Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Надзеі Пуціна і страхі Лукашэнкі. Як ажываюць прывіды загінулых імпэрый


Рэджэп Эрдаган, Віктар Орбан, Уладзімір Пуцін, Аляксандар Лукашэнка. Каляж
Рэджэп Эрдаган, Віктар Орбан, Уладзімір Пуцін, Аляксандар Лукашэнка. Каляж

Імпэрыі на эўрапейскім кантыненце даўно зьніклі, але працягваюць уплываць на лёсы краін і народаў, у тым ліку тых, якія імпэрскімі ніколі не былі.

Сьцісла:

  • Для Лукашэнкі і створанага ім дыктатарскага рэжыму новая магчымая авантура Пуціна, пашырэньне агрэсіі на іншыя краіны, шматкроць павялічвае рызыкі: параза Расеі і зрынаньне альбо сыход Пуціна могуць мець для яго драматычныя наступствы.
  • Лёгіка імпэрскіх плянаў Пуціна: калі сам ён мроіць пра аднаўленьне колішняй «вялікай Расеі», то чаму нехта на Захадзе гэтак жа не імкнецца да аднаўленьня «вялікай Польшчы», «вялікай Вугоршчыны» ці «вялікай Румыніі»?
  • Нават распаўшыся, імпэрыі пакідаюць на лініях разлому шматлікія сьляды ў выглядзе разьяднаных чалавечых сувязяў, пакрыўджаных нацый, узаемных крыўдаў і прэтэнзій новых дзяржаў, якія паўсталі на імпэрскіх абломках. І разломы гэтыя захоўваюцца куды даўжэй за кароткае чалавечае жыцьцё.
  • Іншыя сцэнары, апроч паразы пуцінскай Расеі ў вайне з Украінай, адтэрміноўваюць, але не ўстараняюць небясьпекі, якая навісла над многімі народамі і краінамі Эўропы.

У гэтыя апошнія дні і гадзіны 2023 году, пільна ўзіраючыся ў засмужаную далячынь 2024-га, спрабуючы разгледзець няпэўныя размытыя сылюэты і абрысы блізкай будучыні, мы найчасьцей задаём сабе адно галоўнае пытаньне: “Ці скончыцца гэта вайна? І ці не пашырыцца яна на новыя эўрапейскія абсягі?”. Адказы не выглядаюць відавочнымі

Лукашэнку гэтыя пытаньні чамусьці вельмі злуюць і раздражняюць. Многіх уразіла, як агрэсіўна, на мяжы з хамствам, адказаў ён днямі на пытаньне пра сваё стаўленьне да заявы Жузэпа Бурэля пра тое, што Пуцін «вырашыў працягваць вайну да канчатковай перамогі», што Расея заўсёды была імпэрыяй, а не нацыянальнай дзяржавай і, такім чынам, нясе пагрозу сваім суседзям і ўсёй Эўропе.

«Гэта дурасьць. Гэты чалавек дурны проста, — сказаў Лукашэнка. — Ён да палітыкі ня мае ніякага дачыненьня. Калі б ён разумны быў, ён бы падумаў так, па-гаспадарску: нам з Расеяй дай Бог з гэтымі праблемамі разабрацца. Мы што, на гэтыя праблемы наслойваць будзем новыя?... Нам што, да вайны сёньня новай? Нам з гэтай трэба разабрацца. Тым больш зараз, калі сытуацыя складваецца спрыяльная. І ня толькі для нас. Але і для іх, каб ня страціць Украіну».

Да гэтых словаў варта ўважліва прыслухацца. Звычайна Лукашэнка так адказвае, калі зачэпяць балючую для яго тэму і калі зьняпраўджваць з апантаным выглядам яму даводзіцца тое, што ў недалёкай будучыні з высокай верагоднасьцю адбудзецца.

Удадзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка. Менск, 5 сьнежня 2023
Удадзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка. Менск, 5 сьнежня 2023

Напрыклад, з падобнымі ж утрапеньнем і абурэньнем, напорыста і агрэсіўна, ён выкрываў і абвяргаў апублічаныя ў 2021 годзе амэрыканскай выведкай зьвесткі пра сплянаванае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну (з інтэрвію прапагандысту Кісялёву 30 лістапада 2021 году, за тры месяцы да ўварваньня расейскіх войскаў зь беларускай тэрыторыі ў кірунку Кіева):

«Яны на Захадзе прыдумалі сьлізкую ідэю: Расея хоча напасьці на Ўкраіну. Канцэнтруюць фэйк. Ну слухайце, гэта спэцапэрацыя. Сёньня гэта адзін з кірункаў гібрыднай вайны. Фатаграфуюць зусім іншыя тэрыторыі — там, дзе сканцэнтраваныя войскі нашай сумеснай групоўкі, і выдаюць гэта як кулак браняваны супраць Украіны. Гэта ва ўсім сьвеце распаўсюдзілі, каб апраўдаць свае дзеяньні».

Ці згадайма, як катэгарычна Лукашэнка адмаўляў магчымасьць расейскай агрэсіі 5 лютага 2022 году, за два тыдні да ўварваньня, калі ўжо ня мог ня ведаць пра сплянаваную Пуціным вайну: «Зразумела, Украіна ніколі з намі ня будзе ваяваць: гэта вайна працягнецца максымум тры-чатыры дні. Там ня будзе каму супраць нас ваяваць».

Трывожны 2024-ы

Лукашэнку відавочна непакояць і трывожаць пляны Пуціна, пра якія ён, напэўна, ведае больш і лепш за многіх іншых. Таму што асабіста для яго і будучыні выбудаванага ім дыктатарскага рэжыму новая магчымая авантура Пуціна, пашырэньне агрэсіі на іншыя краіны шматкроць павялічвае рызыкі: параза Расеі і зрынаньне альбо сыход Пуціна маглі б мець для яго катастрафічныя наступствы. Куды больш Лукашэнку задаволіў бы статус-кво: зацяжны тлеючы канфлікт без істотнай перавагі ніводнага з бакоў і пасіўны ўдзел у ім Беларусі, накшталт цяперашняга, калі ўласная армія ў вайне ня ўдзельнічае, а расейскія вайсковыя заказы дазваляюць падтрымліваць у неблагім стане эканоміку.

Але Пуцін разважае па-іншаму. У яго іншая лёгіка, іншыя матывы і іншае разуменьне ўласнай гістарычнай місіі. Тут варта зьвярнуць увагу на нядаўні выступ расейскага прэзыдэнта 19 сьнежня на паседжаньні калегіі Мінабароны РФ. Пуцін, апраўдваючы і абгрунтоўваючы агрэсію супраць Украіны, зноў і зноў вяртаецца да гістарычнай тэмы, да таго, як складваліся межы Украіны, якім чынам, «адшчыкваючы» кавалкі ад суседніх дзяржаў, Масква пашырала абсягі Ўкраінскай ССР. Асабліва гэта датычыць многіх заходніх рэгіёнаў, якія сталі ўкраінскімі пасьля Другой сусьветнай вайны:

«Мы ж ведаем, як Украіна іх атрымала. Сталін аддаў пасьля Другой сусьветнай вайны. Аддаў частку польскіх земляў, Львоў і гэтак далей, некалькі абласьцей буйных — там 10 мільёнаў чалавек пражывае. Каб ня крыўдзіць палякаў, кампэнсаваў іхныя страты за кошт Нямеччыны, аддаў усходнія землі Нямеччыны, Данцыгскі калідор, ды і сам Данцыг. Частку адабраў у Румыніі, частку ў Вугоршчыны — усё аддаў туды, ва Ўкраіну».

«І людзі, якія там жывуць, — многія, ва ўсякім разе, я ведаю гэта напэўна, 100 працэнтаў, — яны хочуць вярнуцца на сваю гістарычную радзіму. А тыя краіны, якія страцілі гэтыя тэрыторыі, найперш Польшча, сьпяць і бачаць вярнуць».

«У гэтым сэнсе толькі Расея магла быць гарантам тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны. Не жадаюць — ня трэба. Гісторыя ўсё расставіць на свае месцы. Мы перашкаджаць ня будзем, але свайго не аддамо. Вось што ўсе павінны зразумець — і ва Ўкраіне тыя, хто агрэсіўна настроены ў дачыненьні да Расеі, і ў Эўропе, і ў ЗША. Хочуць дамаўляцца — няхай дамаўляюцца. Але толькі мы будзем гэта рабіць, зыходзячы з нашых інтарэсаў».

У гэтых сьцьвярджэньнях і дапушчэньнях — лёгіка дзеяньняў Пуціна адносна Ўкраіны (дзеяньняў і цяперашніх, і, магчыма, наступных). Маўляў, многія ўсходнеэўрапейскія дзяржавы таксама пакрыўджаныя і абдзеленыя — гэтак сама, як сёньняшняя Расея. І Пуцін нібыта нават зьдзіўлены: яны ж гэтак жа, як і ён, ня могуць не хацець вярнуць страчанае. У іх жа ў свой час забралі на карысьць савецкай Украіны іхныя тэрыторыі на ўсходзе прыкладна так, як і ў Расеі адарвалі Крым ці некаторыя паўднёва-заходнія вобласьці. Чаму нельга сесьці за стол і падзяліць Украіну? Ахвяра слабая. Можна ж дамовіцца і перакроіць ва ўласных інтарэсах эўрапейскую мапу, як гэта ня раз рабілі ў гісторыі папярэднікі...

Імпэрскі рэванш пакрыўджанага аўтакрата

Гэтая лёгіка абапіраецца на дапушчэньне, што ўсе наўкол такія ж, як ён. Што сёньняшнія палітыкі мала чым адрозьніваюцца ад папярэднікаў. І калі ён мроіць пра аднаўленьне колішняй «вялікай Расеі», то чаму нехта не імкнецца да аднаўленьня «вялікай Польшчы», «вялікай Вугоршчыны» ці «вялікай Румыніі»? Тым больш што гістарычныя падставы ў іх нібыта ня меншыя, чым у яго. У Польшчы пасьля вайны на карысьць Украіны сапраўды забралі Львоўшчыну, Валынь і яшчэ некалькі сёньняшніх заходніх украінскіх абласьцей (Цярнопаль, Роўна, Станіславаў). А наўзамен Польшча атрымала былыя нямецкія тэрыторыі — частку Ўсходняй Прусіі, Памэранію і Сылезію. Славаччына І Вугоршчына вымушаныя былі зьмірыцца са стратай Закарпацьця, а ў Румыніі адрэзалі Букавіну і дэльту Дуная.... А калі тамтэйшыя мясцовыя жыхары, як сьцьвярджае Пуцін, «хочуць вярнуцца на сваю гістарычную радзіму», «а тыя краіны, якія страцілі гэтыя тэрыторыі, найперш Польшча, сьпяць і бачаць вярнуць», то чым яны будуць адрозьнівацца ад яго? І чаму б не распачаць новы перадзел Эўропы?

Большасьць сёньняшніх эўрапейскіх лідэраў скаланаецца ад жаху, чуючы пра такія пэрспэктывы. Здавалася б, перажыўшы дзьве сусьветныя вайны, чалавецтва канчаткова пераканалася ў тупіковасьці такога шляху «абароны суайчыньнікаў» і вяртаньня «гістарычнай справядлівасьці». На працягу 80 пасьляваенных гадоў узрушаны сьвет адно толькі і паўтараў: «Ніколі больш», «Пасьляваенныя межы непарушныя». І тут раптам знайшоўся той, хто адважыўся сказаць «А чаму б і не?» і «Можам паўтарыць». Абапіраецца ён пры гэтым нібыта на патаемныя жаданьні мясцовага насельніцтва «вярнуцца на гістарычную радзіму», хоць і гэты тэзіс выглядае вельмі сумнеўным. Напрыклад, у сёньняшняй Львоўскай вобласьці, паводле перапісу 2001 году, палякаў — толькі 0,7% насельніцтва (каля 19 тысяч чалавек); вугорцаў ва ўсім украінскім Закарпацьці — каля 11 адсоткаў. Даўно не існуе ні польскамоўнага Львова, ні вугорскамоўнага Ужгарада, ні нямецкамоўных Данцыга, Кёнігсбэрга і Брэслава. Хто і куды хоча вяртацца? Тым больш што эўрапейскія межы сёньня празрыстыя: едзь куды хочаш і жыві, дзе захочацца.

Яшчэ некалькі дзесяцігодзьдзяў таму нічога падобнага ні ад аднаго палітычнага лідэра, які даражыць сваёй рэпутацыяй, немагчыма было пачуць. Але цяпер, калі расейскія арміі стаяць пад Херсонам і Данецкам, а ракеты з акупаванага Крыму далятаюць да Адэсы і часам нават залятаюць на румынскую тэрыторыю, імпэрскі рэванш пакрыўджаных аўтакратаў і дыктатараў не выглядае такім ужо неймаверным. І ці адзін толькі Пуцін у гэтым пераліку лідэраў патэнцыйнага рэваншу?

Фэномэн Орбана

Ці не адзіны эўрапейскі лідэр, з кім Пуціну сёньня ўдаецца падтрымліваць дыялёг і знаходзіць паразуменьне, — вугорскі прэм’ер-міністар Віктар Орбан. І гэта зусім не выпадкова. Сёньняшняя маленькая 9-мільённая Вугоршчына, на першы погляд, нічым не нагадвае Расею зь ейнымі імпэрскімі прэтэнзіямі і амбіцыямі, хоць, калі зазірнуць у ня надта далёкую гісторыю, агульных рысаў знойдзецца нямала. Цяперашніх вугорцаў складана зразумець, ня ведаючы і не разумеючы, якую драму давялося перажыць іхным продкам стагодзьдзе таму.

Віктар Орбан і Уладзімір Пуцін. Масква, 18 верасьня 2023
Віктар Орбан і Уладзімір Пуцін. Масква, 18 верасьня 2023

Параза ў Першай сусьветнай вайне і распад Аўстра-Вугорскай імпэрыі каштавалі вугорцам значна даражэй, чым іншым эўрапейскім нацыям. Трыянонская дамова, падпісаная паміж Будапэштам і краінамі-пераможцамі 4 чэрвеня 1920 году, азначала для Вугоршчыны страту 72% тэрыторыі і 64% насельніцтва (у тым ліку 3 мільёнаў этнічных вугорцаў, якія апынуліся па-за межамі радзімы). Для вугорцаў гэта стала нацыянальнай трагедыяй, наступствы якой не загаіліся да гэтага часу. Туга па «Вялікай Вугоршчыне», рэваншызм і ірэдэнтызм — ідэі, якія панавалі ў міжваенны пэрыяд, падчас дыктатуры Міклаша Хорці. З нагоды падпісаньня Трыянонскай дамовы ў краіне была абвешчана нацыянальная жалоба, дзяржаўныя сьцягі заставаліся прыспушчанымі да 1938 году. Вучні ў школах штодня перад урокамі чыталі малітву аб узьяднаньні радзімы. У розных канцах краіны былі ўзьведзены «трыянонскія помнікі» як знакі жалобы па страчанай вялікай краіне. Пры Орбане, у сёньняшняй Вугоршчыне, такія помнікі сям-там сталі зьяўляцца зноў. А 4 чэрвеня, пачынаючы з 2010 году, адзначаецца ў краіне як Дзень нацыянальнага адзінства.

Міклаш Хорці і Адольф Гітлер, 1938
Міклаш Хорці і Адольф Гітлер, 1938

Выказваньні, якія час ад часу дазваляе сабе Віктар Орбан, сьведчаць пра тое, што тэма страчаных тэрыторый дагэтуль непакоіць і яго, і вугорскае грамадзтва. Напрыклад, у траўні 2022 году, абгрунтоўваючы адмову далучыцца да эмбарга на расейскую нафту, ён заявіў: «Тыя, хто маюць выхад да мора, могуць дастаўляць нафту танкерамі. Калі б яны не адабралі іх (парты) у нас, у нас таксама быў бы порт». Орбан, відавочна, меў на ўвазе харвацкі порт Рыека, які да Першай сусьветнай належаў Вугоршчыне разам з ладнай часткай узьбярэжжа Адрыятыкі. Выказваньне выклікала дыпляматычны скандал у адносінах з Заграбам, як да таго, на два гады раней, рэзкую рэакцыю Заграба выклікаў вугорскі помнік да 100-годзьдзя Трыянонскай дамовы, на якім была зьмешчана мапа страчаных Вугоршчынай тэрыторый — уключна зь землямі, якія сёньня належаць Харватыі, Аўстрыі, Славеніі, Славакіі, Румыніі і Ўкраіне.

А большасьць вугорцаў тым часам зноў і зноў галасуюць на выбарах за Орбана і ягоную партыю.

Эрдаган і вялікая Асманская імпэрыя

Турэцкая Рэспубліка, якая паўстала сто гадоў таму на руінах колішняй Асманскай імпэрыі, у выніку радыкальных рэформаў Мустафы Кемаля, здавалася, назаўжды разьвіталася са сваёй султанскай імпэрскай мінуўшчынай. Дзесяцігодзьдзямі тут пасьпяхова існавала разьвітая парлямэнцкая рэспубліка, няспынна падтрымліваўся распачаты Атацюркам курс на эўрапеізацыю і лібэралізацыю ўсяго грамадзкага жыцьця, існавала параўнальна свабодная прэса. Краіна пасьля Другой сусьветнай вайны ўступіла ў NATO, а пачынаючы з 60-х гадоў мінулага стагодзьдзя, абвесьціла пра імкненьне паступова далучыцца да эўрапейскай супольнасьці...

Рэджэп Эрдаган і Віктар Орбан. Будапэшт, верасень 2023
Рэджэп Эрдаган і Віктар Орбан. Будапэшт, верасень 2023

Але раптам выявілася, што фантомныя імпэрскія болі і туга па «Вялікай Турэччыне» і тут нікуды не падзеліся, нягледзячы на тое, што пасьля распаду Порты мінула амаль стагодзьдзе і зьмяніліся многія пакаленьні. Варта было дваццаць гадоў таму зьявіцца на палітычным небасхіле Рэджэпу Таіпу Эрдагану і агучыць адпаведныя лёзунгі «ўставаньня з каленяў» і вяртаньня былой велічы, і вялікі турэцкі карабель пачаў рэзка мяняць курс. Амаль усе краіны, якія калісьці ўваходзілі ў Асманскую імпэрыю, як выявілася, сёньняшняя Анкара лічыць сваёй зонай уплыву. І актыўна ўмешваецца ў іхныя справы — то ў Сырыі, то ў Іраку, то ў іншых рэгіёнах. Сам Эрдаган у шэрагу выпадкаў паводзіць сябе не як дэмакратычна выбраны прэзыдэнт, а як халіф і султан, правадыр ісламскага і цюрскага сьвету. У самой Турэччыне ўжо два дзесяцігодзьдзі заўважны курс на ісламізацыю і адыход ад асноў сьвецкай дзяржавы: узводзяцца шматлікія новыя мячэці, адменена забарона на нашэньне хіджабаў у грамадзкіх месцах, расьце колькасьць школаў для падрыхтоўкі імамаў. Урэшце, краіна перастала быць парлямэнцкай рэспублікай, Эрдаган стаў паўнаўладным аўтарытарным кіраўніком і ня надта хавае, што прэтэндуе на ролю лідэра «цюрскага Эўразьвязу» (Турана), спрабуючы аб’яднаць вакол сябе цюрскія дзяржавы — Азэрбайджан, Казахстан, Узбэкістан, Кіргізстан, Туркмэністан...

Мустафа Кемаль ( у цэнтры), 1915
Мустафа Кемаль ( у цэнтры), 1915

Гэта толькі здавалася, што імпэрыі бясьсьледна і назаўсёды распаліся і іхны час беззваротна мінуў. Насамрэч, як выявілася, гэта вельмі доўгі, расьцягнуты ў часе працэс, які, выглядае, не завяршыўся ні ў 1918-м, ні ў 1945-м, а дагэтуль працягваецца — на вачах і пры ўдзеле цяперашніх пакаленьняў, якім адзін час памылкова мроілася, што эўрапейскі кантынэнт канчаткова пазбавіўся ад дыктатараў, апанаваных ідэямі перадзелу сьвету. Прыцягненьне імпэрый аказалася куды больш даўгавечным і трывалым, чым іхнае фармальнае існаваньне. Нават распаўшыся, яны пакідаюць на лініях разлому шматлікія сьляды ў выглядзе разьяднаных чалавечых сувязяў, пакрыўджаных нацый, узаемных крыўдаў і прэтэнзій новых дзяржаў, якія паўсталі на імпэрскіх абломках. І разломы гэтыя захоўваюцца куды даўжэй за кароткае жыцьцё аднаго ці двух пакаленьняў. Нацыяналістычныя і рэваншысцкія лёзунгі, як выяўляецца, у месцах такіх разломаў трапляюць і прарастаюць у грамадзкай сьвядомасьці, як насеньне пустазельля ва ўгноенай глебе.

Пешка на шахматнай дошцы гісторыі

На вялікай шахматнай дошцы сусьветнай гісторыі Беларусь выглядае дробнай нязначнай фігурай. Зыход усёй вялікай геапалітычнай партыі ад яе мала залежыць: фігуры па шахматных клетках рухаюць іншыя гульцы — магутныя і ўплывовыя. Ёй, як і іншым невялікім эўрапейскім краінам, якія ў розны час зьяўляліся ўскраінамі розных імпэрый (ці то Расейскай, ці Германскай, ці Аўстра-Вугорскай, ці Асманскай) даводзіцца са страхам і непакоем назіраць за гэтымі рухамі вялікіх гульцоў. Нягледзячы на тое, што ўсе імпэрыі нібыта зьніклі з мапы яшчэ ў мінулым стагодзьдзі, для ўсіх раптам стала відавочна: гравітацыя колішніх гігантаў дагэтуль ня зьнікла. Іншыя сцэнары, апроч паразы пуцінскай Расеі, магчыма, адтэрміноўваюць, але не ўстараняюць небясьпекі, якая навісла над многімі народамі і краінамі Эўропы.

І калі Пуцін, апанаваны даўнімі крыўдамі і прагай помсты, тлумачыць матывы сваіх дзеяньняў, амаль для ўсіх суседзяў Расеі гэта гучыць пагрозьлівым папярэджаньнем:

«Вось яны, ужо ля нашага плота, тут тырчаць. І тырчалі. Прыбалтыку забралі, усю Ўсходнюю Эўропу забралі... Проста мы па-іншаму сябе паводзіць ужо не маглі — ці трэба было здаць усё і глядзець, як яны чмякаюць, зьядаючы ўсё запар, наша, спрадвечна расейскае?».

Для Лукашэнкі зыход гэтай гульні значна больш важны, чым для многіх іншых. Правал авантур Пуціна стаў бы і ягоным асабістым крахам. Вось як ён сам сфармуляваў такі сцэнар у першы дзень расейскага ўварваньня ва Ўкраіну — на нарадзе са сваімі сілавікамі 24 лютага 2022 года:

«Уявіце сабе, што заўтра няма Расеі. Пацярпела паразу, крах ды іншае. Вось у гэтым акіяне патанула. У гэты вір каго зацягне першым? Нас ня будзе заўтра імгненна. Заўтра пачнецца атака з усіх бакоў на нас. І ўся вось гэта канструкцыя, якую мы зь ім (Пуціным) выбудоўвалі па саюзнай дзяржаве, наша вось гэтая групоўка тут, беларуская армія плюс заходнія часткі пад Масквой расейскія, — іх ня будзе».

У 2024 годзе такі сцэнар — у залежнасьці ад таго, ці спыніцца Пуцін ва Ўкраіне або дасягне посьпеху і наважыцца працягваць сваю імпэрскую рэканкісту на іншых кірунках — застаецца актуальным.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG