Дапаможнік на мове арыгіналу прэзэнтавалі ў лістападзе 2023 году на панэлі па палітзьняволеных, зладжанай Сусьветным кангрэсам свабоды — арганізацыяй, кіраўнікамі якой зьяўляюцца вядомыя праваабаронцы Масіх Алінэджад, Леапольда Лопэз і Гары Каспараў.
Падчас кангрэсу прадстаўніца АПК у сацыяльнай палітыцы Вольга Гарбунова сустрэлася з адказнай за выпуск дапаможніка Ліліян Тынтары і дамовілася аб перакладзе кнігі на беларускую мову.
Вольга Гарбунова распавяла пра значэньне гэтай працы для беларусаў:
«Дапаможнік напісалі вэнэсуэльскія праваабаронцы, якія займаліся вызваленьнем палітвязьняў. Ён выдадзены на розных мовах сьвету – цяпер ёсьць і на беларускай. Неўзабаве наш пераклад будзе дададзены на сайт, дзе апублікаваны пераклады гэтай кнігі на іншыя мовы.
Мы чуем крытыку, што дэмсілы ня маюць адзінай стратэгіі ў вырашэньні праблемы палітзьняволеных. Гэта нядаўна зноў прагучала на публічных слуханьнях у Каардынацыйнай Радзе. Але важна разумець: нам можа дапамагчы міжнародны досьвед, бо Беларусь не адзіная краіна, якая сутыкнулася з гэтым выклікам.
Таму пераклад гэтай кнігі – для ўсіх, хто ўцягнуты ў пошук рашэньня: для праваабаронцаў, палітыкаў, для тых, хто ладзіць мерапрыемствы, інфакампаніі і інш. Ён падштурхне да агульнага разуменьня: што мы можам яшчэ зрабіць, каб наблізіць выхад вязьняў на волю. Так, ключы ад турмаў ня ў нас, але гэта не павінна блякаваць нашы дзеяньні.
Спадзяюся, гэты дапаможнік натхніць людзей далучыцца да барацьбы. Навучыць, як весьці публічную камунікацыю, дамаўляцца, шукаць паплечнікаў», - сказала Вольга Гарбунова.