьне мэдыкаў да зьняволеных — як да нелюдзяў»
Асобна адзначае Аляксандар Кныровіч стаўленьне да зьняволеных з боку мэдпэрсаналу.
«Нават ня ведаю, якое тут слова выкарыстаць. Але стаўленьне мэдыкаў да зьняволеных — як да нелюдзяў. Я асабіста чуў ад аднаго лекара такое: „Былі б вы нармальным чалавекам, тут бы не сядзелі“. Ня буду называць прозьвішча аднаго вядомага чалавека, якога падчас пандэміі ледзь не давялі да сьмерці. Яго прыводзілі пад рукі ў мэдчастку з высокай тэмпэратурай, з усімі прыкметамі ковіду. Мэдыкі давалі парацэтамол і накіроўвалі назад у атрад. Калі прывялі трэці раз, усё ж выклікалі „хуткую“ і з аховай павезьлі ў гарадзкі шпіталь — адразу ў рэанімацыю. Некалькі тыдняў ён правёў у рэанімацыі, цудам выкараскаўся. Але ня ўсіх пасьпявалі выратаваць», — успамінае Аляксандар Кныровіч.
З 2018-га па 2021 год у «Віцьбе-3» было мінімум дзьве сьмерці зьняволеных
За тры гады, якія ён правёў у «Віцьбе» (са жніўня 2018-га па жнівень 2021 года), было як мінімум дзьве сьмерці зьняволеных. Аднаму чалавеку, які нядаўна трапіў у калёнію, стала кепска на працы.
«Ён ледзь дайшоў з прамысловай зоны да кантрольна-прапускнога пункту, кажа: „У мяне адымаецца левая частка цела, пусьціце ў мэдчастку“. Яму адказалі: „Не паложана! Ідзі працуй“. Чалавек дайшоў да цэха, упаў і памёр на месцы. Яму было каля 50 гадоў.
Натуральна, ніякія дактары, ніякія кантралёры за яго сьмерць не адказалі. На маёй памяці дзьве сьмерці ў „Віцьбе“ былі. Аб праверках і пакараньні вінаватых нічога ня чуў», — успамінае Кныровіч.
Што да сьмерці Вадзіма Храсько, інфармацыі пакуль мала. Але ў калёніі ёсьць рэнтген, лябараторыя, першапачатковыя абсьледаваньні маглі зрабіць на месцы і, магчыма, на пагаршэньне стану хранічна хворага проста не зьвярнулі ўвагі, мяркуе спадар Кныровіч.
«Я ўпэўнены, што было тое самае. Чалавек прыйшоў у мэдсанчастку, яму далі ў лепшым выпадку ізапрафэн ці парацэтамол і сказалі: ідзі на працу і не сымулюй. Я абсалютна перакананы, што было так, бо гэта звычайная практыка».
Ніякага пярэпалаху
Другі палітзьняволены, Андрэй, які вызваліўся зь «Віцьбы-3» на пачатку восені, кажа, што ў мэдчастку зьвяртаўся ня часта, бо да тэрапэўта пастаянна былі чэргі.
«Магчыма, некаторыя зьняволеныя хацелі „адкасіць“ ад працы, часьцяком празь іх сапраўды хворыя не маглі трапіць да доктара. Да таго ж сама працэдура складаная: спачатку трэба запісацца ў адмыслова прызначанага чалавека, якога мы жартам называлі „мэдбратам“. Падчас працоўнай зьмены нельга да лекара, а ён вядзе прыём некалькі гадзін на дзень, цяжка было „супасьці“ па часе. Мне трэба было канкрэтна да ЛОРа, але гэта амаль нерэальна, бо ён прыяжджаў, здаецца, раз на два тыдні. З трэцяй спробы трапіў да тэрапэўта, той даў парацэтамол, і ўсё», — прыгадвае свой візыт у мэдсанчастку Андрэй.
Аднак падчас каранавірусу хворым сукамэрнікам Андрэя прызначалі рэнтген, рабілі аналізы, прызнаецца ён. Некаторыя нават трапілі ў санчастку на стацыянарнае лячэньне. Што да сьмерці ў траўні 2023 году Мікалая Клімовіча, падрабязнасьцяў Андрэй ня ведае, але чуткі па калёніі хадзілі.
«Нібыта некаму са зьняволеных на доўгатэрміновым спатканьні „шапнуў“ на вушка сваяк, што ў нас у калёніі памёр чалавек. Мы і ў атрадзе, і на працы цішком абмяркоўвалі, але ніхто ня ведаў, хто гэта. Толькі пазьней даведаліся, што ў атрад таго чалавека не пасьпелі падняць, памёр ён у карантыне.
Аднак сярод ахоўнікаў, кіраўніцтва ніякага пярэпалаху, асаблівай рэакцыі пасьля сьмерці зьняволенага мы не заўважылі. Нават ціха, шэптам абмяркоўвалі, што калі насамрэч было надзвычайнае здарэньне, сьмерць, чаго яны такія спакойныя? Ніякіх праверак у той час мы не заўважылі», — кажа Андрэй.
«Справу аб сьмерці Вадзіма Храсько «спусьцяць на тармазах»
Абодва былыя вязьні — і Аляксандар, і Андрэй — перакананыя, што «справу па сьмерці Вадзіма Храсько «спусьцяць на тармазах».
Ужо пасьля сьмерці Міхаіла Клімовіча ў калёнію прыяжджала некалькі праверак, у тым ліку і прадстаўнікі Рэспубліканскай грамадзкай назіральнай камісіі. «Скаргаў ад асуджаных не паступала», — гаворыцца ў справаздачы.
У адказ на пытаньне, чаму вязьні ня скардзяцца, Аляксандар Кныровіч расказаў такую гісторыю:
«Калі я сядзеў у СІЗА КДБ, раз на месяц разам з пракурорам прыяжджаў нейкі лекар-кантралёр і пытаўся, ці ёсьць скаргі. Мы стаялі апранутыя ва ўсе цёплыя рэчы, што ў нас былі, бо было вельмі халодна — тэмпэратура ў камэры была такая ж самая, як і на дварэ. Навідавоку былі парушэньні ўсіх санітарных нормаў, але гэта не перашкаджала пракурору і лекару падпісваць дакумэнты, што ўсё ў парадку. А скардзіцца ім — на іх саміх жа? Які сэнс? Якому зьняволенаму захочацца атрымаць прыбаўку да тэрміну?», — разважае спадар Кныровіч.
Пакараньне адзінага фэльчара
Яшчэ 10 гадоў таму сьмерць зьняволенага ў СІЗА ці калёніі лічылася надзвычайным здарэньнем. Рабіліся праверкі, супрацоўнікаў прыцягвалі да адказнасьці. У 2013 годзе ў СІЗА № 1 праз халатнасьць фэльчара памёр Ігар Пцічкін, які адбываў 3 месяцы арышту за тое, што кіраваў аўтамабілем, ня маючы правоў. Фэльчару Аляксандру Крылову ў выніку прысудзілі 2 гады 9 месяцаў абмежаваньня волі. Суд прызнаў яго вінаватым у невыкананьні службовых абавязкаў. Сям’я памерлага атрымала кампэнсацыю.
У 2016 годзе ў жодзінскай турме № 8 памёр Ігар Барбашынскі. Супраць турэмных мэдыкаў спачатку была заведзеная крымінальная справа. Але грунтоўнага расьсьледаваньня сьмерці Барбашынскага так і не адбылося. Пасьля праверкі, якую праводзіў Сьледчы камітэт, у завядзеньні крымінальнай справы было адмоўлена.
Паступова статыстыку аб сьмерцях у калёніях пачалі засакрэчваць. Праваабаронца «Вясны» Павал Сапелка сьцьвярджае, што за 3 гады — са студзеня 2012-га па сакавік 2015 году — было праведзена 169 праверак па заявах па фактах сьмерці 170 грамадзян у месцах утрыманьня пад вартай. Па выніках гэтых праверак было прынята ўсяго пяць рашэньняў аб завядзеньні крымінальнай справы. Па 164 — аб адмове ў крымінальнай справе. Гэта вынікала са статыстыкі Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў. Пасьля 2015 году такой статыстыкі не публікавалі.
Але пра разборкі, праверкі і пакараньне вінаватых пасьля сьмерцяў Аляксандра Віхора ў гомельскім СІЗА, Вітольда Ашурка ў шклоўскай калёніі № 17, Міхаіла Клімовіча ў «Віцьбе-3», Алеся Пушкіна ў горадзенскай турме інфармацыі не было.