Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі ты памрэш, Радзіма нічога ня страціць». Былы турэмны мэдык і палітзьняволеная пра сьмерць за кратамі


Каляж: былы турэмны мэдык, цяпер праваабаронца Васіль Завадзкі, партрэт памерлага палітвязьня Вадзіма Храсько і журналістка, былая палітзьняволеная Вольга Класкоўская
Каляж: былы турэмны мэдык, цяпер праваабаронца Васіль Завадзкі, партрэт памерлага палітвязьня Вадзіма Храсько і журналістка, былая палітзьняволеная Вольга Класкоўская

Палітвязень Вадзім Храсько памёр у ноч на 9 студзеня ад запаленьня лёгкіх. Яго запозна прывезьлі з калёніі «Віцьба» ў шпіталь, уратаваць жыцьцё лекарам не ўдалося. Пра тое, што магло прывесьці да гэтай сьмерці, кажуць былы турэмны мэдык, цяпер праваабаронца Васіль Завадзкі і журналістка, былая палітзьняволеная Вольга Класкоўская.

Глядзець размову на відэа цалкам

Тут фрагмэнты гутаркі

Васіль Завадзкі:

  • Я завяршыў працу ў турэмнай мэдычнай сыстэме ў 2010 годзе. Тады кожная сьмерць зьняволенага была як мінімум прадметам патолягаанатамічнай экспэртызы. А калі былі нейкія пытаньні, дык былі крымінальныя справы і праводзіліся больш паглыбленыя праверкі.
  • Адна з асноўных праблемаў пэнітэнцыярнай мэдыцыны — складаныя хваробы немагчыма лекаваць у мэдычных частках установаў. Там для гэтага папросту няма ні спэцыялістаў, ні абсталяваньня, ні лекаў. І калі гаварыць строга юрыдычна, дык мэдычныя часткі ў гэтай сыстэме — не лячэбныя ўстановы. Таму людзі, якія пакутуюць на цяжкія ці вострыя хваробы, ня могуць там знаходзіцца.

  • Інфармацыі пра гэты выпадак мала, але з майго досьведу высокая імавернасьць таго, што чалавека нясвоечасова даставілі для лячэньня ў цывільны шпіталь. Чаму гэта здарылася — павінна быць прадметам праверкі.
  • А не магу ні да чога заклікаць, але мой і прафэсійны, і жыцьцёвы досьвед сьведчыць пра тое, што апублічваньне максымальна дапамагае. Сьледчыя, апэратыўнікі, іншыя супрацоўнікі будуць казаць сваякам: «Давайце маўчыце, каб было ціха, бо нашкодзіце, калі будзеце апублічваць нешта». Але на справе ўсё роўна наадварот.

Вольга Класкоўская:

  • З мэдычнай дапамогай у зьняволеньні заўсёды былі вялікія складанасьці. Была сытуацыя, калі ў мяне ў Жодзінскай турме пачаўся моцны крывацёк, і я зьвярнулася па дапамогу да фэльчара, а той засьмяяўся мне ў твар і сказаў: «Если ты умрешь, Родина от этого ничего не потеряет».
  • Значная частка турэмных мэдыкаў, зь якімі я сутыкалася за кратамі, былі абыякавыя і даволі цынічныя людзі. Дагрукацца і атрымаць мэдычную дапамогу заўсёды было вельмі цяжка.
  • У канцы 2020 году я была ў СІЗА на «Валадарцы» з моцным крывацёкам, і мяне толькі праз два тыдні вывезьлі ў менскі шпіталь. Доктар сказаў тым турэмным мэдыкам, хто мяне суправаджаў, што як мага хутчэй трэба хірургічнае ўмяшаньне. Але паколькі гэта было напярэдадні Новага году, дык турэмныя мэдыкі і канваіры сказалі, што прывязуць мяне пасьля сьвятаў.
  • Заўсёды былі вялікія праблемы з атрыманьнем мэдычных бандэроляў — правілы ўвесь час мяняліся, часам гэтыя бандэролі вярталі сваякам. І я, і іншыя палітвязьні заставаліся бязь лекаў.
  • Я прывяду прыклад майго сябра, палітвязьня Аляксея Галоўкіна. Ён хворы на гемафілію, інвалід другой групы, атрымаў тры гады зьняволеньня за камэнтары ў сеціве. Яго моцна зьбілі, калі затрымлівалі, і ў яго адкрыўся крывацёк, а гэта вельмі небясьпечна для такой хваробы. Яму ўвесь час патрэбныя лекі, каб выжыць. І калі заставаўся недзе месяц да вызваленьня, гэтыя ўколы скончыліся. Турэмны мэдык яму сказаў, што лекі ён атрымае ўжо на свабодзе.
  • Калі я была пад сьледзтвам у Жодзінскай турме ў 2020 годзе, турэмныя мэдыкі наўпрост сказалі маёй сукамэрніцы, якая сядзела з так званым «карупцыйным артыкулам», што яны маюць распараджэньне: «Палітычным і тым, хто сядзіць за карупцыю, асабліва не дапамагаць».
  • Кажуць, што «катаваньні любяць цішыню». Калі замоўчваць злачынствы супраць людзей, супраць палітвязьняў, дык будзе яшчэ горш.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG