Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: Зьняволенага інваліда Ўладзімера Гундара пазбавілі перадач і спатканьняў


Палітвязень Уладзімер Гундар, архіўнае фота 2016 году
Палітвязень Уладзімер Гундар, архіўнае фота 2016 году

Як і раней, добрыя навіны пра палітвязьня чаргуюцца з дрэннымі.

Інваліда Ўладзімера Гундара, які з кастрычніка адбывае пакараньне ў «крытай турме» № 4 у Магілёве, на год пазбавілі спатканьняў і перадач. Гэта стала вядома ад крыніцы, якая спасылаецца на дакладныя зьвесткі пра Ўладзімера Гундара.

«Да верасьня 2024 году перадачы і спатканьні яму забароненыя. Маюць даходзіць толькі лісты і мэдычныя бандэролі», — паведаміла крыніца.

Пры гэтым стала вядома, што Ўладзімеру Гундару ўдалося вырашыць праблему з мыліцамі, і ён цяпер можа нармальна выходзіць на прагулкі.

«Ён атрымаў адмысловыя гумовыя накладкі на мыліцы. Цяпер з прагулкамі ўсё нібыта добра», — расказала крыніца.

Раней ад Гундара прыходзіла інфармацыя, што ў яго знасіліся наканечнікі мыліц і праз гэта ён ня мог выходзіць на прагулкі.

Краязнаўца з Баранавічаў Уладзімер Гундар, фігурант справы аб тэрарызьме, як і Мікалай Аўтуховіч, асуджаны на 20 гадоў зьняволеньня паводле шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Сёлета ўжо ў калёніі над палітвязьнем адбыўся суд, паводле якога Ўладзімера Гундара на тры гады перавялі з Бабруйскай калёніі ў крытую турму № 4. Сваёй віны Гундар не прызнаў, беларускія праваабаронцы назвалі яго палітычным вязьнем.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG