Уладзімер Парфянок перастаў выходзіць на сувязь зь вечара пятніцы, 12 студзеня, піша Reform.by са спасылкай на сяброў фатографа. Цягам выходных сябры намагаліся зьвязацца зь ім, а ўвечары 14 студзеня прыехалі да яго дадому. На кватэры Парфянка знайшлі ўжо мёртвым.
Час і прычыны сьмерці творцы высьвятляюцца.
Уладзімер Парфянок — адна з выбітных постацяў у беларускай фатаграфіі. Рэдактар, фатограф, прадстаўнік «новай хвалі» творчай фатаграфіі 1980-х, куратар і адзін з заснавальнікаў галерэі візуальных мастацтваў Nova, ён зрабіў вялікі ўнёсак у разьвіцьцё беларускай фатаграфіі і культуры.
Удзельнік шматлікіх выставачных праектаў у Беларусі і за мяжой. Адзін з выкладчыкаў Школы фатаграфіі ў Менску. Куратар Нацыянага цэнтру сучасных мастацтваў, Майстэрні-музэю Заіра Азгура. Пад яго ўплывам сфармавалася не адно пакаленьне фатографаў і крытыкаў фатаграфіі.
Аўтар культавых фотасэрый «Persona non-grata», «Lucida momenta», «Сад камянёў» ды іншых. Сябра Беларускага саюза мастакоў і дарадца экспэртнай рады Беларускага грамадзкага аб’яднаньня фатографаў.