Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Топ-10 важных падзей, які чакаюцца ў Беларусі ў 2024 годзе


На Будслаўскім фэсьце ў 2021 годзе. Такі ж фэст чакаецца ў Беларусі і ў 2024 годзе
На Будслаўскім фэсьце ў 2021 годзе. Такі ж фэст чакаецца ў Беларусі і ў 2024 годзе

Сабралі інфармацыю пра важныя і адметныя падзеі 2024 году для беларусаў.

Усебеларускі народны сход

У Беларусі ў 2024 годзе зьявіцца новы канстытуцыйны орган, фармальна зацьверджаны на рэфэрэндуме летась. Замест ранейшых пэрыядычных зьездаў, якія насілі перадвыбарчы характар для Лукашэнкі, цяперашні «сход» стане цэлым палітычным органам, які павінен вызначаць палітыку дзяржавы. Больш за тое — УНС, на думку Аляксандра Лукашэнкі, створыць «падмурак беларускай нацыянальнай дзяржаўнасьці».

Пра традыцыі беларускай дзяржаўнасьці часоў Полацкага княства, ВКЛ, Рэчы Паспалітай, БНР Лукашэнка ня згадваў.

Выступаючы на УНС у лютым 2021 году, Лукашэнка запэўніваў, што балятавацца на новы тэрмін не плянуе. «Гэта буду ня я! Будзе іншы кіраўнік дзяржавы», — заявіў ён. Таксама прагучала шматзначная фраза: «У якой ролі будзе цяперашні прэзыдэнт пасьля адыходу ад улады, час пакажа».

«Усебеларускі народны сход» будзе ператвораны ў амаль што галоўны дзяржаўны інстытут, да якога павінна перайсьці значная частка паўнамоцтваў ад прэзыдэнта і парлямэнту. Такія перамены замацаваныя ў новай Канстытуцыі. Аналітыкі лічаць, што Лукашэнка, праўдападобна, намеціў для сябе пасаду старшыні УНС.

Пасяджэньні УНС маюць праводзіцца не радзей як адзін раз на год, склад яго абмежаваны 1200 дэлегатамі. Усебеларускі народны сход — нявыбарны орган, яго дэлегатаў прызначаюць. Адпаведна, чакаецца, што трапяць туды толькі ляяльныя рэжыму людзі.

Адзіны дзень галасаваньня

25 лютага ў Беларусі ўпершыню пройдзе «Адзіны дзень галасаваньня». На ім будуць галасаваць за дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і мясцовых саветаў. Перадвыбарная агітацыя дазволеная з 31 студзеня па 24 лютага. Датэрміновае галасаваньне працягнецца з 20 па 24 лютага. Пратаколы з камісій павінны паступіць у ЦВК не пазьней за 29 лютага.

Кампанія праходзіць паводле новых правілаў. Напрыклад, улады ўтойваюць зьвесткі пра выбарчыя камісіі. У іх працу залучаныя 70 тысяч чалавек.

Сярод патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў — пераважна дзейныя чыноўнікі альбо кіраўнікі дзяржаўных прадпрыемстваў.

Прадстаўнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», якая ладзіцца Праваабарончым цэнтрам «Вясна» і Беларускім Хэльсынскім камітэтам з 2008 году, а таксама яе экспэрт Павал Сапелка падкрэсьлілі, што ў сувязі з рэпрэсіўнымі рызыкамі будзе працаваць экспэртная місія, а не «клясычнае» назіраньне, якое ажыцьцяўлялася падчас ранейшых кампаній.

Палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч лічыць, што Лукашэнка разглядае выбары як «ваенную апэрацыю». Ён упэўнены, што абсалютная большасьць як сярод прыхільнікаў, так і сярод праціўнікаў Лукашэнкі разумее, што ў сёньняшніх умовах гэта суцэльная імітацыя. Сапелка лічыць, што нават «імітацыяй» цяперашнюю кампанію назваць складана, гэта больш адносіцца да ранейшых выбараў.

Выбары ў Каардынацыйную Раду

Каардынацыйная рада — палітычная арганізацыя, якая паўстала падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. Яе арганізатараў Максіма Знака і Марыю Калесьнікаву ўлады адправілі ў турму, пачалі перасьледаваць іншых удзельнікаў, у выніку чаго цяпер КР дзейнічае на эміграцыі. Новы склад Каардынацыйнай рады будуць абіраць на два гады. У ім будзе 120 чалавек, зь якіх 8 цяпер за кратамі.

Вырашана, што абіраць дэлегатаў Каардынацыйнай рады змогуць усе грамадзяне Беларусі з дапамогай электроннага галасаваньня, якое пройдзе на пачатку сакавіка. Неўзабаве мае зьявіцца асобная Цэнтральная выбарчая камісія для правядзеньня выбараў у Каардынацыйную раду. Агітацыйная кампанія пачнецца ў лютым 2024 году.

Мяркуецца, што людзі ў Беларусі змогуць прагаласаваць на адмысловай плятформе, зарэгістраваўшыся па нумары тэлефона, людзі па-за краінай — па дакумэнце, які сьведчыць асобу. Галасаваньне будзе нечым нагадваць тое, як гэта было зроблена ў плятформе «Голас» у 2020 годзе.

Выбары будуць праводзіць па выбарчых сьпісах. Мінімальная колькасьць кандыдатаў у сьпісе — 10 чалавек. Вызначылі і асобную квоту для жанчын — 40% месцаў, і ў кожнай пяцёрцы кандыдатаў мусяць быць сама меней дзьве жанчыны. 15% (18 чалавек) — квота для прадстаўнікоў арганізацый грамадзянскай супольнасьці.

Кожны выбарнік мае 3 галасы, максымальна можна будзе абраць 3 сьпісы. Прахадны барʼер — 3% ад агульнай колькасьці тых, хто прагаласаваў, і 750 галасоў выбарнікаў для кандыдатаў са сьпісу самавылучэнцаў.

80 гадоў вызваленьня Беларусі ад нацыстаў

3 ліпеня беларуская дзяржава адсьвяткуе Дзень вызваленьня ад нацыстаў. Нямецкія войскі прагнала Чырвоная Армія ў 1944 годзе. Зь цягам часу сьвята стала надзвычай ідэалягізаваным, на ім апанэнтаў Лукашэнкі пачалі адкрыта прыраўноўваць да «фашыстаў і іх памагатых», як і краіны, якія ўводзяць супраць Рэспублікі Беларусь эканамічныя санкцыі.

Генэральная пракуратура на чале з Андрэем Шведам расьсьледуе справу аб «генацыдзе беларускага народу ў гады Вялікай Айчыннай вайны», заяўляючы пра ўсё новыя «факты». Чакаюцца і першыя суды над памерлымі ўжо ўдзельнікамі акупацыі Беларусі ў часе Другой сусьветнай вайны.

Сапраўдных вэтэранаў, якія прайшлі ІІ усясьветную вайну, засталіся адзінкі, дый тыя вельмі старыя, таму хадзіць на парады яны ня могуць.

У сувязі з 80-годзьдзем вызваленьня Беларусі, як і раней пад гэтае сьвята, можа адбыцца амністыя. Раней улады давалі зразумець, што палітвязьням на яе разьлічваць ня варта.

30 гадоў Лукашэнкі ва ўладзе

20 ліпеня. У 1994 годзе 39-гадовы дэпутат, які зрабіў сабе імя на дакладзе аб карупцыі, узышоў на палітычны Алімп. 20 ліпеня таго году Аляксандар Лукашэнка прынёс прысягу на Канстытуцыі як першы прэзыдэнт незалежнай Рэспублікі Беларусь. Ён застаецца адзіным на гэтай пасадзе. Усе наступныя ягоныя выбары не прызнаваліся апазыцыяй і міжнароднай грамадзкасьцю сумленнымі і справядлівымі.

У 2020-м Лукашэнка перажыў самыя маштабныя пратэсты супраць свайго кіраваньня. У выніку маштабных рэпрэсій праз турмы прайшлі тысячы, а дзясяткі тысяч вымушана пакінулі краіну.

Алімпійскія гульні і статус на іх беларусаў

26 ліпеня — 11 жніўня. У сталіцы Францыі Парыжы пройдуць XXXIII Алімпійскія гульні. Беларусь на гэтых Гульнях упершыню ў гісторыі можа выступіць бязь сьцяга і гімна: за саўдзел кіраўніцтва Беларусі ў вайне Расеі супраць Украіны на Менск наклалі санкцыі. Міжнародны алімпійскі камітэт пазьней дазволіў спартоўцам выступаць у нэўтральным статусе, аднак канчатковае рашэньне пакінуў за фэдэрацыямі ў відах спорту, і многія зь іх забаранілі беларускім атлетам усякі ўдзел у спаборніцтвах.

Варта адзначыць, што на Юнацкіх Алімпійскіх гульнях, якія ў лютым прыме Паўднёвая Карэя, беларусаў ня будзе нават у нэўтральным статусе — ніхто не прайшоў кваліфікацыйныя спаборніцтвы.

Ціханоўская і канфэрэнцыя «Новая Беларусь»

Жнівень. Дэмакратычныя сілы Беларусі зладзяць другую канфэрэнцыю «Новая Беларусь». Даты і месца пакуль не паведамляюцца.

У 2023 годзе першая такая канфэрэнцыя прайшла ў польскай Варшаве. Зладзілі яе Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада. На канфэрэнцыі адкрыта абмяркоўваліся супольныя дасягненьні і няўдачы дэмакратычных сілаў за апошні час, а таксама далейшыя пляны і бачаньне будучыні Беларусі.

Тады на канфэрэнцыі выступілі 158 прадстаўнікоў трэцяга сэктару і 58 экспэртаў. Запрашэньні на ўдзел адправілі 152 прадстаўнікам палітычных структур, а таксама 7 былым палітвязьням і чальцам сем’яў палітвязьняў.

Сярод тэмаў, якія, як чакаецца, будуць абмяркоўваць на сёлетнім форуме, — рэалізацыя праекту пашпарта Новай Беларусі і намаганьні беларускай дэмакратычнай супольнасьці і міжнародных арганізацый і краін дзеля вызваленьня беларускіх палітычных вязьняў, якіх цяпер у турмах каля 1,5 тысячы.

«Славянскі базар» і Viva Браслаў

Ліпень. Яшчэ некалькі гадоў таму фэстываль у Віцебску прывабліваў музыкаў з розных частак сьвету, на ім выступалі італьянскія, гішпанскія зоркі. Цяпер палітычныя падзеі спрычыніліся да таго, што загалоўныя артысты на фэстывалі — з Расеі.

Па папулярнасьці віцебскі фэстываль можа абысьці буйны фэст Viva Браслаў. Але там іншая музыка, пераважна электронная. У Маладэчне фэстываль песьні і паэзіі, які ладзіцца з 1993 году, скасоўвалі ў 2020-м праз каранавірус, але затым ён працягнуў традыцыю.

Яшчэ ў 2021-м без тлумачэньня прычынаў скасавалі правядзеньне фэстывалю царкоўнай музыкі «Магутны Божа», які ладзіўся раз на два гады ў Магілёве, пачынаючы з 1993 году. Адбылося 23 фэстывалі.

Будслаўскі фэст

Ліпень. Фэст, які з 1992 году ладзіцца ў Будславе, слаўны тым, што дзеля ўдзелу ў ім выходзяць пешыя пілігрымкі з розных гарадоў Беларусі. У 2018 годзе UNESCO ўключыла Будслаўскі фэст у сьпіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва.

Касьцёл у Будславе — помнік позьняга барока, яго архітэктура прызнаная ўнікальнай на землях усёй былой Рэчы Паспалітай. Абраз Будслаўскай Божай Маці — адна з самых значных каталіцкіх сьвятынь, яе шануюць як абаронцу ўсіх беларускіх каталікоў.

Перапынак у пілігрымках, у тым ліку да галоўнага санктуарыя Беларусі, у Будслаў, здарыўся ў 2020 годзе — праз каранавірус. Тады пеша рушылі толькі некалькі нешматлюдных прыватных пілігрымак, ахвотныя арганізоўвалі сабе маршрут самі. У 2021 годзе, калі ў будслаўскай сьвятыні згарэў дах, пілігрымкі ўсё яшчэ не аднавіліся з ранейшай сілай, ішлі ў індывідуальным фармаце, іх было няшмат. Ужо ў 2022-м яны рушылі з розных гарадоў, як і раней. А ў 2023-м колькасьць удзельнікаў фэсту істотна зьменшылася.

Прэмія Ежы Гедройця

Лістапад. Прэмія імя Ежы Гедройця — найбуйнейшая незалежная літаратурная прэмія Беларусі, якая ўручаецца з 2012 году. Яе ляўрэатамі ў розныя сэзоны станавіліся Ўладзімер Някляеў, Віктар Казько, Ігар Бабкоў, Ева Вежнавец.

У 2022-м у конкурсе перамог журналіст Свабоды Сяргей Абламейка з кнігай «Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня. Кніга першая».

Цяпер, праз шматразова згаданыя палітычныя прычыны, уручэньне прэміі адбываецца за мяжой (у 2023-м у Гданьску, Польшча). У сьпіс намінантаў цяпер трапляюць пераважна беларускія эмігранты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG