Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская опэра «Дзікае паляваньне караля Стаха» зьявілася на YouTube. Яе можна паглядзець толькі ў гэтыя выходныя


На ютуб-канале Беларускага свабоднага тэатра ўвечары 22 сьнежня зьявілася опэра «Дзікае паляваньне Карала Стаха».

Відэа будзе даступнае толькі тры дні: 22, 23 і 24 сьнежня.

Сусьветная прэм’ера спэктакля Беларускага свабоднага тэатру «Дзікае паляваньне караля Стаха» паводле аднайменнага раману Ўладзімера Караткевіча прайшла сёлета 16 верасьня ў прэстыжным лёнданскім тэатры «Барбікан».

Кампазытарка — Вольга Падгайская, дырыгент — Віталь Алексяёнак, аўтар лібрэта — Андрэй Хадановіч, рэжысэры — Натальля Каляда і Мікалай Халезін.

У опэры граюць акторы, опэрныя выканаўцы і музыканты зь Беларусі і Ўкраіны, а сама пастаноўка ідзе на беларускай мове з ангельскімі субтытрамі.

Culture Whisper унёс опэру «Дзікае паляваньне караля Стаха» ў сьпіс найлепшых спэктакляў верасьня 2023 году ў Лёндане.

У чэрвені 2023 году заснавальнікі беларускага «Свабоднага тэатру» Мікалай Халезін і Натальля Каляда атрымалі ўзнагароды караля Вялікай Брытаніі. Ім далі званьні членаў Ордэна Брытанскай імпэрыі (MBE) за заслугі перад тэатрам.

Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG