Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці набудзе Netflix сэрыял «Працэсы»? Адказваюць рэжысэр і кінакрытык


Сэрыял «Працэсы», сэрыя «Праграма перадач». Зьлева направа: Міхаіл Зуй, Зоя Белахвосьцік, Андрэй Кашперскі, Яна Траянава, Данііл Гаёў
Сэрыял «Працэсы», сэрыя «Праграма перадач». Зьлева направа: Міхаіл Зуй, Зоя Белахвосьцік, Андрэй Кашперскі, Яна Траянава, Данііл Гаёў

Першы мастацкі сэрыял тэлеканалу Белсат «Працэсы» набраў каля трох мільёнаў праглядаў на YouTube (Увага, тэкст зьмяшчае спойлеры!).

Усе 4 сэрыі «Працэсаў» выйшлі ў сьнежні 2023 году на YouTube. Апошні фільм «Праграма перадач» за 2 тыдні набраў больш за 1 мільён праглядаў.

У сэрыяле здымаліся вядомыя беларускія акторы Зоя Белахвосьцік, Алег Гарбуз, Ігар Сігаў, Валянціна Гарцуева, Андрэй Новік, а таксама расейская акторка Яна Траянава.

Сатыра, трылер і драма з фантастычнымі элемэнтамі

У першай сэрыі «Ператрымка» расказваецца пра тое, як у беларускіх турмах канчаюцца месцы і амапаўцам даводзіцца браць затрыманых да сябе дадому на «суткі».

У другой («Патрыятычнае практыкаваньне») супрацоўнікі КДБ дораць школьнікам «залаты квіток» на экскурсію ў «чароўны» будынак КДБ, каб там іх завэрбаваць.

У трэцяй сэрыі «Прысьнілася» чыноўнікам беларускага міністэрства кожную ноч сьніцца кашмар пра пахаваньне першай асобы краіны, і яны адчуваюць, што сон прарочы.

У заключнай сэрыі «Праграма перадач» маці страчвае сына на вайсковых вучэньнях, а ёй кажуць, што ніякай вайны няма, і сын яе — фэйк.

Інтэрнацыянальны праект

Рэжысэр і суаўтар сцэнароў «Працэсаў» Андрэй Кашперскі прызнаецца, што не чакаў такой колькасьці праглядаў. На пытаньне, ці глядзяць сэрыял у Беларусі, адказаў, што не разьлічваў выключна на беларускую аўдыторыю.

Cэрыял «Працэсы». Сэрыя другая — «Патрыятычнае практыкаваньне». Актор Ігар Сігаў і рэжысэр Андрэй Кашперскі
Cэрыял «Працэсы». Сэрыя другая — «Патрыятычнае практыкаваньне». Актор Ігар Сігаў і рэжысэр Андрэй Кашперскі

«Мне вельмі хацелася зрабіць інтэрнацыянальны праект, які будзе зразумелы і цікавы гледачам ва ўсім сьвеце. Беларуская аўдыторыя ня першасная для мяне, таму што людзям у Беларусі за падпіску, прагляд, лайк, камэнтар можа штосьці „прыляцець“. Але мне ў сацсеткі пісалі шмат гледачоў зь Беларусі словы ўдзячнасьці за сэрыял. Яны не маглі пакінуць нават камэнтары ў YouTube, а некаторыя людзі ў Беларусі лічаць, што небясьпечна нават глядзець ці пераходзіць на YouTube», — кажа Андрэй Кашперскі.

Ці будзе цікавы гэты сэрыял замежнаму гледачу, ці не зашмат у «Працэсах» кантэнту, які зразумелы толькі беларусам?

Суаўтар сцэнару, актор Міхаіл Зуй правёў паралелі з «аскараносным» паўднёвакарэйскім фільмам «Паразыты».

«Калі мы здымалі „Працэсы“, мы ўспаміналі фільм „Паразыты“ рэжысэра Пон Джун Хо, які ў цэлым зразумелы эўрапейскаму гледачу. Але ёсьць там, безумоўна, некаторыя рэплікі і сцэны, якія зразумелыя толькі карэйцам. Таму хацелася б зрабіць такі праект, які маглі паглядзець небеларусы. Хаця вялізны пласт усё ж такі будзе зразумелы хіба што толькі беларусам. Такі асаблівы „культурны код“ у нас, беларусаў», — мяркуе Міхаіл Зуй.

«Калі здымалі, слоганам было іншае слова на літару „П“»

Крытыкі называлі сэрыял і трылерам, і фантасмагорыяй, і чорнай камэдыяй, і беларускай рэальнасьцю. Рэжысэру Андрэю Кашперскаму не падабаецца, калі сэрыял называюць камэдыяй.

«Так, у нашым сэрыяле ёсьць гумарыстычныя элемэнты і нават гратэск. Але гэта адзін з інструмэнтаў. Мы намагаемся быць сумленнымі, не рабіць чагосьці адмыслова жорсткага, спрабуем адрэфлексаваць на тое, што робіцца ў Беларусі, адлюстраваць рэчаіснасьць. І робім гэта ў жанры сатырычнага трылера, містычнай драмы з элемэнтамі іроніі.

Здымачная група на прэм’еры «Працэсаў» у варшаўскім кінатэатры «Кінатэка». Мастак Аляксандар Адамаў, мантажор Ільля Бажко, апэратар Данііл Гаёў, сцэнарыст Міхаіл Зуй, рэжысэр Андрей Кашперскі
Здымачная група на прэм’еры «Працэсаў» у варшаўскім кінатэатры «Кінатэка». Мастак Аляксандар Адамаў, мантажор Ільля Бажко, апэратар Данііл Гаёў, сцэнарыст Міхаіл Зуй, рэжысэр Андрей Кашперскі

Калі наш сэрыял паказвалі ў варшаўскім кінатэатры „Кінатэка“, гледачам некаторыя сцэны здавалі сьмешнымі, нават у жорсткіх момантах. А мне думаецца, што гэта ўсё ж больш трылер і драма.

Мы намагаліся зрабіць так, каб глядач змог знайсьці для сябе і сьмешнае, і страшнае, і цікавае, і захапляльнае.

Хаця мне вельмі падабаецца „беларуская рэальнасьць“ — клясны тэрмін, трэба ўзяць на ўзбраеньне. Калі здымалі „Працэсы“, слоганам было іншае слова на літару „П“, з зорачкай», — усьміхаецца Кашперскі.

Ці можа так здарыцца, што «Працэсамі» зацікавіцца Netflix (амэрыканскі стрымінгавы сэрвіс. — РС) і набудзе яго? Актор і суаўтар «Працэсаў» Міхаіл Зуй сьціпла адказаў, што гэта пытаньне, хутчэй, для Netflix.

«Хаця „Працэсы“, на шчасьце, здымала вельмі клясная прафэсійная каманда, і паводле тэхнічных патрабаваньняў, мне здаецца, наш сэрыял падыходзіць для любых стрымінгавых плятформаў. Невядома, ці зацікавіць іх зьмест. Але досьвед розных фэстываляў паказвае, што ўсё можа быць. Напрыклад, фільм „Ператрымка“ на фэстывалі „Fantastic Fest“ у ЗША заняў другое месца.

Мы былі б рады, вядома, трапіць на Netflix ці на якую-небудзь папулярную стрымінгавую пляцоўку сусьветнага ўзроўню», — прызнаецца Міхаіл Зуй.

Cэрыял «Працэсы». Сэрыя «Прысьнілася». Андрэй Кашперскі і Данііл Гаёў
Cэрыял «Працэсы». Сэрыя «Прысьнілася». Андрэй Кашперскі і Данііл Гаёў

«Сэрыял не праігнаравалі, яго заўважылі. Гэта посьпех»

Кінакрытык Тарас Тарналіцкі называе «Працэсы» пасьпяховым праектам, бо каля 3 мільёнаў праглядаў за такі кароткі тэрмін — гэта паказчык. Тым больш што выйшаў сэрыял ня ў самы лепшы час — перад каляднымі сьвятамі.

«Для прагляду ў сьвяты фільм ня вельмі пасуе. Да таго ж „Працэсы“ трапілі пад хвалю расейскага сэрыялу „Слова пацана“, які пачалі абмяркоўваць з пачатку лістапада. Але пры ўсіх гэтых нэгатыўных чыньніках я чуў цалкам палярныя меркаваньні: камусьці зусім не спадабалася, хтосьці не зразумеў гумару, хтосьці зразумеў, але сказаў, што гэта занадта рэалістычна. Мне здаецца, што гэта важны складнік пасьпяховасьці — сэрыял не праігнаравалі, яго заўважылі. Гэта посьпех», — так ацаніў сэрыял кінакрытык.

Cэрыял «Працэсы». Фільм першы — «Ператрымка». Андрэй Кашперскі і акторы
Cэрыял «Працэсы». Фільм першы — «Ператрымка». Андрэй Кашперскі і акторы

Аднак, на яго думку, «Працэсы» крыху спазьніліся — у сэнсе адлюстраваньня падзей, што адбываюцца ў Беларусі.

«Абсурд вітае ў паветры, і яго трэба было неяк адлюстраваць.

Адзіная праблема — рэчаіснасьць і навінавы парадак дня ідуць хутчэй, чым творчы працэс і палёт фантазіі ў аўтараў. Тое, што яны напрыдумлялі, ужо адбываецца! Тая ж апошняя гісторыя пра маці, якая шукае сына, што пайшоў на вайну, а яе пераконваюць, што сына не існуе. Гэта ўжо не фантасмагорыя, гэта ўжо рэчаіснасьць.

На мой погляд, праблема сэрыялу ў тым, што ён крыху спазьніўся — у сэнсе адлюстраваньня падзей. Жыцьцё апярэджвае», — кажа кажа кінакрытык.

Што да змаганьня ў папулярнасьці са «Словам пацана», на думку Тараса Тарналіцкага, гэта не зусім карэктна. Бо эстэтыка і тэма вулічных разбораў цяпер папулярная ва ўсім сьвеце.

«„Слова пацана“ — якасна зроблены сэрыял. Рэалістычны. Колькі яго піярылі, колькі грошай увалілі! „Працэсам“ цяжка зь ім цягацца — гэта розныя вагавыя катэгорыі. Але „Працэсы“ вартыя ўвагі і вартыя абмеркаваньня», — дадае кінакрытык.

Тарас Тарналіцкі не выключае такой магчымасьці, што сэрыялам «Працэсы» можа зацікавіцца і Netflix, і іншыя стрымінгавыя сэрвісы.

«Праект цалкам забаўляльны, ён можа працаваць і як рэфлексія на тое, што адбываецца ў Беларусі, а можа выглядаць як жанравы сэрыял абсурднай рэчаіснасьці, якая існуе ва Ўсходняй Эўропе. Пад такім соўсам яго можна прадаваць пляцоўкам для дэманстрацыі. Мне думаецца, сэрыял мог бы трапіць у бібліятэку любога онлайн кінатэатру і быць запатрабаваным для вечаровага прагляду», — мяркуе кінакрытык Тарас Тарналіцкі.

Асобныя сэрыі «Працэсаў» ўжо былі прадстаўленыя на міжнародных кінафэстывалях у Эстоніі, Польшчы і ЗША. Першая сэрыя «Ператрымка» ўзяла ўзнагароды на фэстывалях «Паўночнае зьзяньне» і «Fantastic Fest» (тэхаскі кінафэстываль жанравага кіно, адзін з сузаснавальнікаў якога Элайджа Вуд). У гэтым месяцы «Працэсы» будуць прадстаўленыя на прэстыжным Лёнданскім фэстывалі кароткамэтражнага кіно.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG