Новы альбом — супольныя боль, любоў і надзея беларусаў, выказаныя ў вершах і музыцы.
«Калі чалавеку здаецца, што ён можа быць убаку ад тэмы палітзьняволеных, то яму гэта насамрэч здаецца, бо ніхто не застрахаваны ад такога лёсу. Ёсьць безьліч прыкладаў, калі „людзі не цікавіліся палітыкай“, а палітыка зацікавілася імі сама. Таму лепш адразу зразумець, у якой рэчаіснасьці мы знаходзімся. Зараз трэба рабіць усё магчымае, каб гэты пэрыяд як мага хутчэй скончыўся: усе бязьвінна асуджаныя выйшлі на волю, а тыя, хто аддаваў і выконваў злачынныя загады, занялі тое пачэснае мейсца, якое ім належыць — на лаве падсудных», — сказаў Лявон Вольскі.
Альбом можна слухаць на 6 папулярных пляцоўках. У ім 12 песень-лістоў. Твор «Чакай мяне», на які зьняты кліп, мае прысьвячэньне ўсім палітзьняволеным.
«Чакай мяне, чакай мяне — і я вярнуся.
Чакай мяне, калі туга цераз край.
Чакай мяне ў радасьці, стоме і скрусе.
Чакай мяне, галоўнае — вельмі чакай...»
Песьня прасьпяваная вуснамі палітзьняволеных. У відэа зьнялі 31 беларуса зь ліку палітвязьняў, якія вызваліліся. Сярод іх — Леанід Судаленка, Алег Грузьдзіловіч, Вольга Рытус, Кіра Баярэнка ды іншыя.
Паводле праваабаронцаў, палітвязьняў у краіне каля 1500 чалавек. Аднак неафіцыйная колькасьць ахвяр палітычных рэпрэсій нашмат шырэйшая.
Песьні зь «Лістоў палітвязьням» — пік аднайменнага грамадзка-палітычнага праекту, што ў верасьні 2023 году распачалі гурт VOLSKI сумесна з ініцыятывамі Палітвязынка і Dissidentby.
У салідарнасьці, кажуць аўтары праекту «Лісты палітвязьням», найбольшая сіла беларусаў.