Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Украіны ў навагоднім звароце назваў Расею «найбольшай тэрарыстычнай арганізацыяй сьвету»


Уладзімір Зяленскі падчас навагодняга звароту, 31 сьнежня 2023
Уладзімір Зяленскі падчас навагодняга звароту, 31 сьнежня 2023

Зяленскі заклікаў украінцаў жыць паводле правіла «або працуеш, або ваюеш».

Уладзімір Зяленскі падзякаваў усім украінцам, якія адклалі ўсё «на потым», на «пасьля перамогі», а таксама ўсім, хто кажа: «Я працую, і гэта ня подзьвіг, а абавязак. Я ахвярую грошы, і гэта ня подзьвіг, а норма». А таксама тым, хто ведае, што войны не заканчваюцца самі сабой, а іх заканчваюць, а перамогу не атрымліваюць, а здабываюць.

«І дзеля гэтага сёньня трэба жыць паводле правіла: альбо працуеш, альбо ваюеш. Бо супраць нас найбольшая тэрарыстычная арганізацыя ў сьвеце. І відавочна, наколькі больш мы павінны зрабіць, наколькі больш актыўна рабіць, наколькі мацнейшымі павінны быць нашы адзінства і барацьба», — падкрэсьліў прэзыдэнт.

Падчас навагодняга віншаваньня прэзыдэнт Украіны адзначыў, што «Расея баіцца ня столькі ціску міжнародных арганізацый, колькі адзінства ўкраінскага народу».

«Сёньня мы разам сустракаем Новы год. Па нашым часе. А роўна а 12-й гадзіне мы разам прасьпяваем наш гімн, гімн Украіны. Зь любоўю да Ўкраіны. І гэтая любоў мацнейшая за акупацыю. Гэтая любоў да Ўкраіны — тая руховая сіла, якой так баяцца захопнікі. І Крым, і Данбас, і Луганск, і Бярдзянск, і Мелітопаль, і Марыюпаль — гэта ўсё наша — ведайце, ворагі вас насамрэч вельмі баяцца. Не міжнародныя арганізацыі з палітычнымі заклікамі, а ўкраінскага духу ўкраінскага народу, які даказваў, даказвае і будзе даказваць, што мы мацнейшыя. За рабства. Мацнейшыя за ворага. Мацнейшыя за гэтую вайну. Бо мы такі народ», — падкрэсьліў Зяленскі.

Ён зычыў тым, хто вагаецца, «у наступным годзе зрабіць сьмелы выбар», абараняць сваю краіну, працаваць на яе карысьць.

Зяленскі таксама зычыў усім, хто ўжо знайшоў сябе ў агульнай справе, каб «заўсёды былі тыя, хто падставіць вам плячо і не падставіць вас у жыцьці».

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG