У сваёй прамове Дурбін падкрэсьліў цяжкае становішча палітычных зьняволеных, якія адкрыта выступаюць за дэмакратыю і асноўныя свабоды, у пяці краінах (Расеі, Беларусі, Камбоджы, Альжыры і Гватэмале), і заклікаў да іх неадкладнага вызваленьня.
Гаворачы пра палітвязьняў Беларусі, Дурбін, у прыватнасьці, вылучыў чатырох зь іх — гэта ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, які знаходзіўся ў турме ў 2011-2014 гадах, пасьля чаго наведаў Дурбіна ў Сэнаце, а потым зноў трапіў у турму ў 2021 годзе; блогер Сяргей Ціханоўскі, якога пасадзілі ў турму ў 2020 годзе (пасьля сэнатар неаднойчы сустракаўся зь ягонай жонкай, дэмакратычнай лідэркай Беларусі Сьвятланай Ціханоўскай); і два зьняволеныя журналісты Радыё Свабода — Андрэй Кузьнечык і Ігар Лосік.
«У 2020 годзе мільёны беларускіх выбарнікаў прагаласавалі за лепшую будучыню, а не антыўтопію савецкага часу, якую Лукашэнка і Пуцін спрабуюць навязаць там і сваім украінскім суседзям. Гэта тое, пра што ідзе гэтая больш шырокая дыскусія аб дадатковым фінансаваньні», — адзначыў у сваёй прамове Дурбін.
Шматгадовы сябра Сэнату Кангрэсу ЗША Рычард Дурбін — ініцыятар шматлікіх рэзалюцый і заяваў у падтрымку дэмакратыі ў Беларусі і ў абарону палітвязьняў, адзін з заснавальнікаў Групы свабоднай Беларусі ў Кангрэсе ЗША, адзін з тых, хто ў 2004 годзе падтрымаў Акт аб дэмакратыі ў Беларусі.
Крымінальны перасьлед Лосіка і Кузьнечыка
Журналіст Свабоды Ігар Лосік быў арыштаваны 25 чэрвеня 2020 году. На яго завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»). 14 сьнежня 2021 году ён быў асуджаны на 15 гадоў зьняволеньня ў калёніі строгага рэжыму.
Жонку Ігара Лосіка Дар’ю затрымалі 18 кастрычніка 2022 году. Яе абвінавацілі ў «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці» ў выглядзе размовы з тэлеканалам «Белсат» вясной 2022 году. 19 студзеня 2023 году яе асудзілі на два гады зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму.
Журналіст Свабоды Андрэй Кузьнечык быў арыштаваны 25 лістапада 2021 году. 8 чэрвеня 2022 году Андрэю Кузьнечыку прысудзілі 6 год пазбаўленьня волі з адбываньнем у калёніі ўзмоцненага рэжыму па абвінавачаньні ў «стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня» (арт. 361–1 КК).
Кантэнт Радыё Свабода быў прызнаны ўладамі Беларусі «экстрэмісцкім», а само Радыё Свабода — «экстрэмісцкім фармаваньнем» ужо пасьля затрыманьня Андрэя. То бок журналіста асудзілі за кіраваньне тым, чаго на момант яго арышту не існавала.
Праваабарончая супольнасьць Беларусі прызнала Ігара і Дар’ю Лосікаў і Андрэя Кузьнечыка палітвязьнямі.