Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: Мікалаю Аўтуховічу за мінулы год не перадалі ніводнай бандэролі


Мікалай Аўтуховіч. Архіўнае фота
Мікалай Аўтуховіч. Архіўнае фота

Паводле сваякоў палітвязьня, у вязьніцы ён сустракаў ужо дзявяты Новы год.

Мікалаю Аўтуховічу за год так і не перадалі за краты ніводнай бандэролі, хаця паводле закону яму належыць атрымаць ня меней за адну. Пра гэта Свабодзе расказала сваячка былога прадпрымальніка і праваабаронцы, якая пражывае ў Польшчы.

«Загадзя адправілі яму бандэроль зь віншаваньнем і цукеркамі. Разьлічвалі, што яшчэ на Раство атрымае, але ўжо і Новы год, а бандэроль так і не дайшла. Высьветлілася, што гэты пакет нават з пошты не забралі. Праз інтэрнэт сваякі даведаліся, якая прычына. На сайце пошты прачыталі, што ён нібыта адмовіўся атрымліваць. Але ж гэта няпраўда», — перакананая сваячка Мікалая Аўтуховіча.

Паводле жанчыны, 30 сьнежня Мікалай коратка тэлефанаваў некалькім сваякам. Крыніца перадала сэнс размоваў з палітвязьням.

«Усіх павіншаваў з надыходзячым Новым годам. Голас быў бадзёры, сказаў пра сябе, што са здароўем у яго збольшага нармальна. Пра бандэроль сказаў, што яму дазволена адна на год, але дагэтуль нічога не атрымаў: „А сам ад бандэролі ніколі не адмаўляюся“».

З пачатку сьнежня 2020 году Мікалай Аўтуховіч адбывае ўжо трэцяе ў сваім жыцьці зьняволеньне. 7 студзеня яму споўніцца 61 год. Усяго, паводле падлікаў сваякоў, палітвязень адзначыў у вязьніцах 9 навагодніх сьвятаў і 8 дзён нараджэньня. Гэтым разам яму давядзецца сустракаць дзень нараджэньня ў адзіночцы горадзенскай турмы.

«У яго ёсьць магчымасьць крыху грошай траціць у турэмнай краме. Сказаў, што купіў там печыва і цукерак, таму зможа адзначаць сьвяты з салодкім. У нашай сям’і шмат у каго дні нараджэньня прыпадаюць на студзень і пачатак лютага, таму сказаў, што такім чынам адзначыць некалькі запар сьвятаў», — падзялілася суразмоўца.

Паводле выраку Горадзенскага абласнога суду Мікалай Аўтуховіч атрымаў 25 гадоў зьняволеньня і грашовы штраф у 1000 базавых велічынь, а таксама пазбаўленьне званьня прапаршчыка ў адстаўцы. Першыя 5 гадоў зьняволеньня былы прадпрымальнік і праваабаронца мусіць адбыць у турме, астатнія 20 гадоў — у калёніі строгага рэжыму. Суд назваў Аўтуховіча вінаватым паводле 10 артыкулаў Крымінальнага кодэксу, у тым ліку ў стварэньні злачыннай групоўкі і акце тэрарызму. Сваёй віны Мікалай Аўтуховіч не прызнаў, падчас працэсу ён трымаў галадоўку пратэсту. Вярхоўны суд Беларусі ў выніку разгляду апэляцыйнай скаргі Аўтуховіча вызваліў яго ад адбыцьця пакараньня паводле аднаго з абвінавачаньняў, але агульны тэрмін зьняволеньня пакінуў бязь зьменаў.

Беларускія праваабаронцы прызналі Мікалая Аўтуховіча палітвязьнем.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG